Кіраўнік cаюза ветэранаў ВАВ патрабуе закрыць сайт «Беларускі партызан»
26.02.2010
—
Новости Политики
Прапануем тэкст ліста цалкам:
«Мы, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Менскай вобласці, глыбока абураныя блюзнерскім выкарыстаннем у назве недзяржаўнага электроннага СМІ святых для нас словаў «Беларускі партызан» (інтэрнэт-сайт www.belaruspartisan.org).
У гады Вялікай Айчыннай вайны Меншчына стала адным з першых цэнтраў арганізацыі ўсенароднай партызанскай барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў і іх хаўруснікаў. У розны час у перыяд акупацыі на тэрыторыі вобласці дзейнічалі 3 партызанскія злучэнні, 45 партызанскіх брыгадаў, якія аб'ядноўвалі 213 атрадаў. Агульная колькасць партызанаў Меншчыны дасягала 55 тысячаў чалавек.
На барацьбу з агрэсарам узняўся і стары і малы. Ні ўдзень, ні ўначы не было супакою акупантам. Пад іх нагамі ў прамым сэнсе гарэла зямля, руіны беларускіх гарадоў і сёлаў стралялі ва ўпор.
На вялікі жаль, асобныя людзі працягваюць спрабаваць перапісаць гісторыю Вялікай Перамогі. Пераследуючы гэткія невысакародныя мэты, гэтыя людзі не лічацца з тым коштам, які мы і нашыя паплечнікі аддалі ў імя жыцця цяперашняга пакалення ў свабоднай, незалежнай краіне.
Выкарыстанне ў назве сайта словазлучэння «Беларускі партызан» абражае ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны тым, што правакацыйныя матэрыялы, якія размяшчаюцца ў Інтэрнэце пад гэтым загалоўкам, носяць яскрава выражаны, прадузяты, адкрыта антыбеларускі характар. Інфармацыя, якая тут публікуецца, часцяком з'яўляецца хлуснёй, падзеі і факты з жыцця нашай рэспублікі, якія асвятляюцца, бессаромна скажаюцца. Рэдакцыя гэтага СМІ дае трыбуну так званым «незалежным палітыкам» і «экспертам», якія жывуць побач з намі на беларускай зямлі і пры гэтым не саромеюцца абліваць брудам народ Беларусі, яго кіраўніцтва, свядома ігнаруюць поспехі, дасягнутыя за гады існавання Рэспублікі Беларусь, і ставяць знак роўнасці паміж словамі «партызан» і «апазіцыянер».
Сёлета чалавецтва адзначае 65-годдзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэты юбілейны год мы асабліва адчуваем клопат дзяржавы. Заклікаем грамадскасць выказацца ў падтрымку нашай пазіцыі».
«Я не хачу ўступаць з палеміку з паважанымі ветэранамі. У гады вайны мая прабабуля была сувязной партызанскага атрада і захоўвала дома сцяг дывізіі Чырвонай арміі. Яе здала паліцаям суседка. Прабабулю павесілі фашысты, і яе імем названая вуліца ў горадзе Асіповічы. Яе сын Мікалай - мой дзед - быў байцом партызанскага атрада. Мой другі дзед Станіслаў, афіцэр Чырвонай арміі, прайшоў праз канцлагер, збег, таксама партызаніў. На жаль, іх даўно няма з намі. Я вельмі люблю сваіх дзядоў і часта ўзгадваю іх добрыя вочы і мудрыя парады. Сапраўдных ветэранаў засталося мала, пра іх трэба клапаціцца, таму спадара А.І. Слабаду я вельмі прашу не нервавацца і паберагчы здароўе, таму што ў беларускай дзяржаве хапае больш важных праблемаў, чым вайна супраць сайта «Беларускі партызан», - так пракаментаваў ліст ветэранаў вядомы журналіст, адзін са стваральнікаў сайта Павал Шарамет.
Ён лічыць, што ліст ветэранаў - не выпадковасць. Гэта, вядома, нагадвае нядаўні скандал у Маскве з закрыццём кавярні «Антысавецкая», але карані ў гэтай гісторыі іншыя.
Цяпер засталося пачакаць, калі падцягнуць цяжкую артылерыю ў выглядзе міліцэйскіх аблаваў, спецаперацыяў КДБ і іншых спецмерапрыемстваў. Відавочна, што ўлады сур'ёзна рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца, лічыць Шарамет.