"Гэта ня толькі пытаньне польскай меншасьці, але і правоў чалавека"
Ганна Соўсь: Спадар Алесь, раскажыце, калі ласка, як праходзілі дэбаты?
Алесь Лагвінец: Спачатку было толькі абмеркаваньне. Там прысутнчалі ня толькі эўрапейскія дэпутаты, але таксама прадстаўнікі Рады міністраў ЭЗ, у прыватнасьці міністар па эўрапейскіх справах Гішпаніі, якая старшынюе цяпер, ды іншыя. Што вельмі важна адзначыць, што з усіх бакоў казалася пра пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Увогуле абмеркаваньне называлася "сытуацыя з грамадзянскай супольнасьцю і правамі меншасьцяў у Беларусі". У дадзеным выпадку як раз вельмі добра было прадэманстравана, што гэта ня толькі пытаньне польскай меншасьці, якое ў нечым паслужыла каталізатарам большай ўвагі да таго, што адбываецца ўнутры Беларусі, але ўвогуле тое, што апошнім часам сытуацыя з асноўнымі правамі чалавека дзесьці з сярэдзіны 2009 году пагоршылася.
Соўсь: Рэзалюцыя па Беларусі не прынятая, яе прыняцьце перанесьці на сакавік пасьля візыту эўрапарлямэнтароў у Менск. Як мяркуеце, чаму? І чаго можна чакаць ад гэтай рэзалюцыі?
Лагвінец: Рэзалюцыі -- гэта дакумэнты, якія мусяць адлюстроўваць пазыцыю, але таксама гэта рэч, якая паказвае ўвагу і яшчэ раз нагадвае беларускім ўладам, што тое, у які бок яны зараз рухаюцца, зусім не адпавядае стандартам і нават тым пагадненьням, якія беларускія ўлады самі падпісалі . Так атрымалася, што сёньня ў Беларусь выяжджае дэлегацыя Эўрапарлямэнту, і было прынятае рашэньне, што лепш пачакаць, што скажа гэтая дэлегацыя, дзеля таго, каб прыняць дакумэнт, які будзе ацэньваць сытуацыю ў Беларусі напярэдадні красавіцкага перагляду ўсяго комплексу рашэньняў міністраў замежных справаў ЭЗ.
Соўсь: Ці вядомая вам праграма візыту і чаго ад яго чакаеце?
Лагвінец: Дэлегацыя будзе складацца з 4 эўрадэпутатаў. Сустрэчы будуць як на ўзроўні прадстаўнікоў афіцыйных ўладаў, так і з грамадзянскай супольнасьцю. У прыватнасьці будзе сустрэча ў МЗС, з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, але з большага гэта будуць нефармальныя сустрэчы, паколькі Эўрапарлямэнт па-ранейшаму не прызнае Палату прадстаўнікоў як легітымны парлямэнт Беларусі. І таксама будуць сустрэчы з прадстаўнікамі дыпкорпусу і АБСЭ, палітычных партый і грамадзкіх арганізацый у Беларусі. Увесь спэктар прадстаўнікоў Беларусі, якія выкажуць сваё бачаньне, і дэлегацыя потым зробіць справаздачу, якая паслужыць асновай для прыняцьця рэзалюцыі.
Соўсь: Як лічыце, каму патрэбны беларуска-польскі канфлікт і будзе ён разьвязаны з дапамогай
прадстаўнікоў Эўразьвязу?
Лагвінец: Гэты канфлікт хутчэй за ўсё быў патрэбны кансэрватыўным, можна сказаць рэактыўным колам унутры беларускіх уладаў. Я думаю, што беларускія ўлады не чакалі, што гэта будзе не выключна польскае пытаньне, што гэта стане агульнаэўрапейскім пытаньнем і пра гэта вельмі канкрэтна было заяўлена ў Эўразьвязе. Сытуацыя не такая, як была год таму, калі любыя дэклярацыі, любыя дзеяньні Эўразьвязу ніяк не успрымаліся беларускімі ўладамі. Сёньня для беларускіх уладаў вельмі важна мець добрыя адносіны з Эўразьвязам і таму, хочаш ня хочаш, але яны будуць прыслухоўвацца. Тут ў Брусэлі было таксама падкрэсьлена, што гэта залежыць ад беларускіх уладаў, ці яны сапраўды разьвіваюць паўнафарматныя адносіны , выйграюць ад гэтага ўсе, і беларускі народ, і на пэўны час могуць выйграць беларускія ўлады, калі размова ідзе пра больш шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва. Але яно немагчыма, калі не паважаюцца стандарты, якія вельмі важныя для Эўразьвязу.