У сераду-чацвер адбудзецца міні-сесія Еўрапарламента, прысвечаная Беларусі
22.02.2010
—
Новости Политики
Беларуская праблема вярнулася на парадак дня ЕС, пасля таго як беларускія ўлады ўзмацнілі націск на Саюз палякаў Беларусі і незалежнае грамадства. У часе свайго паседжання ў панядзелак у Брусэлі Рада міністраў ЕС мае правесці кансультацыі адносна Беларусі. А ў сераду-чацвер на міні-сесію па беларускім пытанні збярэцца Еўрапарламент (ЕП).
Узяць удзел у ёй запрошаныя старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс і старшыня Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч. Яны вылятаюць у Брусэль у аўторак. Прызначаныя іх сустрэчы з усімі найбуйнейшымі фракцыямі парламента, а таксама са старшынём ЕП Ежы Бузкам. Запланаваная таксама прэс-канферэнцыя.
Міні-сесія Еўрапарламента скончыцца прыняццем рэзалюцыі.
У Брусэлі інтэнсіўна абмяркоўваецца, што рабіць з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі далей. Як стала вядома НН, Мілінкевіч і Борыс будуць мець таксама нефармальныя сустрэчы ў выканаўчым органе ЕС, Еўракамісіі, на ўзроўні еўракамісара.
Анжаліка Борыс — лідэрка незалежнага Саюза палякаў Беларусі.
Ён стаў аб’ектам цкавання. Першая хваля яго прыпала на 2005 годзе, а сёлета, ізноў за год да прэзідэнцкіх выбарах, пачаўся новы накат. Міліцыя заняла Польскі Дом у Івенцы — мястэчку на заходняй Міншчыне.
Аляксандр Мілінкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты і лаўрэат прэміі Еўрапарламента імя Сахарава, быў адным з творцам канцэпцыі пашырэння сувязяў Еўропы з Беларуссю, нягледзячы на аўтарытарнасць рэжыму ў Мінску.
Гэты падыход даў плён у выглядзе адноснай лібералізацыі эканомікі і грамадскага жыцця Беларусі. Дзякуючы пашырэнню сувязяў з ЕС, Мінск аслабіў сваю залежнасць ад Масквы і заняў агульнаеўрапейскую пазіцыю ў пытанні Абхазіі і Асеціі. Аднак далейшае развіццё адносінаў зайшло ў тупік. Эксперты канстатуюць захаванне манаполіі на ўладу ў Беларусі, працяг русіфікацыйнай палітыкі ў сферы ідэнтычнасці і прывілеяваныя пазіцыі расійскага капіталу ў эканоміцы, умацаваныя Мытным саюзам.
Працяг ранейшае палітыкі ЕС пастаўлены пад сумнеў пад ціскам грамадскай думкі Польшчы. Яна настроеная рэзка крытычна пасля апошніх атак на Анжаліку Борыс.
Польшча, між тым, — галоўны творца беларускай палітыкі ЕС. Зрэшты, і іншыя ўплывовыя ў ЕС структуры не бачаць пераменаў у Беларусі. Хрысціянскія дэмакраты, з’яднаныя ў Еўрапейскую народную партыю, былі шакаваны нерэгістрацыяй Беларуская Хрысціянскай Дэмакратыі. Рада Еўропы так і не дачакалася адмены смяротнага пакарання.
У такой сітуацыі ў сталіцы ЕС захацелі пачуць голас беларускай апазіцыі. Увядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі малаімаверна, хоць у Варшаве, у тым ліку ў польскім Сейме, пра іх загаварылі. Аднак агульнае стаўленне да Лукашэнкі на вачах мяняецца.