Насельнiцтва Беларусi ў студзенi прадало валюты на $92 млн больш, чым купiла
Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыняў 12 лютага з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусi Пятра Пракаповiча.
Кiраўнiку дзяржавы быў прадстаўлены даклад аб ходзе выканання Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палiтыкi ў студзенi гэтага года, аб вынiках работы ў 2009 годзе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якiя замацаваны за Нацбанкам.
Паводле ацэнкi кiраўнiка Нацбанка, у цэлым студзень быў вельмi стабiльным у частцы работы банкаўскай сiстэмы краiны i паказаў значна лепшыя вынiкi ў параўнаннi са студзенем мiнулага года. Курс нацыянальнай валюты да карзiны замежных валют за студзень умацаваўся на 0,17 працэнта. Калi на 1 студзеня 2010 года курс склаў Br1036, то на 1 лютага — Br1034. Такая ж сiтуацыя назiраецца i ў лютым.
Вельмi важна, што стабiльнай была i сiтуацыя з цэнамi. Інфляцыя за мiнулы месяц склала 0,8 працэнта, i гэта самы лепшы паказчык па студзеню за апошнiя пяць гадоў. Так, у студзенi 2006 года iнфляцыя склала 1,3 працэнта, а ў мiнулым годзе — 4,1 працэнта.
На валютным рынку Беларусi ў студзенi склалася дадатнае сальда, гэта значыць Нацбанк i камерцыйныя банкi купiлi ў насельнiцтва на $92 млн валюты больш, чым прадалi. У мiнулым годзе назiралася вялiкае адмоўнае сальда, амаль $600 млн, таму гэта значнае паляпшэнне сiтуацыi на валютным рынку.
Што датычыцца ўкладаў насельнiцтва, то за студзень яны выраслi больш як на Br500 млрд, што адпавядае прагнознаму паказчыку на год. Рэсурсная база за студзень павялiчылася на 0,5 працэнта. У цэлым па году прырост рэсурснай базы ў намечаных аб'ёмах будзе забяспечаны.
Кiраўнiк дзяржавы быў праiнфармаваны i па iншых пытаннях рэалiзацыi грашова-крэдытнай палiтыкi. Прэзiдэнт запатрабаваў забяспечыць выкананне асноўных паказчыкаў грашова-крэдытнай палiтыкi ў першым квартале, стабiльную работу банкаўскай сiстэмы ў цэлым па годзе. Пры гэтым ён падкрэслiў неабходнасць звярнуць асаблiвую ўвагу на прырост крэдытавання рэальнага сектара эканомiкi, выйсцi на запланаванае знiжэнне працэнтных ставак па годзе ў межах, закладзеных у Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палiтыкi.
Што датычыцца работы сельгаспрадпрыемстваў, падшэфных Нацыянальнаму банку, то ў складаных умовах мiнулага года яны спрацавалi паспяхова. Так, выручка ад рэалiзацыi тавараў i паслуг за год вырасла на 39 працэнтаў, прыбытак — на 20 працэнтаў, прадукцыйнасць працы — на 21 працэнт. Рэнтабельнасць дзейнасцi склала больш за 17 працэнтаў.
Прэзiдэнт запатрабаваў ад кiраўнiка Нацбанка i ў далейшым звяртаць асаблiвую ўвагу на выкананне гаспадаркамi якасных паказчыкаў работы (прыбытак, рэнтабельнасць, якасць рэалiзуемай прадукцыi).
У цэлым чакаецца, што работа над праграмай развiцця гэтых гаспадарак будзе завершана ў блiжэйшыя два гады. Пасля гэтага Нацбанк плануе пачаць продаж сельгаспрадпрыемстваў замежным або айчынным iнвестарам.
Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.