Аргкамiтэт па падрыхтоўцы Дня беларускага пiсьменства-2010 правёў першае пасяджэнне ў Хойнiках
Учора адбылося першае пасяджэнне нацыянальнага аргкамiтэта па падрыхтоўцы i правядзеннi Дня беларускага пiсьменства ў горадзе Хойнiкi Гомельскай вобласцi 5 верасня 2010 года, перадае БЕЛТА.
Пасяджэнне прайшло пад старшынствам намеснiка прэм'ер-мiнiстра Беларусi Уладзiмiра Патупчыка. У абмеркаваннi па арганiзацыi мерапрыемства таксама прынялi ўдзел мiнiстр iнфармацыi Алег Праляскоўскi, старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, а таксама прадстаўнiкi iншых мiнiстэрстваў.
Паводле слоў Уладзiмiра Патупчыка, свята ў Хойнiках, на радзiме беларускага пiсьменнiка Івана Мележа, будзе адрознiвацца ад падобных мерапрыемстваў, якiя праводзяцца ў iншых райцэнтрах. "Тут ёсць свае ўнiкальныя традыцыi, якiя нам хацелася б захаваць. Наша задача — раскрыць патэнцыял гэтага рэгiёну, паказаць культурныя традыцыi мясцовых жыхароў, зрабiць усё, каб удзельнiкi i госцi свята засталiся задаволеныя", — падкрэслiў ён. Вiцэ-прэм'ер адзначыў, што рэспублiканскае мерапрыемства запатрабуе значных сродкаў на добраўпарадкаванне райцэнтра. Паводле папярэднiх даных, на фiнансаванне трэба больш за Br82 млрд. Напрыклад, неабходна рэканструкцыя сядзiбы ХIХ стагоддзя, гарадскога парку, стадыёна, Дома культуры, аддзяленняў сувязi, банка i iншых сацыяльных аб'ектаў. Акрамя таго, у парадак будуць прыводзiцца сацыяльныя аб'екты i ў вёсцы Глiнiшча — на малой радзiме Iвана Мележа.
На працягу блiжэйшага тыдня па вынiках пасяджэння будуць дапрацаваны даручэннi i план мерапрыемстваў.
Дзень беларускага пiсьменства — нацыянальнае свята i праводзiцца штогод у першую нядзелю верасня ў адпаведнасцi з указам Прэзiдэнта Беларусi ад 26 сакавiка 1998 года № 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях i памятных датах у Рэспублiцы Беларусь". У аснове канцэпцыi Дня беларускага пiсьменства iдэя прапаганды здабыткаў пiсьменства, культуры, пераемнасцi духоўных традыцый Беларусi. Свята дае ўнiкальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, з удзельнiкамi творчага працэсу па стварэннi кнiг, газет, часопiсаў.