Мартынаў: "Мы ня будзем разам з Расеяй”

Источник материала:  
Мартынаў: "Мы ня будзем разам з Расеяй”Пра гэта кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў заявіў венскаму выданьню Der Standard па заканчэньні міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньні бясьпекі ў Мюнхэне.Ён дадаў, што ягоная краіна — надзейны партнэр для Эўропы, аднак яна дазваляе сабе не паддавацца ціску ЭЗ. Беларускі міністар таксама адзначыў, што Беларусь імкнецца “да таго, каб у нашай краіне больш паважалася чалавечая годнасць”.

Гэтак ён пракамэнтаваў выступ свайго нямецкага калегі Гіда Вэстэрвэле на мюнхэнскай канфэрэнцыі. Нямецкі міністар заўважыў, што патрабаваньні ЭЗ да Ірану, каб той паважаў правы чалавека, — “ня ёсьць умяшаньне ва ўнутраныя справы гэтай дзяржавы”. Мартынаў падкрэсьліў, што павага да правоў асобы тычыцца ўсіх краінаў, аднак пры гэтым трэба ўлічваць існаваньне “розных звычаяў, традыцыяў”. Паводле кіраўніка беларускага МЗС, у ягонай краіне імкнуцца больш паважаць правы і свабоды асобы і, напэўна, таго ж хочуць і ў Іране.

На пытаньне аўстрыйскага выданьня, якія высновы Беларусь зрабіла са шматмесячнага нафтавага канфлікту са сваім найбліжэйшым партнэрам — Расеяй, міністар адказаў, што Беларусь “павінна прыкласьці яшчэ больш намаганьняў для ўзмацненьня энэргетычнай бясьпекі краіны”. Размова ідзе пра ўласную АЭС, інвэстыцыі ў гідраэнэргетыку, вугальную энэргетыку, аднаўляльныя крыніцы энэргіі.

Міністар Мартынаў падкрэсьліў, што пэўныя высновы з канфлікту павінны зрабіць і тыя краіны, якія “знаходзяцца з другога боку трубаправоду”: “Рэспубліка Беларусь — вельмі надзейны транзытны партнэр. На працягу вельмі цяжкіх перамоваў мы ніколі не разглядалі нават магчымасьці таго, каб выкарыстоўваць трубаправоды дзеля сваёй карысьці. Гэта эўрапейцам трэба зразумець і прызнаць”.

Standard: “Наколькі гатовыя вы пайсьці насустрач ЭЗ у палітычных рэформах, каб наблізіцца да агульнага рынку і скарыстаць перавагі палітыкі суседзтва?”

Мартынаў: “Мы не павінны блытаць рынкавыя і палітычныя рэформы. Гэта розныя рэчы. Мы гатовыя прысутнічаць на рынку ЭЗ, і я спадзяюся, што палітыка ня стане нам перашкодай. Аднак, што да пытаньня: мы знаходзімся ў стане дыялёгу з Эўразьвязам. І таму вы павінны разумець — сапраўдная палітычная сытуацыя ў Беларусі значна лепшая за тую, якая прадстаўлена ў мэдыях. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленьні ды інтэлектуальная інэртнасьць, якія ня маюць нічога агульнага зь беларускай рэальнасьцю. Кожны, хто прыяжджае ў Беларусь, як правіла, зьдзіўляецца таму, што ён тут бачыць і знаходзіць. Вядома, наша грамадзтва павінна разьвівацца, аднак мы робім гэта ня ў сувязі з патрабаваньнямі ЭЗ”.

Standard: “ЭЗ працягнуў санкцыі супраць Беларусі (галоўным чынам гэта тычыцца паездак высокіх чыноўнікаў) і адначасна прыпыніў іх. Як вы на гэта гледзіце?”

Мартынаў: “Досыць дзіўная сытуацыя для абодвух бакоў. Па-першае, ня мае сэнсу працягваць санкцыі і потым прыпыняць. Па-другое, канчатковы вынік можа быць толькі адмоўны, бо гэта засмучае людзей у Беларусі. Гэта зусім не партнэрскія дачыненьні. 15 гадоў таму яшчэ можна было падарожнічаць бязь візаў паміж Беларусьсю, Польшчай і Літвой. Што мы маем сёньня? У Эўропе існуе новая сьцяна”.

Standard: “Эўропа адзначыла 20-годзьдзе падзеньня сьцяны… Беларусь, аднак, застаецца асаблівым выпадкам. Дзе вы бачыце вашу краіну праз 20 гадоў?”

Мартынаў: “Усе нашы чаканьні вызначае геаграфія. Рэспубліка Беларусь знаходзіцца паміж двума цэнтрамі ўплыву — Эўразьвязам і Расеяй. Выжыць побач з двума гігантамі — заўсёды выпрабаваньне. Мы, найперш, хацелі б выжыць, па-другое — выжыць у росквіце, па-трэцяе — у выдатных стасунках з абодвума бакамі. Мы не зьяўляемся кандыдатамі ў ЭЗ, мы ня будзем разам з Расеяй, мы будзем сувэрэннай дзяржавай паміж гігантамі і мы б хацелі быць важным вінцікам у такой вялізнай машыне, як эўрапейскі кантынэнт”.
←Обрадуется ли Лукашенко победе Януковича?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика