Светлагорск: склад ранейшы, вылучэнне – “па-новаму”

Источник материала:  
Светлагорск: склад ранейшы, вылучэнне – “па-новаму”

Каб укамплектаваць 1/3 частку членаў выбарчай камісіі “ад грамадскіх арганізацый”, у Светлагорскую раённую камісію такім спосабам уключылі нават намесніка старшыні райвыканкама па ідэалогіі.

Сяргей Мяркулаў, намеснік старшыні райвыканкама, на гэты раз уключаны ў раённую выбарчую камісію ад прафсаюза работнікаў дзяржаўных установаў. То бок фармальна – ад грамадскай арганізацыі. Відавочна, што менавіта ён будзе старшынём камісіі – як і на ранейшых выбарах, калі ўключаўся ў яе склад ад Гомельскага аблвыканкама. 

Усяго ў камісіі трое супрацоўнікаў райвыканкама – амаль чвэрць яе складу. Акрамя С. Мяркулава, належныя вынікі будуць забяспечваць загадчык аддзела арганізацыйна-кадравай работы Уладзімір Кукар і намеснік начальніка аддзела ідэалогіі Ала Манкевіч. Яны сярод тых, каго ў камісію вылучылі “грамадзяне шляхам падачы заяваў”.

9 з 13 цяперашніх членаў працавалі ў акруговай і на выбарах  2008 г. (у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу). Некаторыя з іх, што мінулы раз вылучаліся ад працоўнага калектыву ці “шляхам падачы заяваў”, цяпер вылучаны ад афіцыйных прафсаюзаў і ад арганізацыі “Белая Русь”. Так выконваецца  новае папатрабаванне Выбарчага кодэксу аб тым, што не меней 1/3 часткі членаў камісіі павінны быць ад партый ці грамадскіх арганізацый.

Пры гэтым светлагорскія ўлады не ўключылі ў раённую камісію па выбарах Ірыну Сарычаву, прадстаўніцу партыі “Справядлівы свет”. У Светлагорскім раёне гэта была адзіная кандыдатура, вылучаная ў камісію ад палітычнай партыі. Яе кандыдатуру адхілілі органы, якія фарміравалі камісію – Светлагорскі раённы выканаўчы камітэт (старшыня – Максіменка Сяргей Аляксандравіч) і Светлагорскі раённы Савет дэпутатаў (старшыня – Філіповіч Галіна Васільеўна).

Ірына Сарычава ўжо працавала ў акруговай выбарчай камісіі – на выбарах 2008 г. (у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу). Тады яна таксама была вылучана ад сваёй партыі. Чаму яе не ўключылі цяпер? Паводле беларускага заканадаўства, улады не абавязаны даваць тлумачэнне прычынаў. У аднапартыйцаў І. Сарычавай такое меркаванне: раённае кіраўніцтва лічыць, што праз яе дэмакратычная грамадскасць можа даведацца аб парушэннях у выбарчым працэсе.

Такім чынам, у Светлагорскай раённай камісіі няма ніводнага незалежнага ад уладаў прадстаўніка. 1/3 частка камісіі, якая павінна складацца з прадстаўнікоў партый ці грамадскіх арганізацый, укамплектавана вылучэнцамі праўладных арганізацый “Белая Русь”, БРСМ, ветэранскага аб’яднання і афіцыйных прафсаюзаў. Прадстаўнікоў апазіцыі ў складзе камісіі няма.

←В Беларуси создали избирательные участки для украинцев

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика