ПРАВЕРКI ПА ПЛАНУ
Работа Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусi ахоплiвае, бадай што, усе сферы развiцця нашага грамадства. Яго асноўная задача — правядзенне кантрольна-аналiтычных мерапрыемстваў, звязаных з эканамiчнай бяспекай краiны, кантроль за выкананнем даручэнняў кiраўнiка дзяржавы, комплекснае вывучэнне сiтуацыi ў эканомiцы, выяўленне фактаў незаконных фiнансавых аперацый, спыненне дзейнасцi арганiзаваных злачынных груп. Аб тым, як працавала галоўнае кантрольнае ведамства краiны ў 2009 годзе, якiя напрамкi дзейнасцi былi ключавымi, у чым удалося дасягнуць найбольшых вынiкаў, якiя задачы трэба вырашыць у гэтым годзе, расказаў у iнтэрв'ю старшыня Камiтэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць.
— Зянон Кузьмiч, мiнулы год быў няпростым як для эканомiкi краiны, так, напэўна, i для камiтэта. На чым давялося засяродзiць асноўную ўвагу?— Сапраўды, час запатрабаваў ад нас, як i ад усiх iншых, поўнай самааддачы ў рабоце. Неабходна было аператыўна рэагаваць на ўсе праблемы ў эканомiцы. На хаду давялося перабудоўваць работу ў адпаведнасцi з патрабаваннямi ўказаў № 647 i № 689, прынятых у канцы 2008 года. Першы ўказ вызначаў некаторыя напрамкi дзейнасцi КДК, адбылiся карэкцiроўкi ў асноўных задачах i рашэннях камiтэта. Указ № 689 прыпыняў правядзенне праверачных мерапрыемстваў. Некаторыя тады лiчылi, што гэта можа ледзь не паралiзаваць камiтэт, i задаволена пацiралi рукi, чакаючы, што ў нас будуць нейкiя збоi ў рабоце, няўвязкi. Але гэтага не адбылося, наадварот: камiтэт паказаў сваю гатоўнасць працаваць у новых умовах з максiмальнай аддачай. Мы пастаралiся своечасова аптымiзаваць падыходы да метадалогii правядзення кантрольнай дзейнасцi.
І цяпер аб гэтым сведчаць вынiкi нашай работы за 2009 год. Асноўную ўвагу мы звярталi на выкарыстанне бюджэтных сродкаў i дзяржаўнай маёмасцi. Займалiся выяўленнем сiстэмных парушэнняў у эканомiцы. Нядаўна разгледзелi матэрыялы праверкi па аплаце за зямлю, за яе арэнду ў Мiнску. Нi многа, нi мала ў бюджэт Мiнгарвыканкама недапаступiла больш як Br16 млрд. Камiтэт займаўся i пастаянна займаецца пошукамi нявыкарыстаных рэзерваў, а iх у нас нямала.
Асаблiвы напрамак дзейнасцi камiтэта — кантроль за выкананнем даручэнняў кiраўнiка дзяржавы — iх у нас на кантролi больш за 2 тыс. Дэпартамент фiнансавых расследаванняў i дэпартамент фiнансавага манiторынгу займаюцца пытаннямi прафiлактыкi, выяўлення i спынення злачынстваў, у тым лiку карупцыйных. У сувязi з гэтым нам было прыемна даведацца, што па вынiках сацыялагiчных даследаванняў, праведзеных iнфармацыйна-аналiтычным цэнтрам пры Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, 44 працэнты ўдзельнiкаў назвалi Камiтэт дзяржаўнага кантролю найбольш эфектыўнай структурай у краiне, якая змагаецца з карупцыяй. Лiчу, што гэта шмат аб чым сведчыць.— Адна з формаў работы камiтэта — прамыя лiнii з грамадзянамi краiны. Вы не раз гаварылi, што многiх пытанняў, з якiмi людзi звяртаюцца да вас, можна было б пазбегнуць, калi б адказныя кiраўнiкi на месцы ўнiклi своечасова ў сутнасць праблемы i дапамаглi людзям. Тым не менш, вы працягваеце праводзiць такiя прамыя лiнii. Цi не азначае гэта, што чыноўнiкi вас баяцца, таму людзi i разлiчваюць на ваш уплыў i аўтарытэт?
— Мы лiчым, што гэта вельмi добрая форма работы з насельнiцтвам. I яна паказала, што ў людзей сапраўды ёсць жаданне паразмаўляць з супрацоўнiкамi КДК. Прамыя лiнii — таксама вельмi эфектыўны сродак адсочвання сацыяльна-эканамiчнай сiтуацыi ў рэгiёнах. У цэлым камiтэтам у мiнулым годзе праведзена 825 прамых лiнiй. Спроб дазвону на маiх прамых лiнiях было звыш 90 тыс. Гэта аб нечым сведчыць? Я непасрэдна паразмаўляў з 519 абанентамi.
Нашы прамыя лiнii звычайна перасягаюць адведзены час i iншым разам доўжацца па тры гадзiны. Мы бяром пад кантроль усе звароты грамадзян. I тое, што можна вырашыць адразу, робiм. А калi абяцаем вырашыць пытанне праз некаторы час, то абавязкова праверым яго выкананне. Лiчу, за гэта людзi нас i паважаюць, што мы дамагаемся рашэння. А баяцца цi не баяцца? Нас баяцца не трэба. Мы сваю работу выконваем па прынцыпу галоснасцi i адкрытасцi.
— У сувязi з гэтым, напэўна, важна не толькi выявiць i прыцягнуць да адказнасцi, але i папярэдзiць?
— Мы шмат увагi ўдзялялi ў мiнулым годзе папераджальнаму кантролю, у першую чаргу за выкананнем даручэнняў кiраўнiка дзяржавы. У камiтэце i на выязных мерапрыемствах заслухалi справаздачы службовых асобаў. Я настройваю супрацоўнiкаў камiтэта i сам стараюся бываць часцей на месцах. У 2009 годзе прыняў удзел у пасяджэннях 25 абласных, раённых i гарадскiх выканкамаў, наведаў больш за 200 прадпрыемстваў, дзе прайшлi сустрэчы з працоўнымi калектывамi.
Вялiкую ўвагу надаём аналiтычнай рабоце, падагульненням, вывучэнню сiтуацый. Кiраўнiку дзяржавы накiравана 231 дакладная аналiтычная запiска, у тым лiку ў iнiцыятыўным парадку — 85. Мы пастаянна працуем з Адмiнiстрацыяй Прэзiдэнта, з Саветам Мiнiстраў. Так, ва ўрад накiравана 185 аналiтычных дакладных запiсак. Высновы i прапановы камiтэта падтрыманы Прэзiдэнтам i ўрадам i рэалiзаваны ў адпаведных рашэннях, а таксама ў прынятых нарматыўных прававых актах. На пастаянным кантролi трымаем i пытаннi, звязаныя са зваротамi грамадзян i юрыдычных асобаў. У мiнулым годзе супрацоўнiкi камiтэта прынялi 10,8 тыс. грамадзян, разгледзелi больш за 13,7 тыс. пiсьмовых зваротаў.
КДК праводзiць пастаянны кантроль за знiжэннем складскiх запасаў, за папулярызацыяй айчынных тавараў, за мiнiмiзацыяй iмпарту, за выкананнем праграм iмпартазамяшчэння, выяўляе пасрэднiцтва ў гандлёвых аперацыях, аналiзуе прычыны стратных прадпрыемстваў без ведамаснай падпарадкаванасцi, у тым лiку прыватных прадпрыемстваў.
— Якiя вынiкi гэтай работы?
— Вынiкi ёсць, нягледзячы на тое, што мы знiзiлi колькасць праверак на трэць. I вынiковасць, эфектыўнасць iх вышэйшая, чым была ўсе папярэднiя гады. Напрыклад, накладзена адмiнiстрацыйных спагнанняў на суму Br265 млрд, што на 46 працэнтаў больш да ўзроўню папярэдняга года. Калi параўнаць з 2006 годам, то гэта рост у 2,5 раза. Спагнана ў бюджэт Br232 млрд, або 130 працэнтаў да ўзроўню 2008 года i ў 2,1 раза больш, чым у 2006-м. Узбуджана 1283 крымiнальныя справы, 522 крымiнальныя справы перададзены непасрэдна ў суды.
У прыватнасцi, па вынiках праверачных мерапрыемстваў у адной з фiрмаў выявiлi, што там ухiлiлiся ад выплаты падаткаў. У мiнулым годзе гэта фiрма прызнала сваю вiну i ўнесла ў бюджэт дзяржавы Br3,8 млрд. Яшчэ адзiн прыклад: фiрма ў Мiнску таксама прызнала сваю вiну (ухiленне ад выплаты падаткаў) i ўнесла ў бюджэт Br3 млрд. I такiх прыкладаў нямала.
Выяўлены факты нерацыянальнага i неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў пры рэканструкцыi i рэстаўрацыi Нацыянальнага акадэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета, па вынiках праверкi Мiнс- кага метрапалiтэна, па пытаннях выкарыстання водных рэсурсаў у краiне. Былi пытаннi i да ААТ "Мiнскпрамбуд" па будаўнiцтве шматпрофiльнага культурна-спартыўнага комплексу "Мiнск-Арэна". Размова iдзе аб завышэннi кошту выкананых работ на Br4,5 млрд. Па выкарыстаннi бюджэтных сродкаў, выдзеленых на "Мiнск-Арэну", яшчэ будуць праводзiцца дадатковыя праверкi.
КДК удзяляе шмат увагi сiтуацыi на спажывецкiм рынку. I трэба сказаць, у гэтым напрамку ёсць пэўныя зрухi. Калi яшчэ год таму мы шукалi айчынныя тавары i ледзь знаходзiлi iх на нiжнiх палiцах магазiнаў, то сёння яны прадстаўлены ўжо значна шырэй. Гэта непарадак, калi сёння нашы прадпрыемствы вырабляюць добрую i якасную прадукцыю, а яе пакупнiкi не знаходзяць у магазiнах. Таму кантралёры тут вельмi строга спаганялi i будуць спаганяць з суб'ектаў гаспадарання, гандлёвых прадпрыемстваў. I мы будзем дабiвацца канкрэтных вынiкаў у гэтым напрамку.
На гэты год ставiм перад сабой задачу, i я гэтага патрабую ад кожнага супрацоўнiка — працаваць над забеспячэннем выканання прагнозных параметраў сацыяльна-эканамiчнага развiцця ў 2010 годзе i пяцiгодкi ў цэлым. Гэта галоўнае.
— Гэты год Камiтэт дзяржкантролю пачаў сваю работу ў рамках дзеянняў указа № 510 "Аб удасканаленнi кантрольнай (нагляднай) дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь". Фактычна, гэта новыя падыходы ў рабоце кантрольнага ведамства.
— Кантроль за выкананнем указа ўскладзены непасрэдна на камiтэт. Сфармiраваны каардынацыйны план работы на першае паўгоддзе 2010 года. За гэты час будзе праведзена 36,8 тыс. праверак. Цiкавасць да гэтага плана вельмi вялiкая. На сайце камiтэта за месяц да яго звярнулiся больш за 80 тыс. наведвальнiкаў, 60 тыс. карыстальнiкаў скапiравалi гэты дакумент для далейшага аналiзу.
Калi гаварыць пра колькасць праверак фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi, якiя плануецца правесцi ў першым паўгоддзi, то ў прынцыпе iх будзе ў паўтара раза менш, чым у 2008 годзе. Створана сiстэма па ўдасканаленнi кантрольнай дзейнасцi, i камiтэт забяспечыць рэалiзацыю ўказа № 510 у поўным аб'ёме, г.зн. не будзе нiякiх лiшнiх праверак, нiякiх "наездаў". Калi недзе будуць узнiкаць нейкiя праблемы, калi ласка, звяртайцеся ў камiтэт, мы будзем у гэтай справе наводзiць адпаведны парадак.
— У 2009 годзе камiтэт заняўся праблемай разгрузкi складоў. Якiя вынiкi, i цi будзе гэта работа прадоўжана ў гэтым годзе?
— Так, мы пастаянна займаемся вырашэннем праблемы складскiх запасаў. Ёсць станоўчая тэндэнцыя ў гэтай рабоце. Але i шмат праблем яшчэ застаецца. На жаль, часта бывае так, што на складах тавары ёсць, а ў магазiнах такiх няма. Дык хто ў гэтым вiнаваты? Вiнаваты службовыя асобы: намеснiкi старшынь райвыканкамаў, аблвыканкамаў, якiя курыруюць работу гандлю. Напрыклад, такiя факты былi ў Бабруйску, калi на складзе ляжалi малаткi, а ў магазiнах горада iх не маглi знайсцi. Хiба гэта парадак?
— У КДК фактычна наладжана сiстэмная работа па кантролi за выкананнем праграм iмпартазамяшчэння. Вы часта крытыкуеце дзяржаўныя органы за фармальны падыход да яе выканання. Як вы лiчыце, чаго яшчэ ўсё ж такi не хапае, каб мiнiмiзаваць неабгрунтаваны iмпарт?
— Пытаннямi iмпартазамяшчэння павiнен займацца кожны кiраўнiк прадпрыемства. I асаблiва, калi на прадпрыемстве ў камплектацыi прымяняюцца нейкiя iмпартныя дэталi. Сёння гэта тэма вельмi актуальная. Але, на жаль, некаторыя прадпрыемствы прызвычаiлiся iсцi па шляху найменшага супрацiўлення. Iм лягчэй закупiць нейкiя камплектуючыя за мяжой, прывезцi сюды, чым заняцца iх вытворчасцю. Гэтыя пытаннi ў першую чаргу павiнны вырашаць мiнiстэрствы i ведамствы. Я магу прывесцi прыклады, калi на прадпрыемствах аднаго i таго ж мiнiстэрства завозяцца па iмпарце камплектуючыя дэталi, якiя могуць рабiць i робяць на iншых прадпрыемствах. Такiя факты мелi месца ў Мiнпраме.
Таму камiтэт праводзiў i будзе праводзiць пастаянны манiторынг сiтуацыi, звязанай з iмпартазамяшчэннем. Гэта сёння адно з галоўных пытанняў большасцi кiраўнiкоў, якiм з-за вытворчых умоў даводзiцца закупляць нейкiя вырабы за мяжой. Трэба максiмальна iсцi на знiжэнне iмпарту.
Або возьмем наш спажывецкi рынак. Незразумела, чаму да нас завозiцца такая вялiкая колькасць сокаў, пельменяў, iншых харчовых прадуктаў некрытычнага iмпарту, якiя ў дастатковай колькасцi сёння ёсць у рэспублiцы. I трэба адзначыць, што належнага кантролю з боку дзяржорганаў за ўвозам некаторых iмпартных тавараў няма. Асаблiва, калi размова iдзе аб спажывецкiм рынку.
Я часта задаю пытанне некаторым гандлёвым прадпрыемствам: дзе вы ўзялi валюту, каб завезцi тыя ж пельменi з-за мяжы, яны не могуць адказаць. Мы прапануем: калi ласка, зарабляйце валюту i завозьце. Калi вы закупляеце за мяжой прадукцыю, то прапануйце там i нашы тавары. Прывезлi з-за мяжы на 100 долараў, дык знайдзiце магчымасць i вывезцi за мяжу на столькi ж нашай айчыннай прадукцыi. Я вяду размову пра буйныя супермаркеты, у iх такiя магчымасцi ёсць. I ў нас ёсць станоўчыя прыклады ў гэтым напрамку. Але сёння пакуль у нас зарабляюць валюту толькi валаўтваральныя прадпрыемствы, такiя як МАЗ, МТЗ, БелАЗ. Але iх магчымасцi таксама абмежаваныя. I ў iх ёсць праблемы. Таму тэма гэта вельмi актуальная, на жаль. Тут неабходна ўзмацнiць кантроль, аж да прыняцця адмiнiстрацыйных мераў за ўвоз асобных тавараў па iмпарце, якiя ёсць у дастатковай колькасцi ў Беларусi.
— Камiтэту дзяржкантролю даводзiцца шмат разбiрацца i ў будаўнiчых справах, асаблiва пры ўзвядзеннi жылля. Якiя праблемы даводзiцца вырашаць тут?
— Мы разгледзелi некалькi заяў будаўнiчых кааператываў Мiнска i выявiлi парушэннi. У асобных выпадках пасля нашага ўмяшання кошт аднаго квадратнага метра жылля быў зменшаны на 13 працэнтаў, а гэта больш як на Br200 тыс. Будаўнiкi завышалi кошт жылля, былi сур'ёзныя адхiленнi ад дзеючых нарматываў пры праектаваннi жылля. Мы ўмешваемся, правяраем, глядзiм, дзе-нiдзе нават узбуджаюцца крымiнальныя справы. Цяпер мы займаемся адной з фiрмаў, якая яшчэ чатыры гады таму сабрала ў людзей грошы, а будаўнiцтва не вядзе.
— Цi ёсць яшчэ нейкiя новыя напрамкi работы, якiя КДК будзе асвойваць у гэтым годзе?
— Мы пачынаем праверку Дзяржаўнай службы медыцынскiх службовых экспертыз. Да нас звярнулася супрацоўнiца гэтай структуры са скаргай аб парушэннях кiраўнiцтвам службы фiнансавай дысцыплiны, статсправаздачнасцi. Дарэчы, яна раней звярталася ў iншыя органы, але да яе нiхто не прыслухаўся. Яе заяву адпраўлялi непасрэдна яе ж кiраўнiку. Мы правялi папярэднюю праверку i ўжо выявiлi факты злоўжыванняў.
Цяпер па гэтай справе створана рабочая група, мы будзем працаваць далей. Прэзiдэнт падтрымаў нашу прапанову. Мы правядзём комплексную праверку гэтай структуры ў цэлым па краiне.
— У плане кантрольнай дзейнасцi на першае паўгоддзе 2010 года намечана праверка гэтай структуры?
— Не. Негатыўныя факты выяўлены па аператыўнай iнфармацыi, праверка пачата ў сувязi з заявай грамадзянкi, якая абазначыла асобныя парушэннi.
Хачу сказаць, што калi грамадзяне валодаюць iнфармацыяй аб тым, што ў той або iншай установе, структуры дапускаюцца парушэннi, там пераблыталi сваю кiшэню з дзяржаўнай, пiшыце, паведамляйце, але канкрэтна. Проста напiсаць, што нехта дрэнны — так не пойдзе. Павiнны быць факты i чалавек, якi нам iх прадставiць. I калi за канкрэтнымi заявамi стаяць канкрэтныя людзi, будзем прымаць меры. У такiх выпадках мы будзем праводзiць праверкi, незалежна ад таго, ёсць яны ў каардынацыйным плане або няма.
Лiлiя КРАПIВIНА, БЕЛТА.