Дзядкоў паляваў на шпіёнаў, Бусько — на апазыцыянэраў

Источник материала:  
Дзядкоў паляваў на шпіёнаў, Бусько — на апазыцыянэраўАляксандар Лукашэнка зрабіў дзесяць новых прызначэньняў у КДБ. Былы кіраўнік Берасьцейскага КДБ Дзядкоў пайшоў на падвышэньне ў Менск, а на яго пасаду прызначаны малады вылучэнец з Кобрына Ігар Бусько. Чым вызначыліся гэтыя «чэкісты»?
Ігар Бусько, які паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі ўзначаліў управу КДБ па Берасьцейскай вобласьці, да таго кіраваў міжраённай управай КДБ у Кобрыне. Мясцовы актывіст партыі БНФ Аляксандар Мех згадаў, што ў 2008 годзе, падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў Нацыянальнага сходу, менавіта Ігар Бусько патрабаваў, каб ён адмовіўся ад удзелу ў выбарах:

«Гэта ён прыйшоў тады да кіраўніцтва майго прадпрыемства, і яны мне пагражалі, што калі я не здыму сваю кандыдатуру, то мяне звольняць з працы. Канечне, ня проста пад уплывам, а пад ціскам гэтага чалавека я быў звольнены. Гэта быў 2008 год. Дарэчы, тады ён паводзіў сябе больш-менш стрымана, а вось у 2006 годзе, калі мяне затрымалі і везьлі ў КДБ, ён тады сам мне пагражаў».

Новы начальнік берасьцейскага КДБ — 1973 году нараджэньня. Актывіст БНФ Аляксандар Мех мяркуе, што «прызначэньне такіх маладых на такія пасады сьведчыць пра кадравыя праблемы ў КДБ, якія яшчэ неаднойчы выявіцца».

Былы начальнік КДБ Берасьцейскай вобласьці пайшоў на падвышэньне — Леанід Дзядкоў прызначаны намесьнікам старшыні КДБ Беларусі. Рэдактар газэты «Брестский курьер» Мікалай Аляксандраў згадаў, што ў канцы 2009 году мясцовы КДБ склікаў прэсавую канфэрэнцыю, на якой былі агучаныя вынікі працы. Вось, сярод іншага, чым ганарыліся берасьцейскія «чэкісты», паводле Мікалая Аляксандрава:

«За апошнія 3 гады ўправа выкрыла 10 агентаў замежных спэцслужбаў, выяўлена 42 замежныя афіцэры-разьведчыкі і шэраг падкантрольных ім камэрцыйных структураў, якія працавалі, пэўна, па Берасьцейскай вобласьці, выяўлена больш за 10 нашых землякоў, якіх спрабавалі завэрбаваць за мяжой».

Паводле Мікалая Аляксандрава, у вобласьці ціск на апазыцыю не адрозьніваўся ад ціску ў іншых рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і ў Менску. Журналіст згадаў гісторыю мясцовай актывісткі Інгі Абрамчук, якая адбыла 15 сутак арышту толькі за тое, што вывешвала стужкі з сымболікай Эўразьвязу. Нядаўна актывістка паскардзілася ў Камітэт правоў чалавека ААН

***

Раней сёньня кіраўнік Беларусі прызначыў Ігара Бахматава і Леаніда Дзядкова намесьнікамі старшыні КДБ і замяніў кіраўнікоў пяці абласных управаў КДБ.

Начальнікам управы КДБ па Берасьцейскай вобласьці прызначаны Ігар Бусько.

Начальнікам управы КДБ па Гомельскай вобласьці прызначаны Іван Ляскоўскі.

Начальнікам управы КДБ па Гарадзенскай вобласьці прызначаны Іван Корж.

Начальнікам управы КДБ па Магілёўскай вобласьці прызначаны Ігар Сергіенка.

Начальнікам управы КДБ па Менску і Менскай вобласьці прызначаны Ўладзімер Калач.

Начальнікам галоўнай управы котравыведкі КДБ прызначаны Сяргей Шугаеў.

Начальнікам галоўнай управы ўрадавай сувязі КДБ прызначаны Віктар Ярута.

Начальнікам дзяржаўнай установы адукацыі "Інстытут нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь" прызначаны Ігар Кузьняцоў.

←Петкевич: «В Интернете надо ставить заслоны»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика