Ярмошыну не запрасілі на выбары прэзідэнта Украіны
Прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі не паедуць назіральнікамі на прэзідэнцкія выбары ва Украіну. Пра гэта паведміў сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік.
Паводле яго словаў, украінскі ЦВК не запрасіў «калег» з Беларусі. За выбарамі прэзідэнта Украіны будуць назіраць дэпутаты «палаты прадстаўнікоў», якія паедуць у складзе дэлегацыі назіральнікаў ад СНД, паведамляе.Для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў ва Украіну паедзе таксама група назіральнікаў ад беларускіх праваабаронцаў у складзе 50 чалавек. Ладзіць групу назіральнікаў і Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, ад якога паедзе каля 20 чалавек.
Нагадаем, што да прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, якія прызначаныя на 17 студзеня, застаўся ўсяго тыдзень.
Усе выбарчыя кампаніі, якія адбыліся ў Беларусі пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Кіраўніку Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў выбараў забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.