Стартаваў калядны турнiр на прыз Прэзiдэнта
Учора ў Мiнску стартаваў VІ Калядны мiжнародны турнiр аматараў хакея на прыз Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Спаборнiцтвы працягнуцца да 7 студзеня (на Каляды фiналiсты разыграюць галоўны трафей) i пройдуць на дзвюх арэнах — у Палацы спорту i Лядовым палацы. На турнiры выступяць аматарскiя дружыны са Славакii, Фiнляндыi, Расii, Швейцарыi, Украiны, Канады, Германii, а нашу краiну прадставiць каманда Прэзiдэнта. Акрамя кiраўнiка дзяржавы, у яе складзе на лёд выйдуць яго сыны Вiктар i Дзмiтрый, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па хакеi Мiхаiл Захараў, вядомыя хакеiсты Уладзiмiр Копаць, Уладзiмiр Цыплакоў, Алег Хмыль, Алег Раманаў, Сяргей Шыткоўскi. За зборную Канады, напрыклад, сыграюць некалькi былых хакеiстаў-прафесiяналаў, у прыватнасцi, Стэфан Квiнтал i Дэрыл Шэнан, якiя працяглы час выступалi ў НХЛ. Канадцы, дарэчы, раней за астатнiх супернiкаў прыбылi ў Мiнск i заўзята трэнiравалiся. Але больш за ўсiх "зорак" у складзе расiян — Валерый Каменскi, Равiль Гатаулiн, Уладзiмiр Лутчанка, Андрэй Каваленка, Сяргей Гамаляка, а ўзначалiць расiйскую дружыну "Газпрам экспарт" старшыня КХЛ Аляксандр Мядзведзеў.
Уваход на матчы вольны. Сёння ў 16 гадзiн у Палацы спорту згуляюць Швейцарыя i Славакiя, а ў Лядовым палацы — Канада i Фiнляндыя, у 19 гадзiн адбудуцца матчы Украiна — Беларусь (Палац спорту) i Расiя — Германiя (Лядовы палац). Заўтра ў Палацы спорту ў 16 гадзiн згуляюць Украiна i Швейцарыя, а ў 19 гадзiн — Беларусь i Славакiя. У Лядовым палацы ў 16 гадзiн памераюцца сiламi Германiя i Фiнляндыя, у 19 гадзiн на лёд выйдуць дружыны Расii i Канады. 7 студзеня ў 14 гадзiн у Палацы спорту адбудзецца матч за 3-е месца, а ў 18 гадзiн гледачоў чакае фiнальны паядынак.
Алена КРАВЕЦ.