Аляксей Янукевіч: "Ня трэба за людзей вырашаць, што для іх добра"
31.12.2009
—
Новости Политики
У цэлым мы не пачулі нічога новага, аднак некаторыя выказваньні Лукашэнкі падаюцца ўсё ж вельмі дзіўнымі. Перадусім што тычыцца беларускай мовы - гэтае пытаньне яўна ня вырашанае, і гэта відавочна нават для прыхільнікаў цяперашняга прэзыдэнта. Сытуацыя, калі ў краіне няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ, мізэрная колькасьць беларускіх школаў і дзіцячых садкоў, калі шмат хто з чыноўнікаў папросту не валодае беларускай мовай на належным узроўні - гэта яўна сытуацыя дыскрымінацыі беларускай мовы. Прычым дыскрымінацыі на дзяржаўным узроўні.
Што да выказваньняў пра рынак аўтамабіляў у краіне, дык яны выглядаюць на няўдалы жарт. Гэтыя выказваньні нагадваюць найгоршыя ўзоры дубовай савецкай прапаганды. Кожны кіроўца і пасажыр выдатна разумее розьніцу паміж эўрапейскімі, амэрыканскімі ці японскімі аўтамабілямі з аднаго боку і расейскімі зь іншага. Калі людзі гатовыя за свае ўласныя грошы набываць патрыманыя машыны з Эўропы, самае найлепшае, што можа зрабіць кіраўніцтва краіны, гэта не перашкаджаць ім. Відавочна, што ў бачнай будучыні стварэньне ўласнай вытворчасьці легкавікоў маларэальнае. Калі людзі ня хочуць перасаджвацца на расейскія аўто, нельга іх прымушаць. Ня трэба за людзей вырашаць, што для іх добра".