Аляксандр Лукашэнка: расходы на сацыяльную сферу ў 2010 годзе не будуць скарочаны
Напярэдаднi навагоднiх святаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнiкамi цэнтральных i рэгiянальных сродкаў масавай iнфармацыi Беларусi. Прэс-канферэнцыя праходзiла ў прамым эфiры, а ўдзел у ёй праз тэлемасты змаглi ўзяць каля 250 журналiстаў з розных рэгiёнаў краiны. Падчас больш як чатырохгадзiннай гутаркi былi закранутыя пытаннi як вынiкаў няпростага для сусветнай i беларускай эканомiкi года, так i планаў на 2010 год. "Задачы амбiцыйныя, але выканальныя", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка, запрашаючы да шчырай размовы. Менавiта такой яна i атрымалася — свае пытаннi, часам даволi вострыя, змаглi задаць прадстаўнiкi як дзяржаўных, так i недзяржаўных СМІ.
Аб дэвальвацыi
Беларусь змагла засцерагчы народ ад крызiсу, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Я бываў шмат у якiх краiнах у перыяд крызiсу. Я, вядома, не ўпiваюся гэтым, не ганаруся, крызiс закрануў i нас, але там мне кажуць так: "Мы зайздросцiм вашаму народу, паколькi вы змаглi, наколькi гэта магчыма, засцерагчы яго ад гэтага крызiсу, каб ён не адчуў гэты крызiс". Мы старалiся гэта зрабiць. Дрэнна мы зрабiлi цi добра — гiсторыя рассудзiць", — сказаў Прэзiдэнт.
У прыватнасцi, гаворачы аб праведзенай у пачатку 2009 года дэвальвацыi беларускага рубля, кiраўнiк дзяржавы растлумачыў, што гэта было звязана з эканомiкай, з экспартам прадукцыi: "Наша эканомiка адкрытая, экспарта- арыентаваная, таму мы iншай палiтыкi не маглi дапусцiць. Я вымушаны быў iсцi на гэта, паколькi тады гэта было аб'ектыўна, каб не загнаць сябе ў кут".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знiжэнне курсу беларускага рубля ў пачатку 2009 года было абумоўлена выключна аб'ектыўнымi прычынамi. "Не ў нас гэта прычына, не ў нашай плоскасцi ляжалi прычыны дэвальвацыi нацыянальнай валюты. Гэта пытанне абсалютна аб'ектыўнага развiцця сiтуацыi ў 2009 годзе, — падкрэслiў ён. — Пачалося гэта яшчэ ў сярэдзiне 2008 года, калi даў аб сабе знаць сусветны фiнансавы крызiс. Затым ён прыйшоў да нас. Мы, скажу шчыра, нават спазнiлiся з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. Гэта трэба было зрабiць у канцы 2008 года"."Мы абяцалi людзям у 2008 годзе адпаведны калiдор, i мы ўтрымалiся ў гэтым калiдоры. Мы маглi б, напэўна, i не дэвальваваць нацыянальную валюту, але сёння мы не гаварылi б аб прыкладна пяцiмiльярдным золатавалютным запасе", — дадаў кiраўнiк дзяржавы. Расiйская Федэрацыя да гэтага часу мела дэвальвацыю ўжо 25 працэнтаў або нават больш. Гэта адбывалася i ў iншых краiнах.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Мiжнародныя фiнансавыя арганiзацыi нам гэта таксама рэкамендавалi. Але калi хтосьцi лiчыць, што Лукашэнку нехта нешта прадыктаваў, у тым лiку i МВФ, то гэта проста памылковая думка. Нiхто нiколi нi мне, нi нашай краiне нiчога не дыктаваў. Калi мы iшлi насустрач нашым партнёрам з Расiйскай Федэрацыi, Кiтая, Амерыкi, ЕС, мiжнародных арганiзацый, значыць, у нас была або бязвыхадная сiтуацыя, або нам аб'ектыўна гэта трэба было".
Паводле слоў Прэзiдэнта, перад старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Пятром Пракаповiчам тады была пастаўлена адна задача — задаволiць попыт насельнiцтва на валюту. I нават калi ў нас менш за $1 млн золатавалютных рэзерваў застанецца, усё роўна аддаць яе ў абменнiкi. Гэта было зроблена. У вынiку ўжо праз тры месяцы валюта стала вяртацца ў банкi.
Аб тарыфах ЖКГ
Узровень пакрыцця насельнiцтвам затрат на паслугi ЖКГ у 2010 годзе не перасягне 35 працэнтаў, заявiў Прэзiдэнт.
Кiраўнiк дзяржавы канстатаваў, што сёння насельнiцтва пагашае расходы на паслугi ЖКГ прыкладна на 30 працэнтаў, тады як раней гэты паказчык складаў 52 працэнты. Паводле слоў Прэзiдэнта, дрэнна, што ёсць такое падзенне, бо ў перспектыве кожны павiнен у поўным аб'ёме аплачваць паслугi, якiя спажывае. "Але ў нас сацыяльная дзяржава, мы сацыяльна абараняем сваiх людзей. Узнiкае пытанне: цi могуць людзi 100 працэнтаў заплацiць? Не могуць, тым больш у крызiснай сiтуацыi", — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што ў 2008 годзе ў краiне быў забяспечаны добры ўзровень зарплаты. Разам з тым, сёлета рэальная заработная плата павялiчылася толькi на 0,1 працэнта. "У гэтым годзе мы заработную плату толькi ўтрымалi на ўзроўнi мiнулага года. Узнiкае пытанне, а цi змогуць усе заплацiць гэтыя 55 працэнтаў. Таму ў наступным годзе, я ўраду адкрыта заявiў, калi мы атрымаем пакрыццё 35 працэнтаў, то гэта будзе нармальна. Мы так i запланавалi. Будзе магчымасць у чалавека больш заплацiць, заплацiць больш, але пакуль я гэтага не бачу", — сказаў Прэзiдэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, Урад Беларусi ўносiў прапанову аб павелiчэннi платы за паслугi ЖКГ на 7 долараў на працягу першага паўгоддзя. "Як бы людзi нi перажывалi, гэта было б пад'ёмна. Але з iншага боку, мы атрымлiваем ад гэтага павышэння ўсяго толькi Br77 млрд, тады як бюджэт на наступны год — Br52 трлн. Цi трэба з народам, груба кажучы, сабачыцца за гэтыя Br77 млрд", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. "Вось калi мы ўбачым тэндэнцыю, што людзi маюць магчымасць заплацiць, за Лукашэнкам не заржавее, я ўтрыманцаў цярпець не магу", — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў неабходнасць аптымiзацыi затрат i ў самiх жыллёва-камунальных службах. Ён адзначыў, што яму часта скардзяцца на недастатковую колькасць сродкаў у ЖКГ. "А вы палiчылi, па якiх тарыфах мы прапануем насельнiцтву электрычнасць, за якую цану смецце вывозiм, капiтальны рамонт робiм, колькi там раскрадаецца i гэтак далей? Тры гады ва ўрадзе лiчылi, i нарэшце прыйшлi i сказалi, што на 30 працэнтаў скарацiлi запатрабаваннi ЖКГ, — сказаў Прэзiдэнт. — А калi яшчэ прыцiснуць? Можа, яшчэ на 30 працэнтаў скароцяць. I тады тарыфы, па якiх вядзецца падлiк, будуць зусiм iншыя.
Аб падтрымцы i продажы дзяржпрад- прыемстваў
Дзяржава не будзе падтрымлiваць дзяржпрадпрыемствы, якiя неэфектыўна працуюць, заявiў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзiдэнт падкрэслiў, што размова iдзе менавiта аб прадпрыемствах, якiя неэфектыўна працуюць, не выконваюць свае абавязацельствы. Што датычыцца падтрымкi дзяржпрадпрыемстваў у цэлым, то яна павiнна аказвацца. "Нi ў адной краiне няма таго, каб з бюджэту не падтрымлiвалi прадпрыемствы. Гэта нармальная практыка, што ўласнiк укладае сродкi ў iх развiццё, — сказаў Прэзiдэнт. — Мы проста абавязаны падтрымлiваць прадпрыемствы, якiя знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасцi. Калi ты не можаш iх падтрымлiваць, iмi кiраваць, то лепш, напэўна, з iмi расстацца, знайсцi iнвестара, прадаць. Але калi гэта дзяржпрадпрыемствы, iх трэба падтрымлiваць, а за дзяржаўныя грошы трэба патрабаваць".
Тлумачачы сiтуацыю на НВА "Iнтэграл", Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што было сказана заканчваць падтрымку такiх прадпрыемстваў з бюджэту, бо ў свой час "Iнтэграл" не выканаў узятыя на сябе абавязацельствы па стварэннi сучаснай вельмi складанай субмiкроннай вытворчасцi. "Паабяцалi, што пры фiнансаваннi, па-мойму, Br200 млрд у выглядзе крэдытаў, бюджэтнай дапамогi i г.д. на працягу некалькiх гадоў выйдуць на дакладную i складаную субмiкронную вытворчасць, — сказаў Прэзiдэнт. — Настаў час — там не выканалi, тут не зрабiлi. Мала таго, трэба яшчэ Br50 млрд, або вось столькi мiльярдаў. Якая павiнна быць рэакцыя Прэзiдэнта? Я сказаў: нагi вашай больш у бюджэце не будзе. Не выканалi — будзеце адказваць". Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што гэта датычыцца i ўсiх iншых прадпрыемстваў, якiя папрасiлi ў доўг у дзяржавы, з дзяржбюджэту, але не выканалi сваiх абавязацельстваў.
Продаж беларускiх прадпрыемстваў будзе весцiся толькi на выгадных краiне ўмовах i па прымальных цэнах. "Пытанне толькi ў адным — колькi заплацiце. Мы даўно пайшлi на прыватызацыю таго цi iншага прадпрыемства, на якое паклалi вока многiя i ў Амерыцы, i ў Еўропе, i РФ. Але нам пакуль не далi тую цану, якую мы хочам. Будзе нармальная цана, будуць выкананы нашы ўмовы — мы на гэта пойдзем", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Усяго пры прыватызацыi павiнна выконвацца каля 20—25 умоў. У прыватнасцi, заработная плата за 3 гады на прадпрыемстве павiнна павялiчыцца як мiнiмум у 2 разы, нi адзiн чалавек не павiнен быць выкiнуты з вытворчасцi, падаткi неабходна павялiчыць мiнiмум у 1,5-2 разы, мадэрнiзаваць вытворчасць.
Напрыклад, у мадэрнiзацыю "Нафтана" беларускiм бокам было ўкладзена больш як $0,5 млрд. Чаму нашы заводы такiя прывабныя для расiян? Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, яны канкурэнтаздольныя, вырабляюць добры тавар. У Расii няма заводаў з такой глыбiнёй перапрацоўкi нафты. У комплекс "Нафтан-Палiмiр" трэба ўкласцi яшчэ $1,5 млрд. "Нафтан" гатовы былi забраць, а "Палiмiр" не. Я кажу не. Гэта прычэп. Не намi створаны. Нiкуды ад гэтага не дзенешся. Там таксама людзi працуюць. Яны ў цеснай звязцы павiнны працаваць", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.
"Мы будзем прыватызаваць, але так, як прынята ў нас. Не агулам, а канкрэтна прадпрыемства. Ёсць цiкавасць да прадпрыемства — прыходзьце, сядзем за стол, будзем абмяркоўваць", — падкрэслiў Прэзiдэнт.
Аб знешнiх пазыках
Беларусь акуратна праводзiць палiтыку знешнiх пазык. "Калi мы мадэрнiзуем якое-небудзь прадпрыемства (а цяпер гэты працэс шырока разгорнуты, гэта адзiн з важнейшых напрамкаў дзейнасцi ўрада), мы запазычваем у замежнiкаў, купляючы ў iх абсталяванне, — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. — Калi прадпрыемства нармальна працуе, яно здольна вярнуць гэтыя крэдыты".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што "мы дзейнiчаем вельмi акуратна, вельмi асцярожна". "Нашы валавыя дзяржаўныя пазыкi ў цэлым складаюць каля 30 працэнтаў ад ВУП. Мы кантралюем гэты працэс i не хочам залезцi ў даўгi настолькi, каб потым не выкарабкацца з iх, — сказаў Прэзiдэнт. — Што датычыцца продажу БПБ-Банка Ашчаднаму банку Расii, нам добра заплацiлi за гэты банк, гэта вельмi ўдачная здзелка. Больш за тое, калi Расiя сваiмi рашэннямi заблакiравала прасоўванне ў нейкай ступенi нашай прадукцыi на расiйскi рынак, мы пачалi крэдытаваць i льгатаваць крэдыты для куплi нашай тэхнiкi ў Расii, Ашчадны банк падставiў сваё плячо, а ён дзейнiчае па ўсёй Расii. Мы вельмi добра правялi перагаворы з расiйскiм Ашчадным банкам, i я лiчу гэта ўдачнай рэалiзацыяй актываў i для нас вельмi выгаднай у гэтай сiтуацыi".
Аб будаўнiцтве АЭС
Беларуская АЭС будзе пабудавана на Астравецкай пляцоўцы, паведамiў кiраўнiк дзяржавы. "Атамную станцыю мы будаваць будзем. Будзем будаваць яе ў Астраўцы. Гэта адназначна. Рашэнне аб гэтым, пiсьмова цi вусна, будзе прынята ў найблiжэйшы час", — заявiў Прэзiдэнт.
Узнiмаючы пытаннi бяспекi будучай АЭС, Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў: "Кожны крок, перш чым зрабiць, вывяраецца дзясяткi разоў. Мы пабывалi i ў Японii, i ў Францыi, i ў Амерыцы, i ў Германii, i ў Кiтаi, i ў Расii — на ўсiх лепшых у свеце атамных станцыях. Мы паглядзелi розныя праекты, каб засцерагчы ад небяспекi наш народ i атрымаць нармальны ўнiкальны аб'ект у цэнтры Еўропы, з добрым танным прадуктам у будучынi". Акрамя таго, Прэзiдэнт нагадаў, што Беларусь па перыметры акружана АЭС, а сама не мае таннай, экалагiчна выгаднай энергii, якую дасць станцыя.
"Будаўнiцтва новай станцыi нявыгадна еўрапейцам, магчыма, нават расiянам. Таму што мы пачынаем вырабляць свой танны тавар. А гэта значыць, страта рынку. Калi мы атрымаем на 20 працэнтаў больш сваёй энергii, то гэту колькасць мы не купiм у Расii i ва Украiне. А там лiшак гэтага тавару", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.
Прэзiдэнт адзначыў, што цяпер iдуць неабходныя тэхнiчныя працэдуры, вядзецца работа з МАГАТЭ, суседнiмi краiнамi. У Астраўцы пачата ўжо будаўнiцтва iнфраструктуры. Як лiчыць Аляксандр Лукашэнка, будаўнiцтва АЭС на гэтай пляцоўцы — добрая перспектыва для названага рэгiёну.
Кiраўнiк дзяржавы таксама дадаў, што ў Беларусi будзе прадоўжана развiццё i касмiчных праграм, i атамных тэхналогiй для таго, каб даць магчымасць спецыялiстам працаваць на высокiх тэхналогiях i не страцiць напрацаваную школу.
Аб выбарах
У Беларусi пройдуць сумленныя i прыстойныя выбары, заявiў Аляксандр Лукашэнка. "Мы правядзём выбары сумленна i прыстойна. Як яны пройдуць, ужо было сказана ў свой час на нарадах у Прэзiдэнта, у тым лiку па лiбералiзацыi выбарчага заканадаўства", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.
"Я не хвалююся ў сувязi з выбарамi, цi гэта выбары ў парламент, цi мясцовыя або прэзiдэнцкiя. Пытанне ў тым, будзе нармальна развiвацца эканомiка, выканаем мы тое, што абяцалi, людзi падтрымаюць уладу, дзеючага Прэзiдэнта (калi ён захоча выбiрацца на наступны тэрмiн) i падтрымаюць канструктыўна настроеных дэпутатаў. Не будзе гэтага, будуць iншыя людзi", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён запэўнiў, што нi на мясцовых выбарах, нi на iншых нiякага нацiску не будзе, асаблiва на прэзiдэнцкiх.
Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, надышоў той перыяд, калi нiякай барацьбы з яго боку не павiнна быць — нi за прэзiдэнцкую пасаду, нi за тое, каб адмiнiстрацыйна ўплываць на гэты працэс. Людзi самi павiнны вырашыць.
У сувязi з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб першых выбарах, калi яго выбiралi. "Адна з прычын маёй перамогi была ў гэтым жудасным нацiску людзей, якiя былi не першы год на чале ўлады. Такая сiтуацыя i ў мяне: любы нацiск будзе мець адваротны эфект", — лiчыць Прэзiдэнт. Таму, паводле яго слоў, "мы будзем сумленна, адкрыта iсцi на выбары да людзей".
Што датычыцца ролi i месца мясцовых Саветаў, то яны дакладна вызначаны Канстытуцыяй. Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку дзеючай мясцовай уладзе: "Мяне задавальняе тое, як працуюць сёння мясцовыя Саветы. Я iм павiнен сказаць дзякуй не дзеля прыгожага слоўца, а за тое, што яны сталi тварам у твар перад людзьмi. Яны прымаюць асноўныя ўдары, крытыку, часам нават незаслужана". Таму пытаннi стабiльнасцi i парадку шмат у чым залежаць ад мясцовых органаў улады, найперш мясцовых Саветаў. У гэтым роля i значэнне мясцовых Саветаў, дадаў кiраўнiк дзяржавы.
Аб "малочным" плячы для Расii
Беларусь гатова дапамагчы Расii ў пераадоленнi дэфiцыту малочных прадуктаў. "Калi расiйскае кiраўнiцтва i расiяне хочуць павелiчэння патоку малочных прадуктаў у Расiйскую Федэрацыю — трэба вярнуцца да пытання ўсялякiх забарон, сесцi за стол перагавораў. I дамовiцца аб аб'ёме i цане з тымi 30 прадпрыемствамi, якiя сёння могуць павялiчыць пастаўкi малочных прадуктаў i малака на расiйскi рынак, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовы да гэтага i гатовы падставiць сваё плячо расiянам".
Каментуючы iнфармацыю аб тым, што некаторыя буйныя расiйскiя гарады адчуваюць дэфiцыт малочнай прадукцыi, Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што магчымасць дапамогi ў вырашэннi гэтага пытання з боку Беларусi залежыць перш за ўсё ад расiйскага, а не ад беларускага боку. "Калi ў гэтым годзе пачалася так званая малочная вайна, калi каля дзвюх соцень рэфрыжэратараў са скорапсавальнай прадукцыяй былi спынены на мяжы, я сказаў кiраўнiцтву Расiйскай Федэрацыi, што дарэмна яны пайшлi на повадзе некаторых карпарацый, якiя перапрацоўваюць малако ў Расii, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я сказаў, што не патрэбна нам гэта канфрантацыя па малаку, таму што прыйдуць зiмнiя месяцы i тады будзе моцны дэфiцыт малака i малочных прадуктаў у Расii. Але мяне паслухалi i зрабiлi па-свойму".
Прэзiдэнт падкрэслiў, што беларуская прадукцыя таннейшая i значна вышэйшай якасцi, паколькi ў краiне мадэрнiзавана ўся перапрацоўка. У вынiку расiйская прадукцыя, у тым лiку малочная, стала проста неканкурэнтаздольнай у параўнаннi з беларускай. У сувязi з гэтым Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў кiраўнiцтву Расii перавярнуць цэнавую пiрамiду i зрабiць так, каб хаця б 30 працэнтаў, як i ў Беларусi, сяляне атрымлiвалi ў цане за малако.
Аб сацыяльнай сферы i льготных крэдытах
Расходы на сацыяльную сферу ў 2010 годзе ў Беларусi скарочаны не будуць. "Нi пра якое скарачэнне размовы быць не можа, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — Людзям у сувязi з гэтым няма чаго хвалявацца".
Кiраўнiк дзяржавы нагадаў, што ў 2010 годзе бюджэт не будзе значна скарочаны, а захаваны на ўзроўнi мiнулых гадоў. Прырост ВУП чакаецца на 11-13 працэнтаў. "Мы гэта можам зрабiць, — перакананы Прэзiдэнт. — Калi мы гэта выканаем, то будзем мець прыстойны бюджэт, нават большы, чым планавалi". Базавыя галiны сацыяльнай сферы — ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная палiтыка — будуць забяспечаны бюджэтнымi асiгнаваннямi з ростам да паказчыкаў 2009 года. Так, рост у сферы аховы здароўя i адукацыi запланаваны на ўзроўнi 107 працэнтаў, сацыяльнай палiтыкi — 114 працэнтаў. Сярэднямесячны памер пенсii па ўзросце ў 2010 годзе складзе каля Br510 тыс. У цэлым пенсii павiнны вырасцi на 9,2 працэнта. Дапамога па доглядзе дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў у наступным годзе будзе даведзена да 100 працэнтаў пражытковага мiнiмуму.Што датычыцца заработнай платы, то Аляксандр Лукашэнка запэўнiў, што на працягу наступнага года яна дасягне $500. "У нас ёсць абавязацельствы перад народам. Гэта лiчба святая. Яна прынята на Усебеларускiм сходзе 5 гадоў таму. Гэта паказчык пяцiгодкi, i мы павiнны выконваць яго", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.
Акрамя таго, па-ранейшаму немалая ўвага будзе надавацца будаўнiцтву жылля, а таксама сацыяльна-культурных i спартыўных аб'ектаў, "як бы складана i цяжка нi было", сказаў Прэзiдэнт. Ён лiчыць, што будаўнiцтва — гэта той лакаматыў, якi цягне ў цяжкi час эканомiку.
"Гэта мiнiмальныя паказчыкi, якiх мы павiнны дасягнуць. Для гэтага мы ўсё маем", — адзначыў Прэзiдэнт. "Людзям у сувязi з гэтым няма чаго хвалявацца. Тым больш, што нас падганяе i год палiтычны. У пачатку года — выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, а праз год — прэзiдэнцкiя выбары. Таму мы вымушаны будзем бегчы хутчэй, чым беглi раней", — дадаў ён.
На пытанне карэспандэнта "Звязды" аб тым, цi захаваецца ў наступным годзе дзяржаўная палiтыка выдзялення iльготных крэдытаў, кiраўнiк дзяржавы адказаў адназначна.
"Палiтыка выдзялення льготных крэдытаў грамадзянам не толькi будзе захавана, але i iстотна пашырана", — сказаў Прэзiдэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2009 годзе ўжо быў прыняты шэраг рашэнняў у гэтай галiне. Так, знiжана з 3 працэнтаў да 1 працэнта стаўка пры крэдытаваннi будаўнiцтва жылля шматдзетным сем'ям, малазабяспечаным грамадзянам выдзяляюцца льготныя крэдыты на тэрмiн да 3 гадоў у беларускiх рублях на набыццё тавараў айчыннай вытворчасцi па зацверджаным урадам пералiкам з выплатай 10 працэнтаў гадавых.
Як паведамiў Прэзiдэнт, цяпер рыхтуецца праект указа, якi значна палепшыць умовы крэдытавання пры будаўнiцтве або набыццi жылля. У прыватнасцi, плануецца знiзiць працэнтныя стаўкi па льготных крэдытах грамадзянам, якiя пражываюць у населеных пунктах з колькасцю насельнiцтва да 20 тыс. чалавек, з 3 працэнтаў да 1 працэнта. Акрамя таго, павялiчацца аб'ёмы выдачы льготных крэдытаў пры набыццi жылля з 70 працэнтаў да 90 працэнтаў для ўсiх катэгорый грамадзян i з 90 працэнтаў да 100 працэнтаў для шматдзетных сем'яў. Плануецца 100-працэнтнае крэдытаванне кошту жылога памяшкання тыпавых спажывецкiх якасцяў з улiкам нарматываў плошчы жылля на кожнага члена сям'i для асобаў з правам на атрыманне льготнага крэдыту пры будаўнiцтве або рэканструкцыi жылля.
"Таму мы не толькi не згорнем усе праграмы льготнага крэдытавання, а будзем прымаць дадатковыя меры. Нават у самыя цяжкiя часы нашай гiсторыi", — падкрэслiў Прэзiдэнт.
Дзяржпадтрымка малазабяспечаных i шматдзетных сем'яў у 2010 годзе захаваецца i стане яшчэ больш важкай i даступнай.
Плануецца, што ў наступным годзе дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў Беларусi атрымаюць больш за 310 тыс. чалавек, а выдаткi на яе ўзрастуць да Br100 млрд. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўвойдзе ў сiлу ўказ аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе, згодна з якiм штомесячная сацыяльная дапамога будзе выдзяляцца малазабяспечаным сем'ям, у якiх сярэднедушавы даход нiжэйшы за бюджэт пражытковага мiнiмуму. Таксама ў выглядзе аднаразовай дапамогi будзе аказвацца падтрымка сем'ям у выпадку цяжкай жыццёвай сiтуацыi. Прадугледжана ўвядзенне новага вiду дапамогi — дапамогi на аплату тэхнiчных сродкаў сацыяльнай рэабiлiтацыi для пэўных групаў грамадзян. Будзе ажыццяўляцца дзяржпадтрымка i шматдзетным сем'ям, у тым лiку ў выглядзе льгот на будаўнiцтва жылля, падатковых iльгот i г.д. "Па гэтых напрамках мы нават прыбавiм. Там паглядзiм, як будзе развiвацца эканомiка, але галоўнае — гэта дзецi. Хочаце дапамогi — нараджайце траiх i больш дзяцей", — заклiкаў Прэзiдэнт.
Ён паведамiў таксама, што ў будучынi можа быць знiжана льготная стаўка па крэдытах на будаўнiцтва жылля для тых, хто пражывае ў буйных гарадах. Цяпер у Мiнску i абласных цэнтрах iльготная стаўка па крэдытах на будаўнiцтва жылля складае 5 працэнтаў. "Адзiн працэнт i пяць — гэта што, вялiкая рознiца? У цяперашнiх умовах, калi стаўкi па крэдытах даходзяць да 20 працэнтаў, 5 працэнтаў — гэта вельмi вялiкая льгота. Гэта, наогул, на страту, без падтрымкi дзяржавы нiводны банк не даў бы. Але будзе сiтуацыя лепшая ў эканомiцы, мы, магчыма, прыйдзем i да двух, трох цi аднаго працэнта", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.
Аб мовах
"Пытаннi моўныя раз i назаўсёды ў краiне вырашаны. Прынамсi, у той перыяд часу, пакуль я буду Прэзiдэнтам. Па-другое, гэта пытанне беларусы адназначна вырашылi на рэферэндуме. І я не збiраюся ўносiць нейкiя дапаўненнi i новаўвядзеннi. Жадаеце размаўляць на беларускай мове — размаўляйце, хочаце гаварыць на рускай мове — калi ласка, гаварыце", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.
Паводле яго слоў, мова — тая сфера, якая не церпiць гвалту. "Я прыхiльнiк таго, каб у краiне не было нiякiх забарон. Людзi павiнны самi вызначацца i вырашаць, як iм жыць", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў тэндэнцыю значнага росту колькасцi абiтурыентаў, якiя хочуць здаваць экзамены на беларускай мове, i перш за ўсё ў вядучых ВНУ краiны.
"Менш гэту тэму трэба мусолiць. Як толькi мы пачынаем яе абмяркоўваць, яна дывiдэндаў нiкому не прыносiць — нi прыхiльнiкам, нi працiўнiкам гэтага працэсу. Давайце спакойна, цiха навучым усiх размаўляць на нашай роднай, сакавiтай беларускай мове", — рэзюмаваў Прэзiдэнт.
Аб армii
Колькасны склад беларускай армii будзе скарачацца паступова. "Нашы сiстэмы бяспекi, абаронка i iншае — гэта добрая прыбаўка да абароны Расii. На захадзе ў Расii, акрамя нас, практычна нiкога няма. I спадзявацца сёння толькi на стратэгiчную зброю... Няма сёння такiх вар'ятаў, якiя нацiснуць на кнопку ядзерных ракет i г.д. Калi штосьцi i будзе, то, напэўна, высокадакладная зброя. Гэта не фронт на фронт, як было ў Вялiкую Айчынную вайну. Мы будуем сваю абарону зыходзячы з гэтага", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таму, адзначыў Прэзiдэнт, беларуская армiя, па прызнаннi заходнiх экспертаў, з'яўляецца самай лепшай на постсавецкай прасторы i ў былым сацыялiстычным лагеры. "Нам 150 тыс. (колькасны склад армii) не трэба было. Таму 10 гадоў таму было пачата паступовае скарачэнне армii. Сёння ў нас каля 70 тыс. вайскоўцаў. Гэта таксама мнагавата, але крыўдзiць людзей у пагонах нельга. Мы будзем паступова скарачацца, каб нiкога не выкiнуць на вулiцу. Спынiмся дзесьцi на 55—60 тыс.", — праiнфармаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Але галоўнае — гэта тэхнiка i мадэрнiзацыя. Мы гэта зрабiлi за свой кошт. I я часта папракаю расiйскiх кiраўнiкоў: што вы там нашай апазiцыi падаяце факты, што паўтара мiльярда датацый кожны год i iншае. Дык мы ж трацiлi грошы на ППА i ВПС — састаўную частку агульнай абароны. Сёння я не перастаю гаварыць, што гэта вялiкая паслуга Расii, за якую трэба плацiць. Не непасрэдна. Але калi вы (Расiя) цэны нiжэйшыя трымаеце для нас на газ, чым, напрыклад, для Украiны, дык няўжо няма рознiцы для вас памiж Украiнай i Беларуссю — прамое пытанне", — дадаў кiраўнiк дзяржавы.
Аб знешняй палiтыцы
Беларусь не збiраецца з Захадам сябраваць супраць Расii, а з Расiяй — супраць Захаду, заявiў Прэзiдэнт. "Мы не маем вялiкiх праблем з Расiяй у плане таго, што ў нас нармалiзуюцца адносiны з Захадам. Але пэўнае напружанне ёсць. Дапусцiм, Усходняе партнёрства. Але мы ж не супраць Расii пайшлi ва Усходняе партнёрства. Нам прапанавалi канкрэтныя, выгадныя з пункту гледжання эканомiкi, праекты. Вядома, мы з гэтым згадзiлiся, i справа тут нават не ў грошах. Скажу адкрыта, вельмi важна, што гэта садзейнiчала той палiтыцы, якую мы праводзiлi апошнiм часам, — палiтыцы нармалiзацыi адносiнаў з Захадам, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — I раптам нейкая напружанасць. На маю думку, да канца года мы знялi ўсю гэту насцярожанасць, але мы нiколi за спiнай у свайго найблiжэйшага саюзнiка нiчога не рабiлi".
"Наша становiшча такое, што з усiмi мы павiнны мець добрыя, пажадана дружалюбныя адносiны. Так i будзем дзейнiчаць", — дадаў кiраўнiк дзяржывы.
Аб мытным саюзе
Мытны саюз будзе садзейнiчаць прытоку iнвестыцый у Беларусь, лiчыць Аляксандр Лукашэнка. "Наша эканомiка адкрытая. Мы шмат купляем i амаль усё прадаём. Мы максiмум 20 працэнтаў спажываем прадукцыi, вырабленай у Беларусi, а 80 працэнтаў мы прадаём. Мы можам быць закрытыя? Не. Адкрытая эканомiка штурхае нас да iнтэграцыi", — сказаў Прэзiдэнт.
У якасцi прыкладу ён прывёў Казахстан, якi вельмi зацiкаўлены ў развiццi супрацоўнiцтва з Беларуссю ў розных сферах. "Дрэнна толькi адно: каб прадаць наш трактар у Казахстане, трэба правезцi яго праз Расiю, i ён становiцца ў паўтара раза даражэйшы — тарыфы вельмi высокiя. Мы здымаем гэта пытанне ў адзiнай мытнай прасторы", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Хiба дрэнна, што замежныя iнвестары, лiчачы Беларусь самай некарумпаванай краiнай постсавецкай прасторы, iдуць да нас i гатовыя тут развiваць вытворчасць? "Але ў Мытным саюзе, Адзiнай эканамiчнай прасторы, якую, я спадзяюся, пабудуем на працягу двух гадоў, мы будзем гандляваць не толькi ў Беларусi, дзе рынак 10 млн чалавек, — заўважыў Прэзiдэнт. — А калi будзе задзейнiчаны рынак амаль у 200 млн чалавек — гэта ўжо для iнвестараў добра".
Вядома, давядзецца пайсцi на кампрамiс па нейкiх пытаннях. "Дык i яны ж пайшлi на кампрамiс па 632 адчувальных пазiцыях. Iм таксама не падабаецца, але яны з гэтым пагадзiлiся. Паверце, мы не на злом галавы кiнулiся ў гэты Мытны саюз", — падкрэслiў беларускi лiдар, запэўнiўшы, што на гэтым этапе, у сувязi з дасягнутымi дамоўленасцямi, "мы зусiм нiчога не страчваем i можам толькi набыць".
Разам з тым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, застаецца яшчэ шмат праблем. "Расiя не хоча развiтвацца са сваiмi козырамi ў галiне прыроднага газу, пастаўкi i гандлю нафтапрадуктамi. Гэта складаны працэс, i нам яшчэ нямала трэба будзе крывi сапсаваць з расiйскага i з нашага боку, каб дамовiцца. Хiба ж Расiя згодзiцца, каб мы заўтра нафту або прыродны газ куплялi ў Казахстане, а не ў Расii. Таксама пытанне, якое хвалюе Казахстан, але яго трэба будзе вырашаць", — сказаў Прэзiдэнт Беларусi
Пра беларускi легкавiк
Пытанне кошту для беларускага насельнiцтва аўтамабiляў ва ўмовах адзiнай мытнай прасторы Беларусi, Расii i Казахстана можа быць вырашана дзякуючы стварэнню ўласнай вытворчасцi аўтамабiляў, лiчыць кiраўнiк дзяржавы. "Цана аўтамабiляў заключаецца ў стварэннi сваёй вытворчасцi ў Беларусi", — сказаў ён.
Прэзiдэнт адзначыў, што цяпер каля паловы насельнiцтва Беларусi хвалюе магчымасць павышэння для фiзiчных асобаў мытных пошлiн на ўвоз аўтамабiляў з лiпеня 2010 года. Пры гэтым для расiйскай дзяржавы ўвоз аўтамабiляў з'яўляецца адчувальнай пазiцыяй. "Калi мы не згодзiмся, то праз Беларусь пойдзе паток аўтамабiляў на ўсю мытную прастору. Таму трэба знаходзiць кампрамiс, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны ўступiлi нам не па адной пазiцыi, мы згадзiлiся з пошлiнамi для юрыдычных асобаў. А па фiзiчных асобах, мы сказалi, што будзем садзiцца за стол перагавораў. Гэта датычыцца не толькi аўтамабiляў, але i iншых таварных групаў, па якiх мы павiнны паўгода дамаўляцца, бо гэта адчувальныя пазiцыi".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што цяпер беларусы ў асноўным набываюць на Захадзе патрыманыя аўтамабiлi, не заўсёды якасныя. "Сядайце i падумайце, цi варта плацiць за гэту патрыманую машыну, якую вы ўвезяце, тры месяцы да зiмы паездзiце i потым будзеце сядзець на станцыi тэхабслугоўвання i ўжо за запчасткi будзеце плацiць утрая даражэй, — сказаў Прэзiдэнт. — Мы ўвозiм гэты хлам, замест таго каб паставiць жорсткiя бар'еры. Калi разглядаць гэта пытанне з дзяржаўнага пункту гледжання, то даўно трэба было стварыць уласную вытворчасць".
Гаворачы аб сумеснай з iранскiм бокам спробе стварыць у Беларусi вытворчасць аўтамабiляў "Саманд", Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтага не ўдалося дасягнуць з-за шэрагу прычын, у тым лiку абмежаванага аб'ёму ўнутранага рынку. "Я разумею, самiм сёння цяжка, паспрабуй даганi сёння школы ў Германii, у Амерыцы, якiя рушылi наперад, — сказаў ён. — Але, можа, гэтым трэба было заняцца. I хоць бы на ўнутраны рынак штосьцi прапанаваць якаснае i надзейнае. Але не зрабiлi гэта. Я не здымаю з рахункаў пытанне стварэння ў Беларусi завода па вытворчасцi аўтамабiляў — надзейных, якасных". Акрамя таго, беларусы змогуць набываць i аўтамабiлi расiйскай вытворчасцi.
Аб святкаваннi Новага года
У апошнi дзень адыходнага года Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка са сваiмi сынамi наведае дзiцячы дом.
Адказваючы на пытаннi аб тым, як праходзяць навагоднiя святы ў сям'i кiраўнiка дзяржавы i якi падарунак ён хацеў бы атрымаць у новым годзе, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "У новым годзе я хачу, каб дзецi былi здаровыя — гэта перш за ўсё. Па-другое, каб мы вярнулiся да дакрызiснага перыяду. Я гэта папрасiў бы ў Бога".
Сяргей ПРОТАС.