Бюджэтнiкам, пенсiянерам i сем'ям з малымi дзецьмi — прыбаўкi
З 1 студзеня памер тарыфнай стаўкi І разраду работнiкаў арганiзацый, якiя фiнансуюцца з бюджэту цi карыстаюцца дзяржаўнымi датацыямi, павялiчыцца на 5,2 працэнта — з 77 да 81 тысячы рублёў.
Пры гэтым да тарыфных ставак работнiкаў арганiзацый, якiя фiнансуюцца з бюджэту цi карыстаюцца дзяржаўнымi датацыямi, вызначаныя павышальныя i панiжальныя каэфiцыенты. Так, каэфiцыент для 1 разраду складае 2,419, для 27 разраду — 0, 978.
Плюс да таго, з 1 студзеня павялiчваецца мiнiмальная зарплата. Яна складзе 258 600 рублёў — гэта адпавядае 103 працэнтам ад бюджэту пражытковага мiнiмуму.
Адначасова ўказам кiраўнiка дзяржавы з 1 студзеня павялiчваюцца i працоўныя пенсii. Як паведамiла карэспандэнту "Звязды" прэс-сакратар Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Галiна Трафiменка, са студзеня карэкцiроўка фактычнага заробку пенсiянераў пры пераразлiку будзе рабiцца зыходзячы з сярэдняй зарплаты за III квартал гэтага года — 1 034 512 руб. У вынiку са студзеня працоўныя пенсii павысяцца ў сярэднiм на 9, а пенсii па ўзросце ўзрастуць на 9,2 працэнта — адпаведна, на 38,5 i 41,1 тыс. рублёў.
У прыватнасцi, сярэднi памер працоўных пенсiй складзе 468 тыс., сярэднi памер пенсii па ўзросце — 490,5 тыс., сярэднi памер мiнiмальнай пенсii па ўзросце (пры стажы, не меншым за 20 гадоў у жанчын або не меншым за 25 гадоў у мужчын) — 217,7 тыс. рублёў. Пры гэтым, зазначылi ў мiнiстэрстве, канкрэтны памер павелiчэння ў кожнага пенсiянера будзе розным — зыходзячы з iндывiдуальнага стажу, каэфiцыента, права на надбаўкi i павышэннi.
Нарэшце, таксама з 1 студзеня, павялiчваецца памер дапамог сем'ям, якiя выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, — з 80 да 100 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму або з 200.060 да 250.070 рублёў. Прычым надалей гэтая дапамога будзе ўзрастаць штоквартальна — у сувязi са змяненнем БПМ.
Дарэчы, адзначаюць у мiнiстэрстве, папярэднiя захады па павелiчэннi дзiцячых выплат (павелiчэнне дапамогi на дзяцей да 3 гадоў з 65 да 80 працэнтаў БПМ, павелiчэнне аднаразовых дапамог пры нараджэннi) далi пэўныя вынiкi — у краiне адзначаецца павелiчэнне паказчыкаў нараджальнасцi. За студзень—кастрычнiк гэтага года ў краiне з'явiлася 92615 немаўлят — на 2,2 працэнта больш, чым за аналагiчны перыяд летась.
Пры гэтым, падкрэслiлi ў мiнiстэрстве, неабходныя сродкi на павелiчэнне пенсiй i дапамог на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў ёсць, так што ў 2010 годзе гэтыя выплаты павiнны iсцi без збояў.
Сяргей ГРЫБ.