Новая стаўка ПДВ не прывядзе да росту цэнаў
Такое агульнае меркаванне падатковых i фiнансавых iнстытутаў краiны агучыў учора журналiстам намеснiк мiнiстра фiнансаў Уладзiслаў Татарыновiч.
Сапраўды, у наступным годзе з 18 да 20 працэнтаў павялiчваецца стаўка падатку на дабаўленую вартасць. Разам з тым, як адзначыў намеснiк мiнiстра фiнансаў, менавiта з першых дзён студзеня 2010 года адмяняюцца адразу 4 падаткi. Гэта два аб'ёмныя абаротныя падаткi — падатак у рэспублiканскi фонд падтрымкi вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыi i мясцовы падатак з продажу, — а таксама падатак на набыццё аўтатранспартных сродкаў i мясцовы збор за паркоўку аўтатранспарту. Спецыялiсты ўпраўлення падатковай палiтыкi Мiнфiна падлiчылi, што адмена толькi гэтых 4 падаткаў дазволiць суб'ектам гаспадарання паменшыць агульную колькасць падатковых плацяжоў на працягу года адразу на 17 пунктаў (з 57 да 40). Такое новаўвядзенне прывядзе да агульнага знiжэння падатковага цяжару на 0,45 працэнта. А ў вынiку за год у падаткаплацельшчыкаў у свабодным абароце застанецца дадаткова каля 780 млрд рублёў. Паслабленнем падатковага цяжару з'яўляецца выкарыстанне больш гнуткай сiстэмы аплаты падатку на дабаўленую вартасць. Ужо ў наступным годзе суб'екты гаспадарання змогуць аплачваць ПДВ не толькi штомесяц, як гэта практыкуецца цяпер, але i штоквартальна. Эксперты фiнансавай галiны лiчаць, што гэтым правам у наступным годзе скарыстаецца каля 60 працэнтаў падаткаплацельшчыкаў. Налета плануецца скарацiць тэрмiн вяртання падатку на дабаўленую вартасць з месяца да 5 дзён.Таксама ў 2010 годзе ўсе падаткаплацельшчыкi будуць мець выбар пры вызначэннi тэрмiнаў аплаты падатку на прыбытак. Гэта можна будзе зрабiць як штомесячна, так i штоквартальна.
Вызначаныя 5 асноўных падаткаў
У наступным годзе плануецца дапрацаваць i ўвесцi ў дзеянне асабiстую частку падатковага кодэкса. Згодна з гэтым дакументам, у 2010 годзе ў дзеяннi павiнны застацца 30 падатковых плацяжоў. Для сярэдняга стандартнага падаткаплацельшчыка абавязковымi будуць 5 асноўных падаткаў: падатак на дабаўленую вартасць, падатак на прыбытак, зямельны падатак, падатак на нерухомасць i экалагiчны падатак. Астатнiя падатковыя плацяжы будуць мець аднаразовы характар або дзейнiчаць для пэўных катэгорый падаткаплацельшчыкаў. Начальнiк Галоўнага ўпраўлення метадалогii падаткаабкладання арганiзацый Мiнiстэрства па падатках i зборах Яўген Герштэйн адзначыў, што ў наступным годзе ўсе падатковыя стаўкi i зборы будуць ажыццяўляцца выключна ў нацыянальнай валюце. Выключэнне складуць толькi выплаты ў валюце па патэнтных пошлiнах i консульскiх зборах.
Стандартны вылiк павялiчыцца да 270 тысяч рублёў
Прыемную для фiзiчных асобаў навiну паведамiў Уладзiслаў Татарыновiч. У наступным годзе стандартны па- датковы вылiк пры вылiчэннi падаходнага падатку на кожнага работнiка будзе павялiчаны з 250 да 270 тысяч рублёў. Цяпер гэта сума не будзе абкладацца падаходным падаткам у тым выпадку, калi работнiк атрымлiвае максiмальны заробак у месяц да 1,635 млн рублёў. Сёлета стандартны вылiк атрымлiваюць толькi тыя, хто мае заробак да 1,5 млн рублёў. Акрамя гэтага, стандартны падатковы вылiк можна будзе атрымаць у наступным годзе не толькi па месцы асноўнай працы. Падаткаплацельшчык самастойна выбiрае, дзе яму атрымаць гэты падатковы вылiк. З наступнага года памяншаецца з 15 да 12 працэнтаў стаўка падаходнага падатку па дывiдэндах. З пачатку 2010 года пачнуць дзейнiчаць новыя льготы па падаходным падатку ў памеры 1 тысячы базавых велiчынь у год для iнвалiдаў i асобаў, якiм неабходная дарагая медыцынская дапамога.
Сяргей КУРКАЧ.