Еўрапарламент: Пасля шэрагу станоўчых крокаў у Беларусі няма істотнага прагрэсу ў сферы правоў і свабод
17.12.2009
—
Новости Политики
Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Еўракамісію разгледзець магчымасць змяншэння кошту віз для беларусаў і спрасціць працэдуру іх атрымання, а таксама падрыхтаваць рэкамендацыі для перамоў па пагадненнях аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Рэкамендавана таксама стварыць прамежкавы план прыярытэтных рэформ у Беларусі, каб вярнуцца да падпісання Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве.
"Дыялог па Еўранесце павінен быць прадуктыўны, — гаворыцца ў дакуменце. — Беларусь будзе запрошана да паўнавартаснага ўдзелу, калі парламент краіны будзе абраны ў выніку свабодных выбараў. Пакуль жа ўсе рашэнні прамежкавыя".
У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку і Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця разгледзець магчымасць павелічэння фінансавай дапамогі Беларусі, асабліва дробнаму і сярэдняму бізнесу.
Еўрадэпутаты віталі актыўны ўдзел беларускіх уладаў у палітыцы ЕС "Усходняе партнёрства". Яны заклікалі Мінск працягваць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства, а таксама развіваць дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй, у прыватнасці вызначыўшы ролю Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта.
Еўрапарламентарыі чакаюць, што ў найбліжэйшы год беларускія ўлады рэфармуюць закон аб СМІ ў адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных экспертаў; адменяць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса; дазволяць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці; створаць спрыяльныя ўмовы для працы НДА і незалежных СМІ.
У дакуменце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў перагледзець прысуды, вынесеныя ўдзельнікам "справы чатырнаццаці", у прыватнасці Арцёму Дубскаму, і неадкладна вызваліць з-пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку.
Еўрадэпутаты выказаліся за "неадкладны мараторый" на смяротную кару ў Беларусі. Яны таксама заклікалі Мінск прызнаць Саюз палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і выконваць правы нацыянальных меншасцей.