Беларусь i Расiя нацэлены на прадаўжэнне актыўнай работы па фармiраваннi АЭП

Источник материала:  

Беларусь i Расiя нацэлены на прадаўжэнне актыўнай сумеснай работы па фармiраваннi Адзiнай эканамiчнай прасторы. Аб гэтым заявiлi ў сумеснай дэкларацыi ўдзельнiкi пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii, што прайшло 10 снежня ў Маскве, якое ўзначалiў Старшыня ВДС Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Перад пачаткам пасяджэння адбылася двухбаковая сустрэча кiраўнiка беларускай дзяржавы з яго расiйскiм калегам Дзмiтрыем Мядзведзевым. Сустрэча доўжылася каля пяцi гадзiн. Лiдары дзвюх краiн абмеркавалi комплекс пытанняў узаемадзеяння ў гандлёва-эканамiчнай сферы. Прэзiдэнты таксама ўдзялiлi ўвагу тым тэмам, якiя пасля былi абмеркаваны на пасяджэннi Вышэйшага Дзяржсавета, у тым лiку фармiраванню Мытнага саюза Беларусi, Казахстана i Расii i Адзiнай эканамiчнай прасторы трох краiн. Праз некаторы час пасля пачатку перагавораў да размовы прэзiдэнтаў далучылiся прэм'ер-мiнiстр Беларусi Сяргей Сiдорскi i яго расiйскi калега Уладзiмiр Пуцiн.

На пасяджэннi Вышэйшага Дзяржсавета былi падведзены асноўныя вынiкi гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва Беларусi i Расii за 9 месяцаў гэтага года, абмеркаваны ход выканання ўрадамi дзвюх краiн мерапрыемстваў Плана сумесных дзеянняў па мiнiмiзацыi наступстваў сусветнага фiнансава-эканамiчнага крызiсу, разгледжаны пытаннi пашырэння супрацоўнiцтва ў энергетычнай сферы i развiцця двухбаковых адносiнаў у ваеннай i ваенна-тэхнiчнай галiнах.

Зацверджаны бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2010 год (у памеры каля 5 млрд расiйскiх рублёў) i Праграма ўзгодненых дзеянняў у галiне знешняй палiтыкi на 2010—2011 гады, абмеркаваны сумесная работа па забеспячэннi роўных правоў грамадзян Беларусi i Расii i ход рэалiзацыi Канцэпцыi сацыяльнага развiцця Саюзнай дзяржавы да 2010 года, таксама разгледжаны арганiзацыйныя пытаннi мерапрыемстваў, прысвечаных 65-й гадавiне Вялiкай Перамогi.

Прэзiдэнты Расii i Беларусi падпiсалi Дэкларацыю з нагоды 10-й гадавiны Дагавора аб стварэннi Саюзнай дзяржавы. "Мы нацэлены на прадаўжэнне актыўнай сумеснай работы па фармiраваннi Адзiнай эканамiчнай прасторы, што забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капiталаў, рабочай сiлы, роўныя ўмовы i гарантыi для суб'ектаў гаспадарання, па гарманiзацыi i ўнiфiкацыi нарматыўна-прававой базы, правядзеннi ўзгодненай макраэканамiчнай палiтыкi, пашырэннi мiжрэгiянальнага супрацоўнiцтва, iнтэграцыi ў сусветную эканамiчную сiстэму, паглыбленнi ўзаемадзеяння ў сферы забеспячэння бяспекi Саюзнай дзяржавы", — заяўляецца ў дакуменце.

У Дэкларацыi асаблiвае значэнне надаецца забеспячэнню роўных правоў i стварэнню адзiнай сiстэмы сацыяльных гарантый для грамадзян дзвюх краiн. У дакуменце адзначаецца таксама, што грамадзяне Беларусi i Расii "карыстаюцца сёння аднолькавымi магчымасцямi пры працаўладкаваннi, выбары месца жыхарства, атрыманнi адукацыi i медыцынскага абслугоўвання".

Дагавор памiж дзвюма краiнамi аб развiццi ваенна-тэхнiчнага супрацоўнiцтва падпiсалi старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камiтэта Беларусi Сяргей Гурулёў i дырэктар Федэральнай службы па ваенна-тэхнiчным супрацоўнiцтве РФ Мiхаiл Дзмiтрыеў. Пагадненне памiж урадамi Беларусi i Расii аб заснаваннi i ўмовах дзейнасцi культурна-iнфармацыйных цэнтраў падпiсалi мiнiстры замежных спраў Сяргей Мартынаў i Сяргей Лаўроў.

Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды Беларусi прадстаўнiкам дзяржорганаў Расiйскай Федэрацыi, якiя ўнеслi ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносiнаў, супрацоўнiцтва i адзiнства народаў дзвюх краiн. Ордэнам Дружбы народаў былi ўзнагароджаны кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта РФ Сяргей Нарышкiн, мiнiстр абароны Расii Анатоль Сердзюкоў, губернатар Санкт-Пецярбурга Валянцiна Мацвiенка, паўнамоцны прадстаўнiк Прэзiдэнта Расii ў Прыволжскай федэральнай акрузе Рыгор Рапота, намеснiк мiнiстра замежных спраў Рыгор Карасiн i намеснiк мiнiстра фiнансаў Сяргей Шаталаў.

У сваю чаргу Прэзiдэнт Расii Дзмiтрый Мядзведзеў узнагародзiў ордэнам Дружбы Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага Фiларэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi, старшыню Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Якабсона, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Сяргея Абламейку i генеральнага дырэктара Мiнскага трактарнага завода Аляксандра Пухавога.

Дзмiтрый Мядзведзеў таксама ўручыў ордэн Пашаны дзяржаўнаму сакратару Савета Бяспекi Беларусi Леанiду Мальцаву. Ганаровай граматай Прэзiдэнта РФ узнагароджаны старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Мiкалай Чаргiнец.

Пасля гэтага кiраўнiкi дзяржаў зрабiлi заявы для прэсы. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка нагадаў: "10 гадоў таму тут у Крамлi, у сэрцы Расii, быў падпiсаны сапраўды лёсавызначальны для двух брацкiх народаў дакумент — Дагавор аб стварэннi Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я добра памятаю, як гэта адбывалася. Памятаю асаблiвую атмасферу таго гiстарычнага дня, натхненне людзей, адчуванне вялiкiх надзей i чаканняў. І пачуццё вялiкай адказнасцi". "Хоць у мяне не было i ценю сумненняў у правiльнасцi рашэння: я выконваў волю свайго народа, бо 9 з 10 беларусаў на рэферэндуме сказалi "так" нашаму Саюзу з брацкай Расiяй", — дадаў ён.

Прэзiдэнт адзначыў, што саюзны Дагавор даў моцны iмпульс iнтэграцыйным працэсам i развiццю ўсебаковага супрацоўнiцтва. "Шмат за гэты перыяд адбылося ў беларуска-расiйскiх адносiнах: было i добрае, было i дрэннае, — канстатаваў кiраўнiк дзяржавы. — Мы значна рушылi наперад у эканомiцы, у разы павялiчылi тавараабарот, умацавалi кааперацыйныя сувязi".

У лiку дасягненняў саюзнага будаўнiцтва кiраўнiк беларускай дзяржавы назваў забеспячэнне роўных правоў грамадзян Беларусi i Расii, планамернае правядзенне ўзгодненай знешняй палiтыкi, рашэнне аб пераносе мытных рубяжоў на знешнiя гранiцы Саюзнай дзяржавы. Створана адзiная рэгiянальная групоўка войскаў i ў цэлым эфектыўная сiстэма забеспячэння ваеннай бяспекi Саюзнай дзяржавы. "Я павiнен заўважыць, i Дзмiтрый Анатольевiч Мядзведзеў са мной пагодзiцца, што сферы дыпламатыi, абароны, забеспячэння бяспекi — гэта прыклад таго, як павiнны працаваць нашы ведамствы", — заявiў Аляксандр Лукашэнка. "Узаемная выгада Саюза бясспрэчная i распаўсюджваецца на ўсе сферы нашых адносiнаў", — падкрэслiў ён.

Прэзiдэнт Беларусi са шкадаваннем канстатаваў, што многае ў будаўнiцтве Саюзнай дзяржавы так i засталося ў планах. "I над гэтым мы павiнны працаваць", — падкрэслiў ён. "Мы не стварылi Адзiную эканамiчную прастору, але поўныя рашучасцi зрабiць гэта, падключыўшы Казахстан, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ёсць яшчэ ў нашых адносiнах прыклады вузкаведамасных i кан'юнктурных падыходаў да саюзнага будаўнiцтва".

Разам з тым, падводзячы баланс "плюсоў" i "мiнусаў" i аб'ектыўна ацэньваючы вынiкi дзесяцi гадоў работы, Аляксандр Лукашэнка з упэўненасцю адзначыў: "Саюзная дзяржава — гэта не хiмера, а рэальнае i найбольш развiтое iнтэграцыйнае фармiраванне на постсавецкай прасторы. Яно зусiм не вычарпала сябе, i ў яго ёсць вiдавочныя перспектывы. Ва ўсякiм разе, мы, прэзiдэнты, так лiчым".

Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што ў Саюзнай дзяржаве трэба не проста прымаць дакладныя i зразумелыя рашэннi, але i "жалезна iх выконваць". Рашэннi павiнны выконвацца "без чыноўнiцкай валакiты i вузкаведамаснасцi, на аснове ўзаемнага даверу i адзiнства мэтаў".

Беларуска-расiйскiя адносiны будуць толькi тады паспяхова развiвацца, калi гэтыя канкрэтнасць i абавязковасць набудуць характар аксiёмы на ўсiх узроўнях дзяржаўнага кiравання, дадаў ён.

"Я бачу тут поўнае разуменне кiраўнiцтва Расiйскай Федэрацыi, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Прыемна i тое, што ёсць маса людзей i ў Расii, i ў Беларусi, якiя шчыра гатовы ўсiмi сiламi садзейнiчаць развiццю саюзнага праекта. I робяць гэта". "Я хачу паўтарыць тое, што гаварыў 10 гадоў таму: вы, расiяне, рускiя людзi, павiнны ведаць, што ў вас на заходнiх рубяжах дастойныя суседзi, якiя заўсёды гатовы вас падтрымаць", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзiдэнт Расii Дзмiтрый Мядзведзеў адзначыў: "Сёння быў доўгi дзень, вельмi насычаны. I ён у поўнай меры адлюстроўвае тыя адносiны, якiя iснуюць памiж Расiяй i Беларуссю, i тыя вялiкiя перспектывы, якiя ёсць у нас, i тыя нявырашаныя праблемы, якiмi мы з Аляксандрам Рыгоравiчам займалiся апошнiя восем гадзiн".

Прэзiдэнт Расii лiчыць неабходным развiваць i далей кааперацыю з Беларуссю ў палiўна-энергетычнай сферы. "Мы павiнны нарошчваць узаемавыгадныя мiжрэгiянальныя сувязi, стымуляваць кантакты па лiнii малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва", — сказаў ён.

Акрамя таго, у ходзе пасяджэння ВДС абмяркоўвалiся перспектывы развiцця праекта ў атамнай энергетыцы, у тым лiку будаўнiцтва атамнай электрастанцыi ў Беларусi. "Абмяркоўвалi i iншыя пытаннi. Шмат увагi надалi мiжбанкаўскаму супрацоўнiцтву, фiнансавай кааперацыi", — праiнфармаваў расiйскi лiдар.

У цэнтры ўвагi абмеркавання быў план сумесных дзеянняў па мiнiмiзацыi наступстваў фiнансавага крызiсу. "Мы праводзiлi i будзем праводзiць палiтыку, накiраваную на дапамогу i падтрымку беларускай эканомiкi", — заявiў Дзмiтрый Мядзведзеў. "Вельмi цяжкiя гэтыя гады былi, i асаблiва цяперашнi, для нашых краiн. Нягледзячы на тое, што мы шмат працавалi, ёсць вiдавочныя праблемы ў эканомiках — мы дзялiлiся гэтай iнфармацыяй, глядзелi на тое, наколькi востра стаяць сёння крызiсныя праблемы, якiя макраэканамiчныя паказчыкi".

Дзмiтрый Мядзведзеў асаблiва адзначыў, што Расiя i Беларусь дамовiлiся iнтэнсiфiкаваць работу па ратыфiкацыi пагадненняў у ваеннай сферы.

Як паведамiў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка, наступнае пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета павiнна адбыцца ў лiпенi 2010 года.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.

←Руководители нажали на газ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика