Аляксандр Лукашэнка: Вышэйшы Дзяржсавет павінен прыняць важныя рашэнні па саюзным будаўнiцтве

Источник материала:  

Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка чакае, што чарговае пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе 10 снежня ў Маскве, стане чарговым крокам па прыняццi важных рашэнняў у саюзным будаўнiцтве. Аб гэтым кiраўнiк беларускай дзяржавы заявiў учора на сустрэчы з паўнамоцным прадстаўнiком Прэзiдэнта Расii ў Прыволжскай федэральнай акрузе Рыгорам Рапотам.

Прэзiдэнт выказаў перакананасць, што на маючым адбыцца пасяджэннi ВДС бакi змогуць прыйсцi да ўзаемаразумення i прыняць вельмi важныя рашэннi ў рамках Саюза Беларусi i Расii. "Гаворачы аб поспехах у iншых iнтэграцыйных аб'яднаннях, мы забываем сказаць, што будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы было каталiзатарам усiх iнтэграцыйных аб'яднанняў. Саюзнае будаўнiцтва аб'ектыўна i суб'ектыўна падштурхоўвала кiраўнiкоў дзяржаў, — сказаў беларускi лiдар. — Гэта быў i ёсць добры раздражняльнiк для iншых. І нападкаў хапае. Усе апасаюцца, што мы пакажам прыклад у яднаннi на постсавецкай прасторы". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што iдзе моцнае ўздзеянне на кiраўнiцтва беларускай дзяржавы, элiту беларускага грамадства, i "як бачыце, часам небеспаспяхова". Пры гэтым Прэзiдэнт падкрэслiў: "Мы поўныя рашучасцi пераадолець гэтыя складанасцi i цяжкасцi, i мы iх пераадолеем. I чарговым крокам у будаўнiцтве Саюзнай дзяржавы стане маючае адбыцца пасяджэнне ВДС".

Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што, падпiсваючы дагавор аб стварэннi Мытнага саюза, Беларусь настойвала, каб стварэнне Адзiнай эканамiчнай прасторы далёка не адцягвалася. "Мы бачым, што Расiя абмяжоўвае гандаль з Беларуссю — праз банкi, санiтарных урачоў, яшчэ некага. Розных бюракратаў хапае. У АЭП гэтага рабiць будзе нельга", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы маглi б стварыць АЭП за 2010 год, але,думаю, што мае калегi не вельмi хочуць прыкладаць намаганнi ў гэтых адносiнах, ды i работа наперадзе вельмi вялiкая. Таму лiчу, што мы 18 снежня ў Алматы дамовiмся, што можам стварыць АЭП на працягу паўтара года".

Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў: "Самае галоўнае, што ўжо сёння, калi зроблены першыя крокi ў Мытным саюзе, да нас гатовы далучыцца рэспублiкi былога СССР. Але галоўнае для нас — гэта, вядома, Украiна. I я ўпэўнены, што ёсць разуменне таго, што без нас, самых блiзкiх братоў, яны не абыдуцца". Пры гэтым Прэзiдэнт адзначыў: "Мы настойваем на тым, каб было ўнiфiкавана цэнаўтварэнне, створаны роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання ў рамках сённяшняга Мытнага саюза. Калi гэта будзе зроблена, то яго прывабнасць узрасце".

"Мы абсалютна нiкому не ствараем нiякiх праблем — нi Расii, нi Прыбалтыцы, нi Польшчы, нi Украiне, нi ЕС, нi Амерыцы, — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. — Але Расiя павiнна разумець: калi мы дзяржава, то мы павiнны ўстанаўлiваць нармальныя адносiны перш за ўсё са сваiмi суседзямi, таму не трэба нервова рэагаваць на нашы адносiны з Украiнай, з якой у нас вялiкi тавараабарот. Яны iдуць нам насустрач, яны гатовы прадаваць нам электраэнергiю, iншыя тавары. Мы таксама прадаём iм шмат прадукцыi. Давайце выкарыстоўваць добрыя адносiны Беларусi з Украiнай. Не трэба нервова рэагаваць i на нашы адносiны з Еўрасаюзам". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Не трэба нас падазраваць, што мы занадта павярнулiся ад Расii. Мы нiколi нiкуды не паварочвалiся i не павернемся. На адзiн крок Расii ў напрамку Беларусi мы зробiм насустрач Расii дзесяць крокаў. Так было заўсёды".

"Адступленне ад палiтыкi зблiжэння з Расiяй — гэта палiтычная смерць Лукашэнкi", — дадаў ён. "Мы ж не будзем глуханямымi, калi на нас пачынаюць занадта нацiскаць, штурхаць, i на шкоду працаваць, — сказаў Прэзiдэнт. — Зразумела, мы на гэта будзем рэагаваць. Мы не заслужылi ад нашых найблiжэйшых братоў, калi на нас ажыццяўляюць нацiск, пачынаюць валакiцiць. Тым больш калi я аб гэтым шчыра i адкрыта гавару. Адкрыта гавару, таму што мы не маем выхаду на расiйскi iнфармацыйны рынак. Я вымушаны запрашаць расiйскiх журналiстаў i адказваць на iх вострыя пытаннi. I не трэба на гэта крыўдзiцца. Я там нiчога новага не сказаў, каб крыўдзiцца". "Мы б хацелi, каб наш старэйшы брат, расiянiн, да нас ставiўся як да малодшага брата", — падкрэслiў Аляксандр Лу- кашэнка. "Мы гатовы ў скарбонку нашых адносiнаў пакласцi столькi, каб перш за ўсё было выгадна рускаму чалавеку, а нам гэта будзе выгадна тым больш", — заявiў кiраўнiк беларускай дзяржавы.

Узаемадзеянне Беларусi i Прыволжскай федэральнай акругi ў сферы прамысловай кааперацыi, арганiзацыi сумесных вытворчасцяў з'яўляецца прыкладам для iншых федэральных акруг, адзначыў Прэзiдэнт Беларусi. Больш як трэць аб'ёму ўзаемнага гандлю складаюць пастаўкi камплектуючых. Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што створаныя магутнасцi па вытворчасцi трактароў у Ялабузе i Саранску могуць забяспечыць больш як палавiну патрэбнасцi Расii ў трактарах сярэдняга магутнаснага рада. Беларуская кормаўборачная i iншая сельскагаспадарчая тэхнiка, што вырабляецца на сумесных прадпрыемствах у Прыволжскай федэральнай акрузе, па сваiх тэхнiчных параметрах не ўступае замежным аналагам, а па цане ў 1,5—2 разы таннейшая.

"Iснуючы ўзровень кааперацыйных сувязяў сведчыць, што мы вырабляем агульны прадукт. I ў гэтай сiтуацыi якiх-небудзь нетарыфных або тэхнiчных бар'ераў ва ўзаемным гандлi быць не павiнна i ў прынцыпе быць не можа памiж партнёрамi, якiя фармiруюць Саюзную дзяржаву i адзiную мытную тэрыторыю", — сказаў Прэзiдэнт.

←Бригада. Новый европейский сериал

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика