Дзяды Марозы-нелегалы цяпер у мультах (відэа)
Паводле сюжэту мультымэдыйнага роліка, Дзяды Марозы сьпяшаюцца да дзяцей са сваёй штогадовай высакароднай місіяй. Аднак ня ўсё проста ў краіне, дзе любая грамадзкая дзейнасьць можа быць пакараная.
Нагадаем, 2 сьнежня 2005 года ў другім чытаньні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія ўзмацнілі адказнасьць “за дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі”. Прыняты напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году новы крымінальны артыкул 193.1 быў неадкладна задзейнічаны для барацьбы зь непажаданымі для ўладаў арганізацыямі. З моманту, калі ў 2006 годзе ўступіла ў дзеяньне крымінальная адказнасьць за дзейнасьць у незарэгістраваных аб’яднаньнях, па артыкуле 193-1 было асуджана 17 чалавек. Пры гэтым ніводнага апраўдальнага прысуду праваабаронцы не зафіксавалі.
Стварэньне ролікаў ажыцьцяўляецца ў межах кампаніі “Стоп 193.1”, ініцыяванага Асамблеяй НДА. Раней на сайце арганізацыі былі зьмешчаныя мульфільмы і іншае відэа, прысьвечаныя ганебнаму артыкулу. Мультымэдыйныя кліпы паказваюць абсурднасьць прымяненьня артыкула 193.1 у дачыненьні да актывістаў незарэгістраваных арганізацыяў. Іх героі – бабулькі-зьбіральніцы грыбоў і студэнты напярэдадні іспытаў – трапляюць у поле зроку праваахоўнікаў як прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі.
Кампанія Асамблеі НДА “Стоп 193.1” будзе працягвацца да поўнай адмены адыёзнага артыкула.