Аляксандр Лукашэнка адобрыў прапановы ЦВК па змяненнi Выбарчага кодэкса
Прэзiдэнт Беларусi правёў нараду па ўдасканаленнi нацыянальнага выбарчага заканадаўства. Кiраўнiку дзяржавы былi прадстаўлены прапановы па змяненнi Выбарчага кодэкса рэспублiкi.
Прэзiдэнт адзначыў, што меры па ўдасканаленнi выбарчага заканадаўства Беларусi, якiя абмяркоўваюцца сёння, — гэта вялiкi крок наперад. Аднак вынiкi такога кроку павiнны быць загадзя дасканала пралiчаны. "Трэба зыходзiць выключна з нацыянальных iнтарэсаў", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. Ён звярнуў асаблiвую ўвагу на тое, каб усе змяненнi, што рыхтуюцца, няўхiльна адпавядалi i лiтары, i духу Канстытуцыi Беларусi.
Удасканаленне законаў не патрабуе ўнясення змяненняў у Асноўны закон. "Яшчэ адзiн рэферэндум праводзiць па змяненнi Канстытуцыi, лiчу, i не час, i няма такой неабходнасцi", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэслiў, што лiбералiзацыя выбарчага заканадаўства не павiнна прывесцi да палiтычных беспарадкаў i анархii ў час будучых кампанiй: "Хачу перасцерагчы, што разгляд магчымасцi гэтых змяненняў не павiнен даць старт нейкiм кампанiям бразгання палiтычнай зброяй. Таму што калi мы цяпер, у час эканамiчных цяжкасцяў, пачнём гэтым займацца, то мы наўрад цi выберамся з гэтага стану".
"Яшчэ раз хачу падкрэслiць: гэта нi ў якiм выпадку не трэба разумець так, што мы раптам перастанем займацца эканомiкай, канкрэтнымi пытаннямi жыцця людзей", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што выбары павiнны прайсцi спакойна. "Не звяртайце ўвагi на гэты пiск, вiск i ўнутры краiны, i з-за мяжы, — заклiкаў ён. — Мы павiнны спакойна працаваць i рабiць сваю справу".
"Сёй-той трактуе неабходнасць змянення выбарчага заканадаўства як выкананне патрабаванняў Еўрасаюза па палiтычнай лiбералiзацыi Беларусi. Нацiскаць на нас — контрпрадукцыйна, i гэта ў Еўропе разумеюць. Мы — суверэнная дзяржава i самастойна выпрацоўваем сваю знешнюю i ўнутраную палiтыку, зразумела, улiчваючы ўсё лепшае з сусветнага вопыту", — заявiў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзiдэнт растлумачыў, што Беларусь спакойна ўспрымае крытыку ЕС наконт нацыянальнага выбарчага заканадаўства. "Давайце не будзем скрываць: еўрапейцы выстаўляюць нам пэўныя патрабаваннi, — сказаў ён. — Нядаўна сустракаючыся з прадстаўнiкамi кiраўнiцтва Еўрасаюза, я гаварыў iм, што ў нас няма нiякай алергii, нiякага непрыняцця тых патрабаванняў, якiя ўносiць Еўрапейскi саюз". "Проста нам трэба крыху часу. І мы практычна ўсе 12 патрабаванняў ад Еўропы прымаем — без урону для нашай унутранай палiтыкi", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Еўрасаюз, ЗША i Расiя намякаюць Беларусi на тое, што ў нечым не шкодзiла б падкарэктаваць заканадаўства краiны. Мы не супраць, калi нам падказваюць. Але яшчэ раз падкрэслiваю, што мы будзем ствараць усе ўмовы, каб захоўваць стабiльнасць i кiруемасць у краiне. Гэтыя выбары мы робiм для сябе, для нашага народа, для ўнутранай палiтыкi нашай краiны. I каб сiтуацыя не была дэстабiлiзавана, усё павiнна адпавядаць Канстытуцыi Беларусi", — падкрэслiў Прэзiдэнт.
Выбары павiнны быць сумленнымi, справядлiвымi i адкрытымi. I калi законы краiны трэба для гэтага палепшыць, то зрабiць гэта неабходна аператыўна, лiчыць ён. "Мы ўжо сёння павiнны прыняць прынцыповае рашэнне наконт гэтага. Пажадана, каб наш парламент ужо на гэтай сесii правёў адпаведныя папраўкi ў нацыянальнае заканадаўства, i звесткi аб iх былi своечасова даведзены да выбаршчыкаў", — запатрабаваў кiраўнiк дзяржавы.
Асаблiвая ўвага на нарадзе была ўдзелена наступным прапанаваным новаўвядзенням. Па-першае, фармiраваць выбарчыя камiсii (акрамя Цэнтрвыбаркама) так, каб не менш за трэць у iх складалi прадстаўнiкi палiтычных партый i iншых грамадскiх аб'яднанняў. "Я наогул не бачу па гэтым пытаннi праблемы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Рашэннi прымае выканкам. Iдзiце ў выканкам, там вас уключаць у выбарчыя камiсii. Але сiлай прымушаць — маўляў, у такойсьцi камiсii палавiну або трэць павiнны складаць прадстаўнiкi палiтычных партый — не трэба". Па-другое, прапануецца спрасцiць вылучэнне i рэгiстрацыю кандыдатаў, у тым лiку дазволiць палiтычным партыям вылучаць сваiх кандыдатаў ва ўсiх выбарчых акругах незалежна ад таго, ёсць там iх структуры або няма.Па-трэцяе, прадаставiць кандыдатам права праводзiць масавыя мерапрыемствы па перадвыбарнай агiтацыi ў паведамляльным парадку ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, а таксама магчымасць ажыццяўляць сумесную агiтацыю. "Тут таксама асаблiвых праблем няма. Але давайце раз i назаўсёды дамовiмся: дзе б гэта нi было — у Мiнску, Мазыры, Бярозе або любым сельскiм Савеце — ёсць спецыяльна адведзенае месца, i iншага месца быць не павiнна нi для якiх партый. Там, калi ласка, праводзьце, загадзя iнфармуйце, каб мы маглi гарантаваць бяспеку i парадак, але не дай бог кто-небудзь парушыць гэты парадак", — папярэдзiў Аляксандр Лукашэнка.
Па-чацвёртае, дазволiць стварэнне iндывiдуальных выбарчых фондаў, забяспечыўшы пры гэтым строгi кантроль за iх фармiраваннем i расходаваннем сродкаў. "Калi ў кагосьцi ёсць грошы — калi ласка, няхай iх выкарыстоўвае", — сказаў Прэзiдэнт.
Па-пятае, выключыць парог яўкi выбаршчыкаў, неабходны для прызнання, што выбары мясцовых Саветаў адбылiся. Пры гэтым кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што размова не iдзе аб прэзiдэнцкiх выбарах. "На прэзiдэнцкiх выбарах парог яўкi закранаць нельга, павiнен застацца ранейшы мiнiмум: 50 працэнтаў выбаршчыкаў плюс 1 голас", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Але пры гэтым майце на ўвазе: ацэнка дзейнасцi мясцовых органаў будзе самая жорсткая — каб не было спробаў мясцовых уладаў самаўстаранiцца ад правядзення выбарчай кампанii", — дадаў ён.
Акрамя таго, прапануецца пашырыць правы наглядальнiкаў, каб прадаставiць iм магчымасць аглядаць працэдуру падлiку галасоў. "Але зноў жа я не бачу тут праблемы. У нас старшыня выбарчай камiсii на месцы вырашае, каго дапускаць да падлiку галасоў, а каго не дапускаць. Таму любое прыняцце тут якога-небудзь жорсткага рэгламенту — гэта ўжо своеасаблiвы нацiск i нiвелiраванне таго падыходу, якi сёння ў нас iснуе, — лiчыць Прэзiдэнт. — Але, тым не менш, давайце абмяркуем i гэту прапанову".
У вынiку доўгага i плённага абмеркавання практычна ўсе прапанаваныя змяненнi былi адобраны ў тым варыянце, у якiм былi падрыхтаваны Цэнтрвыбаркамам. Плануецца, што ўжо на наступным тыднi законапраекты са змяненнямi будуць унесены ў парламент i прыняты ў час бягучай сесii Нацыянальнага сходу.
Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.