Сяргей Сiдорскi выказаў заклапочанасць iстотным падзеннем беларуска-расiйскага тавараабароту
Прэм'ер-мiнiстр Беларусi Сяргей Сiдорскi ў час сустрэчы з расiйскiм калегам Уладзiмiрам Пуцiным, што прайшла ў падмаскоўнай рэзiдэнцыi Нова-Агарова, выказаў заклапочанасць iстотным знiжэннем беларуска-расiйскага тавараабароту.
"За 8 месяцаў гэтага года зафiксавана значнае падзенне тавараабароту памiж Беларуссю i Расiяй — больш за 40 працэнтаў", — канстатаваў беларускi прэм'ер. Паводле яго ацэнкi, цяперашнi аб'ём тавараабароту знiзiўся да ўзроўню 2005 года. Пры гэтым падзенне ВУП у дзвюх краiнах значна меншае, а сiтуацыя ў беларускай i расiйскай эканомiцы ўсяляе аптымiзм. Акрамя пытанняў узаемнага гандлю кiраўнiк беларускага ўрада прапанаваў абмеркаваць шэраг бягучых пытанняў, у тым лiку па пастаўках нафты. Сяргей Сiдорскi паведамiў, што беларускi бок распрацаваў праграму супрацоўнiцтва з Расiяй у палiўна-энергетычным комплексе, якая цяпер знаходзiцца на разглядзе расiйскага боку. Акрамя таго, на сустрэчы былi абмеркаваныя пытаннi, якiя намечана ўключыць у парадак дня блiжэйшага пасяджэння Савета Мiнiстраў Саюзнай дзяржавы.
Пасяджэнне Савета Мiнiстраў Саюзнай дзяржавы пройдзе ў канцы кастрычнiка ў Маскве, паведамiў прэм'ер-мiнiстр Расii Уладзiмiр Пуцiн падчас сустрэчы з прэм'ер-мiнiстрам Беларусi Сяргеем Сiдорскiм.
Уладзiмiр Пуцiн дадаў, што ў снежнi намечана правесцi пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.
"Сёння мы мелi магчымасць у рабочым парадку абмяняцца iнфармацыяй аб тым, як развiваецца эканамiчнае супрацоўнiцтва Беларусi i Расii", — сказаў Уладзiмiр Пуцiн. На яго думку, нягледзячы на крызiсныя з'явы, аб'ём беларуска-расiйскага тавараабароту паступова аднаўляецца. Прэм'ер-мiнiстр РФ падкрэслiў, што Беларусь — найбуйнейшы пастаўшчык на расiйскi рынак шэрагу тавараў, перш за ўсё сельгаспрадукцыi. Расiйскi бок прыняў рашэнне аб прыраўнаваннi беларускiх пастаўшчыкоў да расiйскiх пры правядзеннi дзяржаўных закупак.
БЕЛТА.