Забяспечваючы стабiльнасць i эфектыўнае развiццё

Источник материала:  

Выступленне Старшынi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Андрэйчанкi У.П. на адкрыццi трэцяй сесii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь чацвёртага склiкання

Паважаныя дэпутаты!

Паважаныя члены Урада, запрошаныя i журналiсты!

У адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь сёння пачынае работу трэцяя сесiя Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь чацвёртага склiкання.

У мiжсесiйны перыяд па ўсiх напрамках парламенцкай дзейнасцi праводзiлася мэтанакiраваная работа, вырашалiся задачы, пастаўленыя Кiраўнiком дзяржавы ў Пасланнi да беларускага народа i Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. Яе вынiкам у заканадаўчай сферы стаў прапанаваны вам для зацвярджэння праект парадку дня сесii.

Забяспечваючы стабiльнасць i эфектыўнае развiццёТрадыцыйна для асенняй сесii самым значным з'яўляецца разгляд i прыняцце законапраекта аб рэспублiканскiм бюджэце. Плануецца, што праект бюджэту на 2010 год захавае сацыяльную накiраванасць. У цэлым на сацыяльную сферу плануецца выдзелiць да 60 працэнтаў яго расходнай часткi. Будзе забяспечаны рост расходаў на ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт i сацыяльную палiтыку. Адначасова праект бюджэту прызначаны вырашыць шэраг iншых важных задач.   Перш за ўсё, гэта павышэнне эфектыўнасцi выкарыстання бюджэтных сродкаў. У законапраекце таксама прадугледжаны меры па дзяржаўнай падтрымцы прыярытэтных галiн рэальнага сектара эканомiкi, павышэннi канкурэнтаздольнасцi прадпрыемстваў, развiццi экспарту i прыцягненнi iнвестыцый.

Прадаўжаецца работа па кадыфiкацыi падатковага заканадаўства. Парламентарыi актыўна супрацоўнiчаюць з Урадам пры падрыхтоўцы праекта Асаблiвай часткi Падатковага кодэкса Рэспублiкi Беларусь i спецыяльнага закона, якi забяспечвае ўвядзенне яе ў дзеянне. Дэпутатамi ўнесены шэраг сацыяльна значных iнiцыятыў. У прыватнасцi, прапануецца вызвалiць арганiзацыi аховы здароўя ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць за аказанне медыцынскiх паслуг насельнiцтву, спрасцiць прымяненне дзеючай iльготы па зямельным падатку для шматдзетных сем'яў, увесцi вылiкi па падаходным падатку для iнвалiдаў пры выкананнi iмi работ не па асноўным месцы работы, а таксама знiзiць з 15 да 12 працэнтаў стаўку падаходнага падатку з фiзiчных асобаў па даходах, атрыманых ад аперацый з каштоўнымi паперамi ў выглядзе дывiдэндаў.

Важную ролю ў паляпшэннi бiзнэс-клiмату ў краiне прызначаны адыграць законапраект "Аб падтрымцы малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва". Дапрацаваны Урадам з улiкам новых эканамiчных рэалiй, ён прапануе комплекс мераў па падтрымцы гэтага сектара эканомiкi. Размова iдзе, перш за ўсё, аб садзейнiчаннi ў рэалiзацыi iнвестыцыйных праектаў, нарошчваннi экспартнага патэнцыялу i пашырэннi доступу да крэдытных рэсурсаў.

На развiццё дзелавой актыўнасцi накiраваны змяненнi i дапаўненнi, якiя ўносяцца ў Грамадзянскi кодэкс, Закон "Аб гаспадарчых таварыствах", а таксама ў некаторыя законы па пытаннях дзяржаўнай рэгiстрацыi i спынення дзейнасцi суб'ектаў гаспадарання. Будуць удасканалены нормы, якiя рэгулююць пытаннi транспартнай дзейнасцi i выкарыстання атамнай энергii.

Першы этап разгляду пройдзе законапраект, накiраваны на ўдасканаленне сiстэмы кiравання i ўпарадкаванне працэдур у галiне архiтэктуры i будаўнiцтва. У першым чытаннi мы таксама разгледзiм праект Закона "Аб ветэрынарнай дзейнасцi", якi iстотна абнаўляе заканадаўства ў гэтай галiне i прыводзiць яго ў адпаведнасць з мiжнароднымi патрабаваннямi, што, у прыватнасцi, дасць магчымасць павысiць канкурэнтаздольнасць айчыннай жывёлагадоўчай прадукцыi.

Сярод прыярытэтаў эканамiчнага блока i пытаннi зямельнага заканадаўства, звязаныя з забеспячэннем эфектыўнага выкарыстання i аховы зямель, спрашчэннем працэдур у сферы абарачэння зямельных участкаў.

Пераход да iнавацыйнай эканомiкi запатрабаваў карэкцiроўкi нормаў, што рэгулююць навуковую, навукова-тэхнiчную i iнавацыйную дзейнасць, у першую чаргу ў плане павышэння эфектыўнасцi навуковых даследаванняў i ўзмацнення ролi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi ў iх арганiзацыi. Праект закона, накiраваны на вырашэнне гэтых задач, будзе разгледжаны ў першым чытаннi.

У блоку законапраектаў па пытаннях мытнага права адзначу пакет з 13 мiжнародных пагадненняў, якiя фармiруюць прававую базу мытнага саюза Беларусi, Казахстана i Расii. Замацоўваемы iмi рэжым свабоднага гандлю без выключэнняў i абмежаванняў, устанаўленне празрыстых правiлаў гандлю i шэраг iншых мераў будуць садзейнiчаць павышэнню ўстойлiвасцi айчыннай эканомiкi ва ўмовах сусветнага фiнансава-эканамiчнага крызiсу.

У ходзе сесii будуць прыняты важныя заканадаўчыя рашэннi па аптымiзацыi адмiнiстрацыйна-кiраўнiцкай дзейнасцi. У другiм чытаннi плануецца разгляд законапраекта, што прадугледжвае карэкцiроўку 30 законаў, якiя рэгулююць праваадносiны ў розных сферах жыцця грамадства, што дасць магчымасць на чвэрць скарацiць колькасць працэдур, якiя ажыццяўляюцца адносна юрыдычных асобаў i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, выключыць магчымасць правядзення адмiнiстрацыйных працэдур, не прадугледжаных заканадаўствам.

На скарачэнне папяровага дакументаабароту i стварэнне зладжанай сiстэмы мiжведамаснага iнфармацыйнага ўзаемадзеяння накiраваны праект Закона "Аб электронным дакуменце i электронным лiчбавым подпiсе". Яго прыняцце дасць магчымасць павысiць аператыўнасць, а значыць i эфектыўнасць кiраўнiцкiх рашэнняў i адыграе пазiтыўную ролю ў рэалiзацыi прынцыпу "аднаго акна".

Прадоўжыцца работа па барацьбе з бюракратызмам i карупцыяй. У прыватнасцi, будзе спрошчаны парадак дэкларавання даходаў i маёмасцi фiзiчных асобаў. Больш дзейсным стане кантроль у гэтай сферы. Плануецца таксама замацаваць шэраг мераў па процiдзеяннi карупцыi ў дзяржаўных органах i арганiзацыях.

У блоку сацыяльных пытанняў неабходна адзначыць два стратэгiчна важныя дакументы. Гэта праект Закона "Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палiтыкi", якi мы разгледзiм у другiм чытаннi, i праект Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адукацыi, падрыхтаваны да разгляду ў першым чытаннi.

Праект Кодэкса прыцягнуў вялiкую ўвагу грамадскасцi. І гэта нядзiўна: сёння яму няма аналагаў на пастсавецкай прасторы. Выбаршчыкi чакаюць ад нас дасканала прадуманага, узважанага заканадаўчага рашэння, ад якога ў многiм будзе залежаць не толькi лёс нацыянальнай сiстэмы адукацыi, але i развiццё нашай культуры, навукi, эканомiкi, ды i грамадства ў цэлым.

Не застануцца без увагi на сесii i пытаннi ўдасканалення сiстэмы дзяржаўнай абароны дзяцей у нядобранадзейных сем'ях.

Iстотныя карэктывы прапануецца таксама ўнесцi ў заканадаўства аб занятасцi насельнiцтва. Дэпутаты пачалi работу над законапраектам, якi гарантуе беспрацоўным дзяржаўнае садзейнiчанне ў арганiзацыi дзейнасцi па аказаннi паслуг у сферы аграэкатурызму i рамеснай дзейнасцi, пашырае пералiк непрацуючых грамадзян, якiя рэгiструюцца ў якасцi беспрацоўных, а таксама забараняе наймальнiкам у звестках аб свабодных рабочых месцах пазначаць дыскрымiнацыйныя ўмовы прыёму на работу.

Упершыню на ўзроўнi закона мы звернемся да вырашэння такой важнай задачы, як абарона псiхалагiчнага дабрабыту грамадзян. Цяпер праводзiцца падрыхтоўка да разгляду ў першым чытаннi праекта Закона "Аб аказаннi псiхалагiчнай дапамогi".

На пераадоленне такiх пагроз сацыяльнаму дабрабыту i фiзiчнаму здароўю нацыi, як алкагалiзм, наркаманiя, таксiкаманiя, накiраваны законапраект, якi прадугледжвае меры прымусовага ўздзеяння ў адносiнах да тых, хто ў вынiку паталагiчнай залежнасцi сiстэматычна парушае грамадскi парадак або правы iншых асобаў.

Традыцыйна важнае месца ў парадку дня сесii займаюць пытаннi дзяржаўнага будаўнiцтва. У другiм чытаннi мы разгледзiм праект Закона "Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь", якi ўстанаўлiвае кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых i распарадчых органаў розных тэрытарыяльных узроўняў, а таксама прававы статус i парадак стварэння органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання. Будзе ўрэгуляваны шэраг пытанняў дзейнасцi судоў, у тым лiку выканаўчага i загаднага вядзення па справах. Працэдуру першага чытання пройдзе праект Закона "Аб Камiтэце дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь i яго тэрытарыяльных органах".

У сферы нацыянальнай бяспекi i абароны трэба будзе прыняць заканадаўчыя рашэннi, накiраваныя на павышэнне прэстыжу ваеннай службы, забеспячэнне прававой i сацыяльнай абароны ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, i членаў iх сем'яў. Будуць удакладнены некаторыя прававыя аспекты дзейнасцi органаў пагранiчнай службы, абароны дзяржаўных сакрэтаў, знаходжання ў нашай краiне замежных грамадзян i асобаў без грамадзянства.

Звяртаючыся да мiжнароднай дзейнасцi, адзначу, што ў мiжсесiйны перыяд яна была даволi напружанай.

У ходзе 18-й штогадовай сесii Парламенцкай Асамблеi АБСЕ, што праходзiла ў г. Вiльнюсе, беларускiя парламентарыi выказалi пункт гледжання Рэспублiкi Беларусь па пытаннях змянення клiмату i мараторыю на смяротную кару, а таксама прынялi ўдзел у пасяджэннi круглага стала на тэму "Усходняе партнёрства i Беларусь", iнiцыяванага Рабочай групай Парламенцкай Асамблеi АБСЕ па Беларусi.

На сустрэчах з кiраўнiцтвам Парламенцкай Асамблеi АБСЕ i калегамi з iншых краiн нашы прадстаўнiкi дакладна абазначылi пазiцыю беларускага боку адносна далейшага супрацоўнiцтва не толькi з АБСЕ, але i з Еўрапейскiм Саюзам i Саветам Еўропы.

Важным крокам у развiццi дыялога з Паўночным Саветам стаў нядаўнi вiзiт яго афiцыйнай дэлегацыi ў г. Мiнск. У ходзе сустрэчы абмеркаваны перспектывы развiцця мiжпарламенцкага супрацоўнiцтва. Вялiкая ўвага была нададзена пытанням прыцягнення iнвестыцый краiн Паўночнай Еўропы ў экалагiчныя i энергетычныя праекты Рэспублiкi Беларусь, стварэння i рэалiзацыi сумесных праектаў у сферах энергазберажэння, аднаўляльнай i альтэрнатыўнай энергетыкi, бiятэхналогii, лесакарыстання i дрэваапрацоўкi.

Беларускiя дэпутаты прынялi ўдзел у 18-й парламенцкай канферэнцыi дзяржаў Балтыйскага мора, праведзенай у Данii, мiжнароднай парламенцкай канферэнцыi па пытаннях еўрапейскай бяспекi, што адбылася ва Украiне, i ў 19-м Эканамiчным форуме, арганiзатарам якога выступiла Польшча.

Сярод найбольш значных мерапрыемстваў, праведзеных у рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii, адзначу пасяджэннi камiсiй Парламенцкага Сходу па сацыяльнай палiтыцы, навуцы, культуры i гуманiтарных пытаннях, па iнфармацыйнай палiтыцы, па заканадаўстве i Рэгламенце, прымеркаваныя да фестывалю "Моладзь — за Саюзную дзяржаву", а таксама ўдзел дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў у рабоце вiдэамоста Мiнск — Масква, прысвечанага 65-годдзю вызвалення Рэспублiкi Беларусь ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў.

У складзе Мiсii наглядальнiкаў ад СНД беларускiя дэпутаты ўдзельнiчалi ў мiжнародным назiраннi за выбарамi Прэзiдэнта Кыргызскай Рэспублiкi i пазачарговымi выбарамi ў Парламент Рэспублiкi Малдова.

З двухбаковых кантактаў трэба адзначыць вiзiт у Беларусь парламенцкай дэлегацыi Эстонскай Рэспублiкi. Прадметам нашых перагавораў сталi пытаннi развiцця мiжпарламенцкiх сувязяў, супрацоўнiцтва ў палiтычнай, эканамiчнай i культурнай сферах. Асаблiвая ўвага была ўдзелена экалагiчнай тэматыцы, праблемам, звязаным з вiзавым рэжымам.

Мiжнародная праграма ў час трэцяй сесii таксама прадугледжвае ўвесь спектр мiжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Чакаюцца вiзiты дэлегацый парламентаў Азербайджана, Арменii i Iрака. Плануецца вiзiт дэлегацыi беларускага Парламента ў Кiтайскую Народную Рэспублiку.

Адбудзецца сесiя Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii па разглядзе бюджэту Саюзнай дзяржавы. Нашы парламентарыi прымуць удзел у мерапрыемствах па лiнii МПА СНД, МПА ЕўрАзЭС i ПА АДКБ, а таксама ў рабоце 121-й Асамблеi Мiжпарламенцкага Саюза, пасяджэннi Генеральнай асамблеi парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай iнiцыятывы, 34-м пленарным пасяджэннi Генеральнай асамблеi Парламенцкай Асамблеi Чарнаморскага эканамiчнага супрацоўнiцтва.

Асаблiва важным у плане далейшага пашырэння супрацоўнiцтва на еўрапейскiм напрамку стане ўдзел беларускiх дэпутатаў у сустрэчы прадстаўнiкоў камiтэтаў па замежных справах для абмеркавання пытанняў фармiравання парламенцкага вымярэння "Усходняе партнёрства", а таксама ў мiжнароднай канферэнцыi, прысвечанай пытанням барацьбы з глабальным змяненнем клiмату, праводзiмай пад эгiдай Паўночнага Савета.

Разглядаецца пытанне аб правядзеннi сумесна з Сакратарыятам Савета Еўропы ў г. Мiнску пасяджэння круглага стала аб магчымасцi ўвядзення ў Беларусi мараторыю на прывядзенне ў выкананне смяротных прыгавораў або адмены смяротнай кары.

Нараўне з падрыхтоўкай законапраектаў i выкананнем праграмы мiжнароднай дзейнасцi ў мiжсесiйны перыяд праводзiлася вялiкая работа ў выбарчых акругах. З удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў прайшло 278 пасяджэнняў мясцовых органаў улады. Прыняты 3562 выбаршчыкi, разгледжана 3110 зваротаў грамадзян, праведзена больш як 700 сустрэч у працоўных калектывах.

Вопыт вырашэння актуальных праблем сацыяльна-эканамiчнага развiцця рэгiёнаў, непасрэдная работа з насельнiцтвам далi магчымасць нам яшчэ раз зверыць свае планы, скарэктаваць iх у адпаведнасцi з чаканнямi грамадства. Значэнне такой практыкi для выпрацоўкi ўзгодненых пазiцый па важнейшых пытаннях жыцця краiны цяжка пераацанiць.

Дэпутаты павiнны прадоўжыць работу па вывучэннi меркавання сваiх выбаршчыкаў аб эфектыўнасцi дзеяння ўлад усiх узроўняў па лiбералiзацыi эканомiкi, выкананнi важнейшых сацыяльных праграм, падтрымцы найменш абароненых слаёў насельнiцтва. Меркаванне беларускага грамадства вельмi важна i для выпрацоўкi ўзважаных падыходаў да такiх складаных пытанняў, як увядзенне мараторыю на смяротную кару i прызнанне Рэспублiкай Беларусь Абхазii i Паўднёвай Асецii.

На цяперашняй сесii мы таксама правядзём парламенцкiя слуханнi, прысвечаныя стану i перспектывам развiцця заканадаўства ў сферы жыллёвага крэдытавання насельнiцтва. Вынiкам слуханняў павiнны стаць рэкамендацыi, нацэленыя на эфектыўнае вырашэнне праблем, што наспелi ў гэтай сферы.

На заканчэнне, паважаныя калегi, хачу падзякаваць вам за добрую падрыхтоўку да сесii i пажадаць плённай работы.

←Сидорский едет в Москву за новым кредитом?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика