Прэзідэнт паставiў перад Мiнпрамам задачу павялiчыць да канца года тэмп росту прамысловай вытворчасцi да 80 працэнтаў

Источник материала:  

Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка даручыў правесцi поўную мадэрнiзацыю i тэхнiчнае пераўзбраенне Мiнскага падшыпнiкавага завода. Такую задачу кiраўнiк дзяржавы паставiў 24 верасня, наведваючы ААТ "Мiнскi падшыпнiкавы завод".

Мiнскi падшыпнiкавы завод — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў машынабудаўнiчага комплексу Беларусi i адзiн з вядучых вытворцаў падшыпнiкаў як у Беларусi, так i ў краiнах СНД. Сёння тут працуюць больш як 4 тыс. чалавек.

Падшыпнiкi, што выпускаюцца на прадпрыемстве, выкарыстоўваюцца практычна ва ўсiх галiнах прамысловасцi. Амаль 65 працэнтаў прадукцыi пастаўляецца на экспарт. Акрамя таго, значная частка прадукцыi для ўнутранага рынку потым таксама экспартуецца ў складзе тэхнiкi МАЗа, МТЗ, БелАЗа, "Гомсельмаша", "Амкадора" i iншых прадпрыемстваў. У сувязi з гэтым ваганнi попыту на знешнiх рынках непасрэдна ўплываюць на аб'ёмы вытворчасцi.

Прадпрыемству дзяржавай неаднаразова аказвалася фiнансавая дапамога ў выглядзе субсiдый (напрыклад, у 2008 годзе — Br26 млрд). Аднак цяпер сiтуацыя на заводзе застаецца складаная: знос асноўнага тэхналагiчнага абсталявання складае 97,8 працэнта, аб'ём вытворчасцi ў студзенi—жнiўнi 2009 года ў параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года скарацiўся ўдвая, складскiя запасы павялiчылiся ў 5,8 раза, экспарт зменшыўся на 65 працэнтаў.

У 2008 годзе Мiнскiм падшыпнiкавым заводам было выпушчана прадукцыi на суму Br172,4 млрд, або Br14,3 млрд у месяц. Цяпер кожны месяц завод вырабляе прадукцыi на суму каля Br10 млрд. Знiжэнне аб'ёмаў вытворчасцi звязана з тым, што з-за сусветнага фiнансавага крызiсу адбыўся спад вытворчасцi на большасцi прадпрыемстваў металургiчнай, горназдабыўной, вугальнай прамысловасцi, перш за ўсё на расiйскiх i ўкраiнскiх, якiя з'яўляюцца асноўнымi спажыўцамi падшыпнiкаў маркi MРZ.

З мэтай стабiлiзацыi фiнансавага стану завода былi распрацаваны мерапрыемствы, накiраваныя на павелiчэнне аб'ёмаў продажаў i асваенне новых вырабаў. Пашырана наменклатура падшыпнiкаў, якiя пастаўляюцца на ўнутраны i знешнi рынкi, вядзецца пошук новых рынкаў збыту. У прыватнасцi, цяпер вядуцца перагаворы з Венесуэлай, Кубай, ЗША. Разам з тым вiдавочна, што без умяшання дзяржавы прадпрыемства не зможа самастойна развiвацца i паспяхова працаваць на сусветных рынках.

Аляксандр Лукашэнка азнаёмiўся з работай прадпрыемства, пабываў у вытворчых цэхах. Па вынiках Прэзiдэнт крытыкаваў цяперашнi стан завода. "Такiх заводаў быць не павiнна. Якi iнвестар сюды пойдзе?" — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу на недагледжанасць i безгаспадарчасць у цэхах i на тэрыторыi завода. Неабходна пачынаць з добраўпарадкавання прадпрыемства, а потым ужо ставiць пытанне аб дзяржпадтрымцы.

Кiраўнiк дзяржавы даручыў ураду, Мiнпраму, кiраўнiцтву завода да канца гэтага года падрыхтаваць прапановы па мадэрнiзацыi МПЗ. У найблiжэйшы час неабходна скласцi бiзнэс-план, вызначыць неабходны аб'ём мадэрнiзацыi, прааналiзаваць прапановы патэнцыяльных пастаўшчыкоў новага абсталявання, а таксама вызначыцца з крынiцамi фiнансавання. У прыватнасцi, разглядаецца пытанне прыцягнення замежных доўгатэрмiновых крэдытаў з магчымасцю кампенсацыi прадпрыемству дзяржавай працэнтаў па iх, а таксама пытанне прадастаўлення бюджэтнай субсiдыi. Потым трэба падрыхтаваць адпаведны праект указа i да канца года ўнесцi яго на разгляд кiраўнiку дзяржавы. Прэзiдэнт лiчыць, што мадэрнiзацыю завода неабходна пачаць ужо з 2010 года. У цэлым рэканструкцыя павiнна быць завершана да 2013 года. Гэта дасць магчымасць павялiчыць аб'ёмы вытворчасцi на прадпрыемстве ў 3 разы. Прэзiдэнт запатрабаваў, каб ужо ў найблiжэйшы час прадпрыемства выйшла на вытворчасць прадукцыi на Br20 млрд у месяц.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка паставiў перад Мiнiстэрствам прамысловасцi задачу павялiчыць да канца гэтага года тэмп росту прамвытворчасцi да 80 працэнтаў. "Я подзвiгаў не патрабую, — сказаў ён, звяртаючыся да мiнiстра прамысловасцi Аляксандра Радзевiча, — але нiжэй за 80 працэнтаў прамысловая вытворчасць упасцi не можа. У цэлым хацелася б выйсцi на ўзровень 85 працэнтаў".

За восем месяцаў гэтага года вытворчасць прамысловай прадукцыi на прадпрыемствах Мiнпрама склала 74,4 працэнта да ўзроўню студзеня—жнiўня мiнулага года. Усяго вытворчасць прамысловай прадукцыi ў краiне за гэты перыяд склалася на ўзроўнi 95,4 працэнта (гадавы прагноз — 110-112 працэнтаў).

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў працягваць працу па скарачэннi складскiх запасаў. У найблiжэйшы час кiраўнiк дзяржавы заслухае нядаўна назначаных кiраўнiкоў дзяржаўных органаў па выкананні яго даручэнняў, у тым лiку па пытанні знiжэння складскiх запасаў. Гэта серыя дакладаў будзе зроблена ў кантэксце падрыхтоўкi да справаздачы ўрада. Кiраўнiкi таксама даложаць аб тым, як яны выконваюць дадзеныя кiраўнiку дзяржавы абяцаннi.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.

←Беларусь и Республика Корея намерены заключить договор о выдаче

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика