Аляксандр Лукашэнка: Беларусь гатова цесна супрацоўнiчаць з бiзнэсменамi Славакii ва ўсiх сферах
Беларусь гатова цесна супрацоўнiчаць з бiзнэсменамi Славакii ва ўсiх сферах: ад банкаўскага сектара да прамысловасцi i сельскай гаспадаркi. Аб гэтым заявiў Прэзiдэнт краiны Аляксандр Лукашэнка 7 верасня на сустрэчы з мiнiстрам замежных спраў Славакii Мiраславам Лайчакам.
"Нам важна мець з вамi цеснае супрацоўнiцтва. Пры гэтым мы не ставiм нiякiх умоў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае, каб вы ў канкурэнтнай барацьбе знайшлi сваё месца, а нiш для супрацоўнiцтва ў нас дастаткова".
Як лiчыць кiраўнiк беларускай дзяржавы, у Беларусi ёсць добрая перавага: "Важна, што мы стварылi добрую канкурэнцыю ў сферы iнвестыцый. Я не буду казаць пра прывабнасць, заклiкаць вас да чаго-небудзь. Бiзнэсмены добра ведаюць клiмат". А з 1 студзеня 2010 года, калi "будзе створаны магутны эканамiчны трыумвiрат у выглядзе Мытнага саюза", працаваць з Беларуссю будзе яшчэ больш выгадна, адзначыў Прэзiдэнт.
Адной з пераваг нашай краiны Аляксандр Лукашэнка назваў таксама прыстойныя адносiны да iнвестараў i ў цэлым бiзнэсменаў, выкананне ўсiх узятых на сябе абавязацельстваў. "Калi мы дамовiлiся, то мы свята выконваем дамоўленасцi. У нас у гэтым плане iдэальны парадак — тое, што ў некаторых дзяржавах называюць дыктатурай. Бiзнэсмены вiтаюць, што тут ёсць парадак: сказана — будзе зроблена. Яны не любяць рознага роду псеўдадэмакратыю", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.
Сёння ў Беларусi актыўна працуюць прадстаўнiкi дзелавых колаў многiх краiн. "Ёсць фактары, якiя сведчаць, што тут працаваць можна", — падкрэслiў Прэзiдэнт.
Мiнiстр замежных спраў Славакii ў сваю чаргу адзначыў, што адна з мэтаў яго вiзiту — абмеркаванне адносiнаў памiж ЕС i Беларуссю. Паводле яго слоў, Славакiя стараецца актыўна ўплываць на фармiраванне пазiцыi ЕС адносна Беларусi. Мiраслаў Лайчак таксама з задавальненнем адзначыў той факт, што Беларусь стала паўнапраўным членам "Усходняга партнёрства", якое адкрывае добрыя магчымасцi для двухбаковай iнтэграцыi. Сёння важна напаўняць гэту праграму канкрэтным зместам, дадаў ён.
Мiраслаў Лайчак адзначыў, што з iм прыбыла вялiкая дэлегацыя дзелавых колаў. "Спадзяюся, што ў вынiку нашага вiзiту будуць дасягнуты канкрэтныя дамоўленасцi", — сказаў ён.
У апошнiя гады двухбаковы дыялог памiж Беларуссю i Славакiяй развiваецца паслядоўна i канструктыўна. Славакiя ў рамках агульнай палiтыкi ЕС адносна Беларусi, а таксама з улiкам сваiх нацыянальных iнтарэсаў iмкнецца падтрымлiваць прагматычны характар двухбаковых адносiнаў. Славакiя падтрымала ўключэнне Беларусi ў праграму ЕС "Усходняе партнёрства", выступае за больш актыўны ўдзел нашай краiны ў рэалiзацыi праектаў па лiнii Еўрасаюза. Гандлёва-эканамiчнае супрацоўнiцтва дзвюх краiн у апошнiя гады развiваецца таксама даволi дынамiчна. На 1 студзеня 2009 года ў Беларусi налiчвалася 14 прадпрыемстваў з удзелам славацкага капiталу, у тым лiку 6 сумесных i 8 замежных.
Паводле паведамленняў прэс-службы
Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА