Дзесяць крутых беларускіх пісьменнікаў, пра якіх вы наўрад ці чулі
Сучасная беларуская літаратура — гэта найперш Святлана Алексіевіч, Андрусь Горват, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч. Прынамсі, гэтыя прозвішчы мы часта сустракаем у прэсе. А хто яшчэ? Аглядальнікі Onliner склалі дзясятку пісьменнікаў, без якіх цяжка ўявіць беларускую літаратуру сёння. Спыніліся на тых імёнах, якія рэдка трапляюць у навіны, але чые кнігі вартыя ўвагі.
Ілан Маск ад літаратуры — Сяргей Балахонаў
Сяргей Балахонаў — выпускнік гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ужо больш за два дзесяцігоддзі ён працуе настаўнікам у Гомелі. Пасля гісторыі акадэмічнай аўтар заглыбляецца ў гісторыю альтэрнатыўную: то напіша пра «дэмбельскі альбом» Францыска Скарыны, то раскажа пра беларускія падзеі, пакладзеныя ў аснову гульні пра Супер Марыа (легендарны платформер для «Дэндзі»).
Дэбютная кніга Сяргея выйшла ў 2005 годзе — постмадэрнісцкі зборнік «Імя грушы», у які ўвайшлі аднайменны раман і пяць апавяданняў. Галоўны твор — менавіта «Імя грушы». Раман інтрыгуе ўжо назвай, якая адсылае да вядомага твора «Імя ружы» італьянскага пісьменніка Умберта Эка. Дэтэктыўная гісторыя з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, якая разварочваецца на мінскіх вуліцах.
Пасля дэбюту постмадэрніст Балахонаў маўчаў сем гадоў. Часопісныя публікацыі не ўлічваем. І вось наступная кніга — «Зямля пад крыламі Фенікса. Нарысы з паралельнай гісторыі Беларусі» — проста сталася бомбай. Твор можна аднесці да жанру альтэрнатыўнай гісторыі, бо ў ім аўтар расказвае, у якім стагоддзі на Беларусі жылі феніксы і аднарогі і як беларусы пабывалі на Месяцы. Сяргей стварае новыя міфы і робіць гэта настолькі ўпэўнена, што часам пачынаеш задумвацца: «А чаму б не? Можа, і праўда жылі ў нас феніксы, ляталі над палямі, як цяпер буслы». Гістарычная адукацыя і выдатнае пачуццё гумару ўдала спалучыліся ў напісаным і ўвогуле арганічна ўзаемадачыняюцца ва ўсёй творчасці пісьменніка. Менавіта ў «Зямлі…» Балахонаў расказаў пра «дэмбельскі альбом» нашага першадрукара і Супер Марыа.
Затым быў амаль не заўважаны раман з элементамі фантастыкі «Інфанта і аднарог» — пра прыгоды настаўніка з класам, у які яго прызначылі класным кіраўніком. І зусім нядаўна Сяргей выдаў чарговы раман — «Бог кахання Марс» (пра кнігу мы расказвалі ў мінулым аглядзе). У экспедыцыю на Марс аўтар запусціў адразу дваіх беларусаў. Наш Ілан Маск ад літаратуры.
Балахонаў пераклаў шэраг вядомых песень на беларускую мову: 5diez «Дождж», Zdob si Zdub «Стоп-мафія!» для праекта «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». На дыску свае хіты па-беларуску спяваюць замежныя выканаўцы (у тым ліку «Мумий Тролль», «Вопли Видоплясова», Алёна Свірыдава). А яшчэ Сяргей па прыколе ці ўсур’ёз (матывацыя тут не відавочная) пераклаў і праспяваў «Уладзімірскі цэнтрал» Міхаіла Круга. Такія ў яго забавы.
Галоўная кніга Балахонава — «Зямля пад крыламі Фенікса».
Рухавік новай генерацыі — Марыя Мартысевіч
Марыю Мартысевіч не згадваюць у спісах топаў айчыннай літаратуры толькі таму, што яна піша вершы. А так павялося, што сур’ёзнымі аўтарамі лічаць пераважна тых, хто напісаў таўшчэзны раман ці блізка да яго. Гэта, канешне, няправільна, але сёння і ў Марыі ёсць такая кніга.
Мартысевіч з таго пакалення паэтаў, якія пішуць па-новаму, а не як усе ў адной традыцыі. Яна лёгка напіша паэму пра Барбару Радзівіл, і твор ні на каліва не падасца старасвецкім, як яго гераіня («Інтэрнэт-дзённік Барбары Радзівіл»). Альбо напіша паэму пра сем пякельных колаў пры атрыманні візы на Захад. Мартысевіч піша цікава і — дзе гэта да месца — не грэбуе ўжываць і моцныя слоўцы. Ніякіх вам банальных рыфм і метафар.
Марыя — рухавік. Яна бярэцца за безліч літаратурных праектаў. Адзін з апошніх — кніжная серыя «Амерыканка». У беларускіх перакладах выходзяць часам папсовыя, але знакавыя кнігі амерыканскіх пісьменнікаў. «Чытво» Чарлза Букоўскі, «Байцоўскі клуб» Чака Паланюка, «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі, «Бойня №5» Курта Вонэгута… Што ў гэтым такога — рабіць звычайную выдавецкую справу? Усё. Бо робіць яна гэта ў Беларусі. У нашай краіне моцны ўплыў багатага расійскага кніжнага рынку, якому мы не канкурэнты. Расійскія выдавецтвы робяць вялікія наклады, добрую рэкламу і нядорага прадаюць свае кнігі нашым кнігарням. Зрабіць такую ж працу ў Беларусі складаней і даражэй. Знайсці праваўладальнікаў, дамовіцца з перакладчыкамі, аплаціць працу, выдаць кнігу, прадаць яе і запусціць наступную. Працэс, які вымагае сіл і энергіі. Таму Мартысевіч сваёй «Амерыканкай» робіць важную гуманітарную справу.
Марыя перакладае і сама — з чэшскай, польскай, англійскай, украінскай моў. Непасрэдна ў яе перакладах выйшлі, напрыклад, раманы «Я абслугоўваў ангельскага караля» Багуміла Грабала і «Неба пад Берлінам» Яраслава Рудзіша.
Пяць гадоў таму ў Мартысевіч спыталі, якую кнігу яна яшчэ хоча напісаць. «За наступныя 10—15 гадоў запланавала напісаць адзін прыгодніцкі раман пра Другую сусветную вайну, адзін дакументальны раман пра лёсы некалькіх беларускіх жанчын і адну літаратуразнаўчую кнігу. Усё астатняе будзе „між справай“», — адказала пісьменніца. «Між справай» яна напісала моладзевы раман «Гарэзлівы пацалунак» (пад псеўданімам Ева Вайтоўская) і паэму «Сарматыя». Гэта прыклад таго, наколькі Марыя мэтанакіраваная і ведае, як і што хоча рабіць. Паводле «Сарматыі», дарэчы, Паліна Дабравольская восенню прэзентуе монаспектакль. Можаце зацаніць урывак.
Галоўная кніга Мартысевіч — «Сарматыя».
Праўнук Бабарозы — Павел Касцюкевіч
Празаік і перакладчык Павел Касцюкевіч мае цікавую біяграфію. Юнаком ён выправіўся ў Ізраіль, каб пабачыцца з хворым дзядулем, і вырашыў затрымацца. Спачатку думаў, што за год працы там здолее зарабіць на кватэру ў Мінску. У канцы 1990-х гэта выглядала рэальным. Працаваў афіцыянтам, гандляром, ахоўнікам… А затым пайшоў вучыцца — на сацыялагічна-псіхалагічны факультэт у Тэль-Авіўскі акадэмічны каледж. У 2008-м Павел вярнуўся ў Беларусь, дзе цалкам аддаўся літаратуры.
Найперш ён перакладаў. Культавую амерыканскую прозу, сучасных ізраільскіх аўтараў. Напрыклад, раман «Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак» Курта Вонэгута, «Аўтаспынам па Галактыцы» Дугласа Адамса, «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам» Этгара Керэта. Касцюкевіч не проста перакладае творы, але і творча перапрацоўвае іх, набліжаючы да беларускага чытача. Так, у перакладзе кнігі Адамса з’яўляюцца «мандранітавыя капальні планеты Салізорск», выданне «Наша піва» і «бутэлька віскара „Ку-Палёнка“».
Але толькі перакладаць яму было мала, і Павел пачаў пісаць кароткую прозу. Ён выдаў некалькі зборнікаў апавяданняў («Душпастарскія спатканні для дачнікаў», «Зборная РБ па негалоўных відах спорту», «Блог Усяслава Чарадзея»). У творчасці самога Касцюкевіча за гумарам хаваюцца важныя пытанні паўсядзённасці і сацыяльныя праблемы. А пачуццё гумару ў пісьменніка сапраўды цудоўнае.
З 2011 года Павел — арт-дырэктар ужо легендарнай кнігарні «Логвінаў», якая дакладна вядомая ўсім аматарам беларускай культуры. Да нядаўняга часу яна была месцам цікавых і важных літаратурных мерапрыемстваў.
Да таго ж Касцюкевіч увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як першы лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца — за зборнік апавяданняў «Зборная РБ па негалоўных відах спорту». Тады дадатак да прэміі быў салідным — 10 000 еўра (пазней для наступных лаўрэатаў сума зменшылася ўдвая).
Павел нагадвае Хемінгуэя. Амерыканец пачынаў з апавяданняў, якія не хацелі публікаваць. А ён пісаў. Амаль кожны тэкст выходзіў па пратэкцыі старэйшых знаёмых пісьменнікаў. І калі толькі Хэм напісаў раман, у яго бок пачалі глядзець больш уважліва. Касцюкевіч таксама зацята пісаў апавяданні. Але пакуль не выдаў раман «План Бабарозы», поўны гумару і іроніі, алюзій і вобразаў, яго, здаецца, успрымалі як не надта сур’ёзнага аўтара-празаіка, нават выпадковага. Выхад рамана пасунуў Паўла ў топ пісьменнікаў — тых, хто наступнае дзесяцігоддзе будзе тварам айчыннай літаратуры.
«План Бабарозы» — гэта кніга пра чатыры пакаленні адной мінскай сям’і, у якой пануе матрыярхат. І ўсе гэтыя Бабароза, Бабанадзя, Бабагруня спрабуюць кіраваць лёсам Ігарка. «Гэта найноўшая гісторыя Беларусі на прыкладзе адной мандражнай радзіны», — адзначаецца ў анатацыі. Працягваючы сямейную тэму, адзначым, што Касцюкевіч — муж Марыі Мартысевіч.
Галоўная кніга Касцюкевіча — «План Бабарозы».
Свой чалавек у Празе — Макс Шчур
Пра Макса Шчура ў Беларусі больш-менш шырока загаварылі ў кастрычніку 2016 года. Яго раман «Завяршыць гештальт» назвалі найлепшай празаічнай кнігай года — уручылі прэмію Гедройца. А разам з прэміяй і ўзнагароду — 5000 еўра. Адразу паўстала пытанне: хто такі Шчур? Бо на ўганараванні пісьменнік не прысутнічаў, яго кніг на паліцах кнігарань было не знайсці.
«Макс Шчур — класны перакладчык паэзіі і прозы, цудоўны эсэіст левага толку. Кожны ягоны тэкст на мяжы сацыялогіі, эканомікі і літаратуры», — ахарактарызаваў Шчура паэт Андрэй Хадановіч. Апусціўшы, што Макс яшчэ і аўтар шэрагу кніг прозы.
У Беларусі Шчур не быў больш за дваццаць гадоў. Ён пакінуў краіну ў дваццаць. Паводле яго слоў, сілавікі шантажавалі яго крымінальнай справай. Макс да сёння не рызыкуе сюды прыязджаць, хоць, відаць, справа даўно закрытая (калі яна і была). Але пасля такой працяглай адсутнасці ў Беларусі прыязджаць назад яшчэ і страшна. Страшна разбурыць успаміны маладосці.
Шчур жыве ў Празе, дзе піша кнігі па-беларуску і па-чэшску. Па-чэшску — пра Беларусь, па-беларуску — пра ўсё, як сам прызнаецца. Яшчэ ён перакладае з іспанскай і англійскай.
Макс, які не быў у Беларусі столькі часу, прыўносіць сваёй прозай тую заходнюю еўрапейскасць, якую дзесяцігоддзямі ў нас не дазвалялі. Рэдактары тоўстых часопісаў, цэнзары. А калі пісаць стала можна пра ўсё, то адразу вось так традыцыя не ўзнікае. Працягвалі пісаць у большасці так, як гэта рабілася папярэднія дзесяцігоддзі. Шчур жа, які ў Беларусі паспеў дэбютаваць вершамі, сфарміраваўся як пісьменнік у Чэхіі, у іншай традыцыі.
Летась Макс выдаў «Кінараман», якім нібыта вырашыў паставіць сваю творчасць на паўзу. Шкада будзе, калі пісьменнік не знойдзе ў сабе ўнутраную энергію, каб вярнуцца да пісьменства.
Галоўная кніга Шчура — «Завяршыць гештальт».
На стылі — Сяргей Календа
Сяргей Календа яшчэ даволі малады аўтар (яму 35), але за адзінаццаць гадоў ён паспеў выдаць адзінаццаць кніг пад сваім імем і яшчэ чатыры пад псеўданімам Аляксандар І. Бацкель. Добрае сведчанне працавітасці пісьменніка. Акрамя гэтага Сяргей займаецца выданнем літаратурных часопісаў сучаснай беларускай прозы. Спачатку была «Макулатура», цяпер — «Мінкульт».
Культуролаг паводле адукацыі (скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ), Календа ўжо шмат гадоў працуе не па спецыяльнасці. Ён стыліст міжнароднага класу, і для яго гэта не проста праца: у гэтай сферы ён з 16 гадоў. Сяргей разбурае стэрэатып, што пісьменнік мусіць быць філолагам ці працаваць у блізкай да гэтага сферы.
Дэбютаваў Календа ў 2009 годзе кнігай прозы «Помнік атручаным людзям», а ў 2019-м з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі выпусціў сваю пакуль што апошнюю кнігу — зборнік kidult-гісторый «Балтыйскія шкарпэткі».
У 2010 годзе ў Сяргея выйшла кніга пра людзей і іх адносіны «Казкі: гісторыі (не) пра нас». У зборніку «Трохлітровая проза» аўтар змясціў цікавую нізку апавяданняў з агульнай назвай «Генерацыя фанцікаў і фішак» — пра тых, чыё дзяцінства прайшло ў 1990-я. Досвед працы цырульнікам у гатэлі прыдаўся пісьменніку для стварэння кніг «Кантынентальны сняданак» і «Усё ўлічана». Гэта гісторыі з жыцця гатэля, яго насельнікаў, супрацоўнікаў і кіраўніцтва.
Неверагодна шчырай атрымалася аўтабіяграфічная кніга «Падарожжа на край ложка», у якой Календа спавядаецца перад чытачом, расказваючы пра пэўны перыяд свайго жыцця. Гэта кніга пра сям’ю аўтара, пра хваробу ягонай маці. Слова «рак» гучыць у кнізе як прысуд. Ты нічога не можаш зрабіць, можаш толькі назіраць, як згасае блізкі табе чалавек. Твор, які кранае нават тых, хто нічога не ведае пра аўтара.
Летась Сяргей з кнігай «Часам панкі паміраюць» увайшоў у шорт-ліст прэміі Гедройца. Лаўрэатам не стаў, але здабыў перамогу ў намінацыі «Выбар Алексіевіч» і атрымаў ад пісьменніцы iPhone Xr (пра саму кнігу мы пісалі раней).
«Якая ваша ўлюбёная кніга з напісаных?» — спыталі ў Календы пяць гадоў таму. «Ніводнай, і, здаецца, улюбёнай не будзе», — адказаў аўтар. Цяжка і нам вылучыць адну кнігу з вялікага багажу Сяргея: творчасць яго даволі разнастайная, таму кожны чытач знойдзе ў ёй нешта для сябе. Параім жа наступную:
Галоўная кніга Календы — «Падарожжа на край ложка».
Ноўнэйм са Смаргоні — Таня Скарынкіна
Прыклад Тані Скарынкінай паказвае, што можна рабіць літаратуру з любога кутка, нават аддаленага ад сталіцы. І пісаць так, каб цябе заўважалі паўсюль. Стаць прыкметнай з раённага цэнтра — задача нялёгкая.
Скарынкіна жыве ў Смаргоні. Вядома ж, гэта не край Беларусі. Толькі нават за дзве гадзіны ад Мінска жыццё ідзе інакш — па-правінцыйнаму. І калі не хочаш дзіўных позіркаў у свой бок, не вытыркайся. Не насі яркага адзення, не выглядай адрозна ад іншых, не пішы дзіўных вершаў… Гэта і пра Скарынкіну. Ратуе яе, што ўсё-ткі Мінск знаходзіцца ўсяго за дзве гадзіны ад Смаргоні.
Таня пэўны час пражыла ў Партугаліі. Пісала вершы. А як вярнулася, пачалі выходзіць кнігі. «Книга для чтения вне помещения и в помещениях», «Португальские трёхстишия», «Американские горки», «И все побросали ножи». А самай шчаслівай можна назваць «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі». Гэта эсэ з беларускай глыбінкі, пра сваё, але напісанае для кожнага. «Кніга распавядае пра асаблівасці паўсядзённага жыцця ў беларускім райцэнтры. Жыцця, поўнага супадзенняў і супярэчнасцей. Гумару і грубасці. Павагі і падазронасці. Сяброўства і смерці. Шчырасці і фальшу. Местачковай мовы і моды», — сказана ў анатацыі.
Эсэ выйшлі і ў англійскім перакладзе («A large Czesław Milosz with a dash of Elvis Presley») у шатландскім выдавецтве. Сёлета — па-руску, у Маскве. «Гэтая кніга — вельмі эмацыйнае, разумнае, захапляльнае чытанне, поўнае жыцця і падзей. Аўтарскі яе голас незвычайна жывы і патрабавальны да паэтычнасці сэнсу, нараджаецца асаблівым, ні на што не падобным выбарам слоў», — адгукнуўся расійскі пісьменнік Аляксандр Ілічэўскі, лаўрэат прэміі «Вялікая кніга» (2010).
Наш нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч анансавала стварэнне «жаночага выдавецтва». Яно будзе называцца «Пфляўмбаўм» (па прозвішчы беларускай паэтэсы Яўгеніі Пфляўмбаўм). І першай кнігай, якая пабачыць свет, будзе акурат новы зборнік эсэ Скарынкінай. Выдавецтва ўзначаліць, дарэчы, Алена Казлова, пра якую — ніжэй. А Таня Скарынкіна — класная эсэістка, якая сваімі маленькімі праблемамі здольная зацікавіць нават «вялікія» галовы.
Галоўная кніга Скарынкінай — «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі».
Стомлены цюльпан у ледзяной вадзе — Анка Упала
Анка Упала — гэта псеўданім. Сапраўднае імя пісьменніцы — Алена Казлова. За псеўданім, дарэчы, ёй даставалася не раз, бо гэта намёк на Янку Купалу. Кансерватыўныя чытачы разгледзелі ў гэтым абразу айчыннага класіка. На адрас пісьменніцы часам прыляталі прэтэнзіі ў інтэрв’ю старэйшых калег. Упалу, праўда, не надта цкавалі, бо хутка пераключыліся на Альгерда Бахарэвіча, які напісаў эсэ «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» і раскрытыкаваў творчасць Купалы ў савецкі перыяд (Каян Лупака — анаграма ад «Янка Купала»). Пад псеўданімам Казлова піша прозу. Пераклады ж публікуе пад уласным прозвішчам.
Дэбютавала Анка Упала кніжачкай прозы і паэзіі «Дрэва Энталіпт» у 2012 годзе. Эксперыментальная кніга, якая не стала падзеяй. Затым пісьменніца апублікавала пару апавяданняў і знікла з літаратурнага далягляду. Пагаворвалі, што з’ехала ў Швецыю.
У канцы 2017 года нечакана выйшаў яе раман «На заснежаны востраў». Гэта твор, пра які адразу загаварылі. Было шмат водгукаў, што само па сабе для беларускай кнігі рэдкасць. Аказалася, час, у які пра Алену шырока не было чуваць, яна выдаткавала на вывучэнне шведскай і фінскай моў. Каб засвоіць шведскую, пісьменніца адправілася ў народную школу для дарослых у Скандынавію. Жыла побач з мігрантамі, разам з імі вучылася. У выніку свой досвед апісала ў аўтабіяграфічным рамане «На заснежаны востраў». Гэта шчыры аўтафікшн.
«Для мяне было важна напісаць сапраўдную гісторыю, але напісаць яе так, каб гэта была літаратура. У цяперашні час постпраўды вельмі бракуе сапраўдных гісторый. Мне не хочацца прыдумляць. Гэта было б нават нейкае здрадніцтва ў дачыненні да людзей, пра якіх я пішу: іх гісторыі важныя такія, якімі яны ёсць», — расказвала сама Упала.
Адразу пасля выхаду рамана ў Беларусі рэцэнзія на яго была апублікавана ў найбуйнейшай шведскай газеце Aftonbladet. «Эфект ашаламляльны. Усё набывае свежасць, як стомленыя цюльпаны ў ледзяной вадзе», — адзначыў рэцэнзент.
Разам з тым Алена з фінскай мовы пераклала дзве часткі кнігі сучаснага пісьменніка Ціма Парвела «Эла і сябры».
Калі Казлова-Упала не расчаруецца ў пісьменніцтве, наступная яе кніга выкліча, мяркуем, большы рэзананс. Снежань, між іншым, яна правяла на Шпіцбергене. У Facebook Алена рэгулярна дзялілася ўражаннямі ад жыцця ў снягах. Можа, акурат там яна і распачала новы раман.
Галоўная кніга Упалы — «На заснежаны востраў».
Знак якасці — Ганна Янкута
Гэтае прозвішча часта схавана ўнутры кнігі, а не пазначана на вокладцы. Таму вы маглі і не чуць пра гэтую пісьменніцу, нават калі падрыхтаваныя ёй кнігі траплялі вам у рукі.
Доўгі час Ганна Янкута была вядомай толькі як перакладчыца. Яе асноўныя мовы — англійская і польская. Дзякуючы ёй па-беларуску загаварылі персанажы кніг «Пыха і перадузятасць» Джэйн Остэн, «Не адпускай мяне» Кадзуа Ісігуры, «Справу вядзе суддзя Дзі» Роберта ван Гуліка, а таксама некаторых дзіцячых выданняў.
Яшчэ ў 2009 годзе пры ўдзеле Янкуты выйшаў першы нумар электроннага часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісвет» (http://prajdzisvet.org/). Праект, які першыя гады з пэўнай рэгулярнасцю абнаўляўся. Гэта сотні перакладзеных на беларускую мову твораў аўтараў-класікаў і сучасных аўтараў. Ганна за гэты час на старонках толькі «Прайдзісвета» апублікавала дзясяткі перакладаў паэзіі і прозы: творы Эдгара По, Уільяма Батлера Ейтса, Баляслава Лесьмана.
Набіўшы руку на перакладах і засвоіўшы прыёмы іншых пісьменнікаў, пачала пісаць і сама. Два гады таму Янкута выдала ўласную кнігу — «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў». Гісторыя для дзяцей, у якой расследаванне праводзяць хлопчык, кот і прывіды. Дзеянні адбываюцца ў мінскім парку Чалюскінцаў. Сёлета выйшла другая гісторыя з гэтымі ж персанажамі — «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль». У другой кнізе расследаванне адбываецца ў Батанічным садзе.
Ганна яшчэ і рэдактар. Яна дапамагала перакладчыкам выпусціць у свет кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» (з яе рэдактурай выйдзе і працяг гісторыі пра незвычайнага хлопчыка) Джаан Роўлінг, «Вядзьмар» Анджэя Сапкоўскага.
Калі вы не чытаеце дзіцячыя кнігі (а зварот да такой літаратуры не з’яўляецца прыкметай вашай нясталасці), можна смела арыентавацца на Янкуту як перакладчыцу. Цяжка прыгадаць выпадак, калі б яна ўзялася за пераклад кнігі, якая атрымалася б слабой. Прозвішча Ганны ў выходных звестках — як правіла, знак якасці.
Галоўная кніга Янкуты — пераклад рамана Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць».
Позні дэбют — Ганна Севярынец
Імя Ганны Севярынец добра вядомае ўсім аматарам беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, бо Ганна — нястомны папулярызатар творчасці пісьменнікаў гэтага перыяду. Але загаварылі пра Севярынец толькі ў апошнія некалькі гадоў. Такі позні дэбют даследчыцы і пісьменніцы.
Ганна скончыла філалагічны факультэт БДУ яшчэ ў 1990-я. Дадаткова атрымала эканамічную адукацыю і пэўны час працавала ў гандлёвай кампаніі. Потым усё ж вярнулася ў сферу адукацыі і да гэтага года працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Смалявіцкай раённай гімназіі.
Севярынец часта можна сустрэць на розных культурных пляцоўках, яна выступае з лекцыямі па творчасці аўтараў так званай расстралянай літаратуры — расказвае пра тых, каго змалолі жорны сталінскіх рэпрэсій. Да таго ж яна актыўна даследуе беларускую літаратуру, піша артыкулы для розных парталаў і вядзе папулярны блог у Facebook. Эмацыйныя допісы Ганны даволі часта даюць нагоду для цэлых дыскусій у каментарыях.
Натхніўшыся ўлюбёным літаратурным перыядам, Севярынец выдала два раманы, якія цёпла сустрэлі чытачы. Анатацыя дэбютнай кнігі «Дзень Святога Патрыка» можа напужаць: «эксперт міжнароднай моўнай камісіі Марына Дамейка прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай». Гучыць як пачатак антыўтопіі. Але гэтым творам Ганна не хацела падкрэсліць безнадзейнасць становішча нашай мовы, а толькі чарговы раз нагадала пра тое, як важна яе цаніць і клапаціцца пра яе захаванне, каб не адбылося непапраўнага.
Летась выйшаў другі раман пісьменніцы — «Гасцініца “Бельгія”». Гэта гістарычны твор, так званы архіўны раман, у якім аўтар паказала жыццё найбольш яскравых прадстаўнікоў літаратурнага аб’яднання «Маладняк» у 1920—1930-я, яшчэ да пачатку рэпрэсій. Яшчэ гэта раман пра тагачасны Мінск.
Галоўная кніга Севярынец — «Дзень Святога Патрыка».
Літаратурны мультыінструменталіст — Вольга Гапеева
Паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева паводле адукацыі лінгвіст: вучылася ў МДЛУ, кандыдат навук. Акрамя гэтага скончыла магістратуру ў літоўскім EHU.
Моўныя даследаванні Вольгі выходзяць за межы навуковых публікацый і працягваюцца ў мастацкай творчасці. Пачала публікавацца яшчэ ў 1999 годзе, а ў 2003-м выдала дэбютную кнігу «Рэканструкцыя неба». Гэта зборнік, у які ўвайшлі аднайменны раман, вершы і п’еса «Калекцыянер». П’еса нават атрымала сцэнічнае ўвасабленне: ставілася ў мінскім літаратурным музеі і на тэатральным фестывалі ў польскім Любліне.
Пасля гэтага Гапеева выдала яшчэ некалькі зборнікаў вершаў: «Няголены ранак», «Метад муаравых крэсак», «Граматыка снегу», «Чорныя макі». Апошні зборнік, «Словы, якія са мной адбыліся», выйшаў у ліпені гэтага года. Ён напоўнены вершамі пра тое, як важна адчуваць значнасць уласнага «я», любіць і прымаць сябе, жыць згодна з уласнымі жаданнямі, а не чужымі.
Летась Вольга выдала аўтабіяграфічны раман «Кэмэл-Трэвэл». У ім пісьменніца заглыбілася ва ўспаміны свайго дзяцінства, якое прайшло ў 1980—1990-я гады. А яшчэ яна напісала дзве кнігі для дзяцей: «Сумны суп» (гісторыі для «вялікіх дзяцей і маленькіх дарослых) і «Дзве авечкі».
Акрамя гэтага Гапеева перакладае з шэрагу моў, прычым не карыстаецца падрадкоўнікамі, а працуе непасрэдна з арыгіналамі. Бяда савецкай літаратуры, асабліва паэзіі, была ў тым, што перакладалі часта праз рускія падрадкоўнікі. Імя Вольгі вядомае за мяжой, яе творы перакладаюцца на многія мовы (праўда, пакуль асобнымі публікацыямі, а не кнігамі), а з мінулага верасня Гапеева — жыхарка аўстрыйскага горада Грац. Там яна знаходзіцца ўжо другі раз па стыпендыі для літаратараў «Пісьменнік года».
У музыцы такіх людзей называюць мультыінструменталістамі. Літаратурны мультыінструменталіст Гапеева.