Усё тут родна і свята… цеплыню дорыць бацькава хата

Источник материала:  
03.08.2020 — Разное

Усё  тут родна і свята… цеплыню дорыць бацькава хата
Аляксею Рыгоравічу Кузьміну ідзе дзевяноста трэці. Але ён, слава богу, яшчэ годна трымаецца, рухавы і любіць папрацаваць на зямельцы. У дачны сезон амаль кожны дзень наведвае бацькоўскую сядзібу, якая месціцца ў вёсцы Прыгаўка. Тут, як расказаў, невялікі агародчык, ёсць пладовыя дрэвы, якія сам садзіў і прышчэпваў, некалькі вулляў з пчоламі. І, вядома, усё гэта патрабуе ўвагі, умелых рук, немалых клопатаў. І ён памалу корпаецца, шчыруе, стараецца. У гэтым я пераканаўся, напрасіўшыся ў госці і пабываўшы там у канцы мая.
Ад горада да вёскі сем кіламетраў. Раніцай аўтобусам, які едзе на Чэрыкаў, даехалі да патрэбнага прыпынку, а там – пехатой. Было крыху пахмурна. Мы няспешна крочылі па бетонцы, якая вядзе да былой вайсковай часці. Паабапал усё буяла зеленню. Ціха гуторылі і любаваліся хараством прыроды. Неўзабаве звярнулі на вузкую травяністую сцяжынку. Падыходзім да, здавалася, суцэльнай высокай зялёнай паласы, за якой ледзь угадваюцца контуры вялікай пабудовы. І тут Аляксей Рыгоравіч узрадавана ўсклікнуў: “А вось і яна… цёплая бацькава хата!”. Сцяжынка нырнула пад навісь пладовых дрэў, і мы апынуліся на двары сялянскай сядзібы…
… Трывала стаіць старая хата. Яна зрублена з тоўстага бервяна, у вугал, вокны вялікія. А крыху воддаль – хлеўчукі, павеці, лазня, іншыя невысокія пабудовы. Бачна, што калісьці хату ўжо рамантавалі: пад вокнамі адмыслова ўмураваны ладныя ўстаўкі-падрубы, таксама з тоўстага смалістага бервяна. “Падгніло было пад усімі вокнамі, — гаворыць Кузьмін. – Падпраўлялі мы з бацькам. А набыць драўніну мне дапамог дырэктар Кашанскай сямігодкі Мацвей Васільевіч Цітоў, дзе я ў 1950 годзе пачынаў свой настаўніцкі шлях. Вельмі чулы чалавек, добры педагог. Даўно яго няма, а ў маёй памяці ён назаўсёды”.
…Унутры хаты прасторна, адзін вялікі пакой. Печ ёмістая, з нішамі, прыгожая. Відаць, някепскі майстар ствараў – і каб вока лашчыла, і каб зручней у карыстанні было. “А тут вось каля печы і глухой сцяны, — тлумачыць ён, — стаяў шырокі самаробны палок-ложак, на якім мы, дзеці, любілі спаць і гуляць. З яго лёгка было ўзбірацца на печ, на якой усе грэліся ў зімовыя вечары, чытаючы і расказваючы цікавыя казкі. Тут жа і спалі”.
Аляксей Рыгоравіч паказвае прылады, рэчы, якімі карысталіся бацькі ў даўнейшыя часы. Потым выкладвае на стол фатаграфіі. Іх многа. Вось фота, дзе яго маці, бацька і яго сястра. А тут бацька з унукам Коленькам на руках. Бацька ў ваеннай форме. На вялікім здымку ўсе мы трое братоў і сяст-ра са сваімі дзецьмі і ўнукамі. І шмат іншых фатаграфій, якія зроб-лены ў розныя гады і ў розных месцах і сітуацыях. Гэта як моманты жыцця, часцінкі гісторыі вялікай сям’і, роду Кузьміных…
Паглядзелі мы і агарод. Акуратна, умела пароблены градкі. На іх добра сябе адчуваюць цыбуля, часнок, буракі, морква і іншая гародніна. А далей лапушыцца бульба. Усе пасевы па-гаспадарску дагледжаны. І ён усміхаецца. Перахоплівае мой позірк-пытанне і, пэўна, здагадаўшыся, аб чым я хачу даведацца, кажа: “Сам, вядома ж, сам на сядзібе ўсё раблю… А як жа іначай, не будзеш варушыцца – не будзеш жыць…”.
…Цюпаем па двары. Ля хаты стаяць старыя высокія яблыні, грушы. Між іх некалькі домікаў для пчол. Вакол цішыня. Кузьмін глядзіць на хату і гаворыць: “Бацькава тварэнне. Пабудавалі, давялі да ладу яшчэ ў 1933 годзе… Уцалела ў вайну. Усяго тады ў вёсцы ўцалелі 15 двароў, а 26 хат з гаспадарчымі пабудовамі спалілі фашысты пры адступленні. Колькі гора, пакут зведалі вяскоўцы…
Потым мы сядзелі на лавачцы, што каля хаты пад акном, і ён доўга апавядаў пра жыццё сваіх родных людзей. З асаблівай чуллівасцю і пяшчотай – пра бацьку Рыгора Андрэевіча і маці Яўгенію Фёдараўну. Нялёгкім яно ў іх было. Асабліва ў бацькі. Калі яму споўнілася ўсяго тры гадкі, памёр яго бацька, а ў сем – не стала маці. Круглымі сіротамі тады сталі і Рыгоркавы брат і дзве сястры, якія былі крыху больш за яго. Апякунства над імі ўзялі сваякі. Але ці ж заменіць хто самых блізкіх, дарагіх, сваіх раднулічак? Не, ніколі. Паспыталі ўсяго, нагараваліся ўдосталь…
Запісаў Іван САЛАЎЁЎ,
пенсіянер.
На здымках: А.Р. Кузьмін з вучнямі;
Р.А. Кузьмін (бацька)
і маці Я.Ф. Кузьміна.
(Працяг будзе.)

←Экофестиваль «Гамоняць пушчы беларускія» пройдет в Свислочи 15 августа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика