Майстры племяннога цэху пацвердзілі высокі клас

Источник материала:  
31.07.2020 — Разное

У жывёлагадоўлі ўсе спецыяльнасці важныя. Але тэхнік-асемянатар, як звычайна завуць прадстаўнікоў гэтай прафесіі, – на асаблівым рахунку. Па сутнасці, гэта выток, аснова жывёлагадоўчай галіны.
У тых гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя, адданыя сваёй справе аператары па штучным асемяненні жывёлы, як правіла, на высокім узроўні пастаўлена работа па ўзнаўленні статка.
Там заўсёды паспяховыя расцёлы, высокая захаванасць малака, ёсць малако і мяса, а ў канчатковым выніку, і высокі ўзровень эканомікі сельгаспрадпрыемства, яе дабрабыт.

Майстры племяннога цэху пацвердзілі высокі клас
Вось чаму такая пільная ўвага на Магілёўшчыне надаецца спецыялістам названага вышэй звяна, і з мэтай павышэння ўзроўню кваліфікацыі і ацэнкі тэарэтычных і практычных навыкаў, павышэння значнасці прафесіі тэхніка-
асемянатара штогод праводзіцца абласны конкурс прафмайстэрства. Яму, як правіла, папярэднічаюць раённыя этапы, на якіх правяраецца як агульны ўзровень падрыхтаванасці адпаведных кадраў на месцах, так і выяўляюцца лепшыя з лепшых, на рабоце і вопыце якіх вучацца іншыя.
Майстры племяннога цэху пацвердзілі высокі клас

Чарговы раённы конкурс-атэстацыя тэхнікаў па штучным асемяненні кароў і цялушак прайшоў на базе КСУП “Барчыцы-агра”. У Барчыцкім СДК сабраліся спецыялісты з усіх сельгаспрадпрыемстваў Кіраўшчыны – 21 канкурсант. Ім прадстаяла традыцыйна прайсці два іспыты – тэарэтычны і практычны. Першы конкурс прадугледжваў адказы ўдзельнікаў на тэставыя заданні па агульнай падрыхтаванасці па спецыяльнасці. Падчас другога тэхнікі-асемянатары дэманстравалі свае практычныя навыкі на рабочым стале. Да таго ж, напярэдадні спецыялістамі райсельгасхарчу быў праве­дзе­ны дасканалы аналіз работы кожнага ўдзельніка конкурсу ў сваіх гаспадарках. Тут асабліва надавалася ўвага правільнаму вядзенню адпаведнай дакументацыі, што з’яўляецца вельмі важным звяном у племянной рабоце, а таксама пэўным паказчыкам, сярод якіх найбольш яскрава адлюстроўвае работу тэхніка па штучным асемяненні БРЖ выхад цялят на 100 кароў. Тут, як кажуць, не паспрачаешся: можна на максімальна высокім узроўні ведаць тэорыю, а калі гэты паказчык “кульгае”, то і прафкампетэнтнасць адпаведная – мабыць, мелі месца недапрацоўкі…
За ходам конкурсу-атэстацыі ўважліва сачыла, аналізавала і ацэньвала адказы ўдзельнікаў кампетэнтнае журы на чале з начальнікам філіяла па Кіраўскім раёне РУСГВП “Ма­гі­лёў­дзярж­плем­прад­прыем­ства” Галінай Шкрабавай. У састаў камісіі строгіх, але справядлівых экзаменатараў ўваходзілі таксама начальнік аддзела ўзнаўлення РУСГВП “Ма­гі­лёў­дзяр­жплем­прад­прыем­ства” Алена Маслак, вядучы спецыяліст названай арганізацыі Ганна Савіна, галоўны ветурач раёна Мікалай Маслаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер. Ходам конкурсу цікавіўся старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы, які асабіста наведаў мерапрыемства і папрысутнічаў на яго этапах, паслухаў адказы ўдзельнікаў.
Кажучы пра рэзультаты канкурсантаў, варта адзначыць, што практычна ўсе яны паказалі высокі ўзровень падрыхтаванасці, прафесійную кампетэнтнасць, веданне разнастайных нюансаў сваёй справы. І гэта, што асабліва важна, даўно стала добрай традыцыяй для прадстаўнікоў племянной работы з БРЖ на Кіраўшчыне. Менавіта гэта падкрэсліла, падводзячы вынікі конкурсу, Алена Маслак. А яскравае пацвярджэнне – той бясспрэчны факт, што раён з’яўляецца лідарам на Магілёўшчыне ў гэтым накірунку і займае адно з вядучых месцаў у рэспубліцы. Конкурс на Кіраўшчыне праходзіў па тэрмінах адным з апошніх у вобласці, заўважыла Алена Маслак.
Майстры племяннога цэху пацвердзілі высокі клас

І, параўноўваючы з астатнімі раёнамі, можна зрабіць упэўнены вывад, што разам з традыцыйна высокай арганізацыяй праводзімага мерапрыемства і спецыялісты Кіраўшчыны выглядаюць самымі моцнымі.
А яшчэ сёлета быў зафіксаваны ўнікальны для падобных конкурсаў на Магілёўшчыне факт: упершыню адзін са спецыялістаў нашага раёна змог набраць максімальную колькасць сумарных балаў – 100 са 100 магчымых! Такога небывалага поспеху дасягнуў Васіль Фядотаў з КСУП “Барчыцы-агра” – неаднаразовы пераможца раённых, прызёр абласных конкурсаў апошніх некалькі год. Вядома ж, спецыялісту дапамаглі зноў апынуцца на лідзіруючай пазіцыі не столькі родныя сцены, колькі яго веды, уменні і навыкі, прафесійная граматнасць і, што самае галоўнае, шчырая адданасць абранай справе. Без гэтага, як адзначае сам Васіль Пятровіч, не можа быць высокага рэзультату ў рабоце. Члены камісіі, як самі адзначылі, проста заслухоўваліся поўнымі, разгорнутымі адказамі Васіля Фядотава на пастаўленыя пытанні і, як няцяжка здагадацца, менавіта яму аднадушна было прысуджана 1 месца (на фота ўверсе).
Майстры племяннога цэху пацвердзілі высокі клас

Не сталі “сюрпрызнымі” і астатнія месцы на п’едэстале гонару. Майстры племянной справы, а іх па-іншаму, бадай што, і не назавеш, зноў пацвердзілі свой высокі клас. 2 і 3 месцы адпаведна занялі Юлія Пархімчык з КСУП “Чырвоны баец” і Сяргей Стральцоў з ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” (на фота ўнізе). Усяго толькі 0,4 бала раздзялілі іх (93,4 і 93 адпаведна). Сёлета камісіяй было вырашана адзначыць і ганаровае 4 месца – за шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм, ну, і, вядома ж, за ўдзел у самім конкурсе. Яно было прысуджана прадстаўніцы ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Людміле Пятруша. Былі таксама адзначаны і самыя маладыя ўдзельнікі, якія, нягледзячы на свой узрост і зусім нядаўняе ўключэнне ў племянную работу, свае першыя крокі ў галіне робяць вельмі ўпэўнена, з’яўляючыся граматнымі і перспектыўнымі спецыялістамі. Гэта Аліна Голікава з “Рассвета” і Сяргей Герасімовіч з ААТ “Дабаснянскае”.
Лаўрэаты конкурсу-атэстацыі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі. Іх майстрам вытворчасці пад цёплыя словы і найлеп­шыя пажаданні ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Осіпаў.
Майстры племяннога цэху пацвердзілі высокі клас

Лепшым прадстаўнікам асемянатарскага цэху раёна ў верасні прадстаіць абараняць гонар Кіраўшчыны на абласным конкурсе, які пройдзе на базе Беларускай дзяржаўнай сельгас­акадэміі. Для сёлетніх пераможцаў раённага конкурсу такая працэдура – не ў навіну: яны ўжо не раз дастойна выступалі ў абласных фіналах. Будзем упэўнена спадзявацца, што сёлетні іх ваяж у Горкі будзе таксама паспяховым.
Майстры племяннога цэху пацвердзілі высокі клас

Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Напярэдадні Дня дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца 2 жніўня, хочацца падкрэсліць, што Васіль Фядотаў служыў у свой час у знакамітай 103-й Віцебскай гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе: там праходзіў загартоўку, прымаў удзел у баявых вучэннях на палігоне Дрэтунь пад Полацкам, а таксама ў камандна-штабных вучэннях.Засталіся яркія ўспаміны пра службу, падчас якой былі і скачкі з парашутам.
У гэтай жа 103-й Віцебскай брыгадзе меў гонар служыць яшчэ адзін герой гэтых дзён – Андрэй Дрозд, які, нядаўна дэмабілізаваўшыся, шчыруе на хлебнай ніве ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” ў якасці старшага камбайнера і паспеў разам з братам Сяргеем намалаціць першую ў вобласці тысячу тон збожжа!
Віншуем усіх землякоў, у лёсе якіх была служба ў паветрана-дэсантных войсках, жадаем здароўя, плёну ў працы, дабрабыту!

←Бали готовится принимать туристов с 11 сентября

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика