Наглядальнікі ад СНД паедуць ў рэгіёны
Першыя групы доўгатэрміновых наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта адправіліся ў рэгіёны.
З-за эпідэміялагічнай сітуацыі наглядальнікі пачалі маніторынг пазней — з агітацыйнага перыяду. Яны вывучаць гатоўнасць участкаў для галасавання, выбарчых камісій, будуць весці назіранне ў час датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў.
Гэтыя групы будуць у асноўным сфарміраваны за кошт супрацоўнікаў Выканкама СНД, прадстаўнікоў пасольстваў краін Садружнасці ў Беларусі.
Працэс фарміравання місіі прадаўжаецца. Выканкам СНД разаслаў запрашэнні ў краіны Садружнасці з просьбай паведаміць пра кандыдатуры сваіх прадстаўнікоў.
Сваю заяву па выніках назірання за ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі місія агучыць 10 жніўня.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына праінфармавала наглядальнікаў аб ходзе выбарчай кампаніі. «Яна праходзіць даволі бурна. З першых момантаў ажыццяўляюцца дзеянні, накіраваныя на тое, каб дэзарганізаваць работу выбарчых камісій», — канстатавала яна.
У якасці прыкладу Лідзія Ярмошына прывяла ініцыятывы «аб нейкім паралельным падліку галасоў праз інтэрнэт». Яна назвала гэта «парушэннем канстытуцыйнага прынцыпу, які вызначае, што выбары ў краіне арганізуюцца і праводзяцца выбарчымі камісіямі». «Ніякія іншыя органы не надзелены правам ажыццяўляць нейкі кантроль за волевыяўленнем грамадзян, зводзіць вынікі замест выбарчых камісій. Гэтыя дзеянні з’яўляюцца юрыдычна нязначнымі, не маюць ніякіх юрыдычных наступстваў для выбарчай кампаніі», — падкрэсліла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі запланаваны на 9 жніўня. Цэнтрвыбаркам 14 ліпеня зарэгістраваў пяць кандыдатаў у прэзідэнты.