Зарплаты, занятасць, цэны
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў ураду аб неабходнасці вырашэння самых значных для грамадства пытанняў, якія датычацца заработнай платы, занятасці і цэн. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны.
«Сёння мы спынімся на трох самых значных пытаннях, якія пастаянна знаходзяцца на кантролі ў грамадства, – зарплаты, занятасць і цэны. Я ўважліва вывучыў усе статыстычныя і аператыўныя даныя, меркаванні і настроі людзей, – сказаў Прэзідэнт. – Нейкіх асаблівых, відавочных вынікаў і поспехаў у гэтай рабоце пакуль не ўбачыў».
Аб заработнай плаце:
абяцаны мінімум дасягнуты
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым па краіне дасягнуты той мінімум, які быў абяцаны з боку кіраўніцтва. Усе вобласці і Мінск у маі ў сярэднім плацілі зарплату па тысячы і больш рублёў (толькі Магілёўская вобласць не дацягнула Br7 да тысячы). «Аднак, паводле маіх даных, даход значнай часткі насельніцтва пакуль яшчэ ніжэйшы за гэты ўзровень, і не ад усіх людзей мы атрымліваем станоўчую ацэнку сваёй работы», – прадоўжыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прывёў у якасці прыкладу асобныя катэгорыі работнікаў (напрыклад, выхавальнікі дзіцячых садоў), якія, нягледзячы на значную нагрузку, усё яшчэ не атрымліваюць тысячу рублёў. Такіх грамадзян Прэзідэнт даручыў падтрымаць, знайшоўшы пры неабходнасці дадатковыя фінансавыя крыніцы. «Знайсці крыніцы, аж да нетрадыцыйных, каб падтрымаць гэтых людзей. Я не хачу сказаць, што мы павінны заплаціць па тысячы з нечым рублёў усім тым, хто проста прыйдзе на работу. Не, – дадаў Аляксандр Лукашэнка. – Прашу далажыць: якія меры прымаюцца па стварэнні ўмоў для дастойнага заработку тым, хто імкнецца зарабіць. Не проста без справы бадзяюцца (ёсць у нас і такія). Але пераважная большасць людзей хоча зарабіць. Ім трэба дапамагчы».
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць вырашыць застарэлую праблему, калі рост зарплаты апярэджвае рост прадукцыйнасці працы.
Аб занятасці: удалося
не дапусціць катастрофы
Што датычыцца пытанняў занятасці, то кіраўнік дзяржавы канстатаваў адсутнасць сур’ёзных праблем. «У цэлым трагізму няма. Нам удалося не дапусціць катастрофы – скочвання ў яму беспрацоўя, як гэта адбылося нават у нашых суседзяў. Менавіта катастрофы, таму што нават у самых моцных дзяржаў свету не хапіла назапашанага запасу трываласці, каб захаваць спакой у грамадстве, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Аднак занятасць у эканоміцы павінна забяспечвацца ўстойлівай і эфектыўнай работай прадпрыемстваў».
У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў недапушчальнасць масавых звальненняў супрацоўнікаў. «Людзі на прадпрыемстве – іх нельга выкідваць на вуліцу, але яны павінны працаваць. Іх трэба забяспечыць работай. Калі на прадпрыемстве не хапае традыцыйных відаў работ, то ў Мінску і ў іншых гарадах, у вёсцы цяпер шмат работы, можна зарабіць. Арганізуйце людзей», – паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь у гэтым годзе разлічвае на вельмі добры ўраджай у сельскай гаспадарцы, які можна экспартаваць і атрымаць значную грашовую выручку. У сувязі з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў арганізаваць якасную і своечасовую ўборачную кампанію і даў адпаведныя даручэнні адказным службовым асобам.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць сітуацыяй у прамысловым сектары. На думку Прэзідэнта, прамысловасць павінна скарыстацца перавагамі таго, што ў Беларусі не была спынена вытворчасць. «Эканоміка ў свеце сціснулася. Попыт на сыравіну зменшыўся, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Калі попыт на сыравіну, матэрыялы, металы і іншае зменшыўся, значыць і цэны знізіліся. Значыць, наша прамысловасць можа купіць сыравіну танней. Але цэны на гатовы тавар не знізіліся. Чаму? Таму што эканоміка стаіць. З’явіўся дэфіцыт на многія тавары прамысловасці. Дык прадайце іх, як робяць іншыя».
Аб цэнаўтварэнні –
яно застаецца на асаблівым
кантролі кіраўніцтва
Прэзідэнт запатрабаваў ад урада і мясцовых органаў улады трымаць на асаблівым кантролі пытанні цэнаўтварэння. «Сітуацыя, вядома, не крытычная, але ёсць пытанні», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнікі абласцей павінны праінфармаваць Прэзідэнта аб тым, як на месцах рэалізуюцца нядаўна прынятыя кропкавыя рашэнні аб падтрымцы занятасці і стымуляванні эканамічнай актыўнасці ў цэлым. «Мы прадаставілі губернатарам, старшыням гарадскіх і раённых выканкамаў надзвычайныя паўнамоцтвы. Дзейнічайце! Далажыце, як вы іх выкарыстоўвалі, паколькі дадатковыя паўнамоцтвы – гэта дадатковая адказнасць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Перад намі стаяць абсалютна зямныя задачы. Чалавек павінен хадзіць на работу, атрымліваць дастойную зарплату – заробленую, а прадпрыемствы – эфектыўна развівацца», – рэзюмаваў беларускі лідар.
БелТА.