За экватарам лета

Источник материала:  
27.07.2020 09:28 — Разное

Квецень, спякота, дажджы… Усё, як заўсёды, у гэты час – за экватарам лета. Россып лясных малін, чарнічныя паляны спаборнічаюць па спакусе з чарэшнева-вішнёвай прапановай садоў. Праплылі ўжо вяночкі з валошкаў і рамонкаў па рацэ, чароўным полымем адгарэлі купальскія кастры, і камусьці пашанцавала знайсці сваю папараць-кветку. На воднай гладзі тата і мама лебедзі «вучаць жыццю» нязграбны шэры вывадак, які абавязкова ператворыцца ў птушак дасканалай прыгажосці. Ажывіліся пляжы, сезон водпускаў сёлета пераважна ў мясцовых каардынатах. Абітурыенты чакаюць залічэння і новага – студэнцкага – статусу. А ў начным небе можна было на ўласныя вочы, без тэлескопа, убачыць камету Неавайз, якая максімальна набліжалася да Зямлі 23 ліпеня. Такое «рандэву», між іншым, здараецца раз у 6 800 гадоў, таму, можна лічыць, нам пашанцавала!

За  экватарам лета

86 400 секунд-імгненняў – цэлыя 24 гадзіны лета, цэлыя суткі жыцця.  Доўгі дзень, за яго трэба паспець так многа зрабіць. І, мусіць, для таго, каб стомлены летнімі шматлікімі «трэба» чалавек мог адпачыць, дзень напрыканцы чэрвеня пачаў змяншацца. Непрыкметна, але ж… І сёння не выключэнне: тры-чатыры чарговыя імгненні ён аддаў ночы. Увогуле, час за экватарам лета яшчэ больш каштоўны і важкі, чым заўсёды. Менавіта ён вызначаецца надзвычай важным дзействам, у якога з назвай завяршальнага летняга месяца ў беларускай мове агульны корань – жнівень і жніво. Гармонія жытнёвай нівы лашчыць вока, гучыць узнёсла і лірычна, зноў – прэм’ерна. І хлебароб па-ранейшаму (няхай выбачаюць праграмісты і эканамісты, бізнесмены і перакладчыкі, навукоўцы і топ-менеджары, фотамадэлі і куцер’е) застаецца асабліва важнай персонай, а яго прафесія – нязменна  стратэгічна важнай, жыццёва неабходнай. Жыццё сілкуецца хлебам, трываласць гарантуецца ім жа. Якія яшчэ аргументы патрэбны, каб даказаць: у ліпені-жніўні на жніўным полі адбываецца шчыраванне пра заўтра, каб заможна жылося людзям, каб з хлебам былі і з песняй?

Трэба – звычайнае слова. Трэба – магічнае слова. Калі ўбіраюць зерне, «трэба» дыктуе асаблівы расклад, надзвычайны ў сваёй дакладнасці. Спякота? Лепш спякота, чым дождж. Не знойдзецца ніводнага хлебароба, які б сцвярджаў адваротнае. І ныцікаў на полі ў гэты час не бывае. Жніво выяўляе ўсё самае лепшае ў душы чалавека, занятага здабычай золата ў асабліва буйных памерах, золата з важкіх каласоў, што ўвабралі ў сябе ласкавасць сонца, пяшчоту і клопат рук чалавека.

Як жа цудоўна і зразумела ўсім, нават далёкім ад сельскай гаспадаркі, гучаць лічбы хлебных цэнтнераў ураджайнасці, тон, перавезеных з поля на збожжаток, гектараў абмалочаных плошчаў! У знаёмай тэме з’яўляюцца новыя факты, новыя адрасы і прозвішчы.  Ёсць палі-рэкардсмены, і ёсць людзі, якія гэтыя рэкорды ставяць. Гаворка пра хлебаробаў, сціплых і абавязковых герояў нашага часу. Колькі б гадоў ні мінала, як высока б у неба ні ляцелі касмічныя караблі, што б ні бралі на свае плечы камп’ютары, святая праца хлебароба вышэй за ўсё. Правільна, справядліва, лагічна, каб гэта ведалі і ўсведамлялі ўсе: і самы «хранічны» гараджанін, і школьнік, які марыць стаць не менш чым касманаўтам. Боханы растуць не на дрэвах, булачкі і абаранкі спеюць не на галінках. Яны пачынаюцца з зямлі, у якую пасеяна зерне, з коласа, што наліваецца яе сілаю. І, наогул, хлеб выключае штучнасць.

Пачаўся жніўны сезон – і зноў вёска ў цэнтры сусвету. Спелы колас, зажынкі, першы сноп і… пайшло-паехала-паняслося. Не да адпачынку, не да выхадных, таму што кожная мінута надзвычай дарагая. І толькі адны «ўдзельнікі жніва» – буслы – могуць дазволіць сабе няспешна і паважна хадзіць па ржышчы. Класічны малюнак, нібы створаны геніяльнейшым з мастакоў. Ад аптымістычнага, жыццёва-жытняга сюжэту вее нейкім спакоем і ўтульнасцю, якія адчуваюцца толькі дома. Дома, дзе пахне хлебам, дзе паветра напоўнена дабрынёй і спагадай, дзе табе мілей за ўсё на зямлі.

Так, «заэкватарнае» лета гудзе камбайнамі на збожжавых нівах, гамоніць шматгалоссем на шчодрых «вітамінных» кірмашах, аддае людзям свае багатыя дары. Вось-вось паспее белы наліў, сокам наліваюцца раннія грушы, на пчальніках – гарачая мядовая пара. І ў грыбы трэба паспець: гавораць, вядро лісічак за пару гадзін сабраць можна. Варым, кансервуем, замарожваем – прывычныя сезонныя нарыхтоўчыя клопаты ў радасць. Хаця і стамляешся ад іх, але, як той канёк-гарбунок, новых сіл набраўся – і зноў на вахту!

А яшчэ каляндар нагадвае, што хутка новы год пачнецца – навучальны – і да яго трэба рыхтавацца. І дзецям, і бацькам, і настаўнікам. Да таго ж у кожнага адкладзеныя на потым сустрэчы і справы, свае знакавыя даты і вехі. Вось, напрыклад, і агульная падзея для жыхароў раёна, усіх прыхільнікаў «Савецкага Палесся», цяперашніх і былых яго супрацоўнікаў – 75-годдзе ганцавіцкай раёнкі, першы нумар якой прыйшоў да чытачоў 1 жніўня 1945 года. Сённяшнія газетчыкі ствараюць, вобразна кажучы, семдзясят пяты том выдання. Яны вядуць шчыры дыялог з чытачом – з нумара ў нумар. Пра жыццё, пра быццё, пра зямное і ўзвышанае, пра тое, што радуе і што хвалюе. З любоўю і павагай да чалавека, да роднай зямлі. Такі вось юбілейны ракурс, натхняльны і натхняючы, прыгожы і словам, і справай.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота БЕЛТА.

(Visited 5 times, 5 visits today)

←Вступает в силу договор о полном прекращении огня на Востоке Украины

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика