Добрае братэрства даражэй багацця

Источник материала:  
23.07.2020 — Разное

Гэтая народная прымаўка – пра такіх, як прадстаўнікі моцнай паловы працоўнай дынастыі земляробаў Драздоў. Браты Мікалай Мікалаевіч і Анатоль Мікалаевіч тры дзясяткі год працуюць механізатарамі на карысць ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”.

Збожжаўборачны экіпаж Драздоў – заўсёды на добрым рахунку. Старонкі прафесійнай біяграфіі Мікалая Дразда ўтрымліваюць шмат дасягненняў, за што ён удастоены медаля “За працоўныя заслугі”.
Вось і зараз сямейны экіпаж братоў Драздоў шчыруе на ўборцы азімага рапсу і лі­дзіруе па намалотах у раённым працоўным спаборніцтве.
Цікавы факт, што ў сёлетнім жніве ўдзельнічаюць два ўборачныя экіпажы Драз­доў: пакараць рассветаўскія сельскагаспадарчыя палеткі паралельна з бацькамі выехалі іх сыны – маладзёжны экіпаж Андрэя і Сяргея Драздоў. Хлопцам перадалі камбайн “Джон-Дзір”, за штурвалам якога не адно жніво адпрацаваў знакаміты рассветаўскі механізатар Іван Салановіч.
Добрае братэрства  даражэй багацця

Добрае братэрства  даражэй багацця
На здымках: перадавы механізатар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Мікалай Дрозд (зверху); удзел ва ўборачнай кампаніі прымае маладзёжны экіпаж у саставе яго сына Андрэя і пляменніка Сяргея Драздоў.

З Іванам Леанідавічам Салановічам мы сёлета сустракаліся падчас корманарыхтоўчай кампаніі, у якой ён прымаў удзел. За 42 гады механізатарскай справы яго адказнае стаўленне да яе ацэнена вялікай колькасцю працоўных узнагарод. Свайго магутнага стальнога сябра ён даверыў добрасумленным хлопцам, якія не павінны падвесці. Андрэй Дрозд 6 сезонаў працаваў з
бацькам Мікалаем Мікалаевічам на жніве ў памочніках, гэтая яго ўборачная кампанія ў якасці камбайнера, іншымі словамі, капітана экіпажа, – першая. Малады земляроб расказаў нам: “Я толькі прыйшоў з арміі. Служыў у Віцебску, у паветрана-дэсантных войсках. Кіраўніцтва “Рассвета” прапанавала сесці за штурвал камбайна. Я пагадзіўся без роздумаў: справа для мяне добра вядомая, а, галоўнае, падабаецца. Дзякуй бацьку, што прывіў мне любоў да працы на зямлі. У майго стрыечнага брата Сяргея гэтае жніво – першае ў жыцці. Ён закончыў школу, у былым ліцэі №15 вывучыўся механізатарскай прафесіі, пачаў працаваць трактарыстам. Я прапанаваў яму пайсці да мяне ў памочнікі, бо ведаю, што ён не падвядзе: працавіты і надзейны”.
З малодшымі Драздамі мы сустрэліся 21 ліпеня на полі ў Кіраўску, каля трасы на Магілёў. Тут, на плошчы 168 га расла азімая пшаніца. Саспелыя залацістыя каласы разам з братамі Драздамі абмалочвалі збожжаўборачныя экіпажы ў саставе Валерыя Піскунова і Юрыя Нікіфараўца, Уладзіміра Бяляўскага і Мікіты Бяляўскага. Дарэчы, для Мікіты гэтае жніво – першае. Юнак нядаўна атрымаў дыплом педагога, з верасня пачне вучыць дзяцей у Бараўлянскай школе Мінскага раёна, а пакуль ёсць вольны час, вырашыў паспрабаваць сябе ў земляробскай справе.
Свежанамалочанае залацістае збожжа на зернесушыльны комплекс у Мышкавічы адвозілі Анатоль Сураўёў і Аляксандр Бяляўскі.
Як адзначыў начальнік вытворчага ўчастка “Кірава” Ігар Шчэрбіч, ураджайнасць поле дало добрую – 58 ц/га. На свае вочы мы бачылі, што работы вяліся ў комплексе: камбайны жалі калоссе, адразу ж салома прэсавалася ў цюкі, якія грузіліся на прычэпы трактароў, а затым іх шлях ляжаў на МТК “Кірава”.
На прэсаванні саломы ў ліку іншых задзейнічаны Міхаіл Букаты. Яго прэс-­падборшчык “Combi Pack 1250” фірмы “KRONE” пакідае за сабой рулоны саломы дыяметрам 1,2 м. Міхаіл Паўлавіч адзначыў, што ў “Рассвеце” ён працуе 11-ы год. Гэтая ўборачная кампанія праходзіць не зусім гладка: то спёка, то дождж, то моцны вецер. Вось і падчас нашага знаходжання на палетках у імгненне неба зацягнулася хмарамі, і буйныя кроплі дажджу прыпынілі работу збожжа­ўборачнага рассветаўскага канвеера. Непагадзь наляцела на 10 мінут, а работа спынілася на больш. Земляробы чакалі, пакуль на поле прыедзе першы намеснік дырэктара ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Жылінскі. Спецыяльным прыборам ён вымярае вільготнасць збожжа, калі яна дазволіць, жніво можна працягваць, калі не, аграрыі б пераехалі на іншыя палеткі, над якімі не пагаспадарылі дажджавыя хмары. Вось у такіх умовах часам вядзецца бітва за ўраджай: вырашчанае трэба паспець убраць без страт, нягледзячы ні на што.
Падчас вымушанай паўзы мы пагутаралі з яшчэ некалькімі ўдзельнікамі жніва-2020. Так, механізатар Уладзімір Фамін 10 год працуе на пагрузчыку “MANITOU”, падчас уборачнай кампаніі грузіць саламяныя рулоны на сельгас­тэхніку для адвозкі. Уладзімір Іванавіч родам з Чыгірынкі. У Мышкавічы пераехаў у 1997 годзе і дагэтуль працуе ў “Рассвеце”. Дарэчы, у таварыстве знайшлі сваё месца і яго дзеці, і жонка Кацярына, якая шчыруе агароднінаводам на цяплічным камбінаце.
Механізатар Мікалай Бандарэнка заняты на адвозцы цюкоў на малочна-таварны комплекс “Кірава”. Працоўны стаж Мікалая Віктаравіча – больш за 40 год. Яго малая радзіма – Гомельшчына, а наш раён стаў для яго другой радзімай. Да таго, як Мікалая Бандарэнку накіравалі на адвозку саломы, ён шчыраваў на “зялёным жніве” і адзначыў, што кармы сёлета – добрыя, якасныя, зімаваць пагалоўю БРЖ павінна быць добра.
На адвозцы саломы таксама – малады трактарыст Віктар Юркавец. Для яго гэтае жніво – першае. Раней працаваў механікам, зараз спрабуе свае сілы ў механізатарскай справе.
Пазнаёміліся мы і з чалавекам, які што ні дзень – на сельгаспалетках. Не зводзячы вачэй, сочыць за ходам работ вадзіцель аўтацыстэрны з вадой Міхаіл Маковіч, у яго абавязках – забеспячэнне пажарнай бяспекі падчас жніва.
Акрамя Міхаіла Цімафеевіча, былі яшчэ людзі, якія пільна сачылі за ходам уборкі хлеба на гэтым полі – жыхары адной са шматпавярховак па вул.Га­гарына райцэнтра – гледзячы ў вокны, з балконаў. Яны былі вельмі ўражаны прыгажосцю жніва: па полі плывуць вялізныя камбайны, саспелыя каласы жнуць, абмалочваюць, перасыпаюць збожжа ў грузавікі, адначасова падбіраюць, пакуюць і адвозяць залацістую салому… Патэлефанаваўшыя нам чытачы прызналіся, што яны называюць гэтае поле “сваім”, бо з ранняй вясны назіраюць, як яно жыве і дае ўраджай. Так кіраўчане і папрасілі: “Напішыце, калі ласка, пра “наша” поле”. “Кіравец” просьбу выканаў.

Добрае братэрства  даражэй багацця

Добрае братэрства  даражэй багацця

Добрае братэрства  даражэй багацця

Добрае братэрства  даражэй багацця

Добрае братэрства  даражэй багацця
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

←Падчас пагоні зламыснікі выкідалі з машыны грошы і рэчы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика