Уникальным производством назвал ММПЗ в Миорах председатель Госкомитета по науке и технологиям Александр Шумилин
Напярэдадні прафесійнага свята металургаў Міёрскі металапракатны завод наведаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр ШУМІЛІН. Ён як куратар ад урада рэгулярна прыязджае з рабочымі візітамі на ММПЗ, кантралюе ход будаўніча-мантажных работ, дапамагае вырашаць складаныя пытанні.
Так было і на гэты раз. Аляксандр Генадзьевіч прыняў удзел у штодзённай рабочай нарадзе з інжынерна-тэхнічнымі супрацоўнікамі прадпрыемства і прадстаўнікамі падраднай і субпадрадных арганізацый. Патрэба ў гэтым актуальная, бо наладачныя работы паступова пераходзяць у стан пускавых. Пракатны цэх напоўнены роўным гулам ужо дзеючых механізмаў. За часовым пультам перад рэверсным пракатным станам нямецкія спецыялісты і іх беларускія пераймальнікі ў чарговы раз правяраюць дзейнасць пэўных вузлоў, адпрацоўваюць працэсы будучай дзейнасці. Цікава назіраць, як першы рулон гарачакатанага ліставога металу па камандзе аўтаматыкі ажыццяўляе праходы са стартавай пляцоўкі і непасрэдна да загрузачнага механізма стана. І, пакуль, вяртаецца назад.
На сыравіннай пляцоўцы выстраіўся рад такіх жа рулонаў, аднак розных па вышыні і шырыні. Пачынаць вытворчасць ёсць з чаго. Уверсе над абсталяваннем час ад часу рухаюцца вялікагрузныя краны.
Вось у такім атачэнні старшыня дзяржкамітэта Аляксандр Шумілін, генеральны дырэктар ММПЗ Пётр Шымуковіч і старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў правялі сустрэчу з прадстаўнікамі працоўнага калектыву металапракатчыкаў.
Аляксандр Генадзьевіч падкрэсліў, што завод у Міёрах узводзіцца па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. Такіх прадпрыемстваў і вытворчасцей у краіне раней не было, з яго прадукцыяй краіна выходзіць на сусветныя рынкі. Яшчэ раз прадэманстравана, што Беларусь здольна выпускаць унікальную прадукцыю. Гэта вялікагрузныя самазвалы, колавыя трактары (кожны дзясяты ў свеце – наш), сучаснае медыцынскае абсталяванне (не горшае па якасці за найлепшыя ўзоры сусветных лідараў), нават апараты для касмічнай станцыі. Мы можам ганарыцца ўнікальнымі аперацыямі ў медыцыне – яны праводзяцца з ізраільскай якасцю, але больш танныя па цане. Адольваем каронавірус.
Аляксандр Генадзьевіч пацікавіўся ў завадчан, як для іх вырашаюцца пытанні з жыллём, ці задаволены працай і заробкам, як клапоціцца пра работнікаў кіраўніцтва.
Яркія ўражанні пакінула для старшыні дзяржкамітэта першае наведванне Міёр і заснежанага поля ля іх, на якім яшчэ толькі планавалася пабудаваць сучасны завод. Малы і малавядомы райцэнтр, ніякай інфраструктуры паблізу. Здавалася фантастыкай, што тут можа з’явіцца вялікае прадпрыемства. Між тым яно ўжо рыхтуецца даць першую прадукцыю.
З прафесійным святам павіншаваў аўдыторыю старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў і пажадаў металапракатчыкам поспехаў у новай для іх справе. Заклікаў прыняць удзел у будучых прэзідэнцкіх выбарах.
Пасля экскурсіі па прадпрыемстве карэспандэнт раённай газеты папрасіў госця падзяліцца ўражаннямі ад пабачанага.
– Выпуск белай бляхі – гэта ўнікальная вытворчасць, якой у нашай краіне яшчэ не было, – адзначыў Аляксандр Генадзьевіч. – Хутка ўвойдзе ў строй адзін з самых сучасных заводаў, які адпавядае ўсім сусветным стандартам. На ўзроўні Германіі, не ніжэй. Будзе вырабляць тысячы тон прадукцыі на сотні мільёнаў еўра, што патрэбна сваёй краіне і запатрабавана ў іншых дзяржавах.
– Наш пракатны стан найсучасны – такога ўзроўню ён толькі другі ў свеце, – дапоўніў Пётр Шымуковіч.
– З уводам у эксплуатацыю завод будзе на 25 % напаўняць раённы бюджэт, – заключыў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.