«Мы самі сабе не дазвалялі ленавацца», — гісторыя настаўніцы і абітурыентаў, атрымаўшых па 100 балаў на ЦТ па беларускай мове

Источник материала:  
21.07.2020 11:16 — Разное

У настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Ганцавічы Таццяны Шуляк такое ўпершыню. Адразу абодва яе вучні – Ангеліна Малышка і Ягор Боднар – па выніках цэнтралізаванага тэсціравання атрымалі вышэйшы бал па роднай мове. Дагэтуль толькі ў 2009 годзе вучаніца першага выпуску Таццяны Мікалаеўны Ірына Калмыкова была ў кроку ад запаветнай лічбы – на ЦТ набрала 99 балаў. І, безумоўна, такія лічбы дасягаюцца не толькі ўпартай працай вучняў, але і настаўніка.

«Мы самі сабе не дазвалялі ленавацца», — гісторыя настаўніцы і абітурыентаў, атрымаўшых па 100 балаў на ЦТ па беларускай мове

На рэпетыцыйным тэсціраванні Ангеліна і Ягор паказвалі добрыя вынікі. У выпускніцы нават аднойчы было 100 балаў, а ў сярэднім абодва здавалі тэсты больш чым за 80 балаў. Гімназісты пастаянна працавалі над сваімі памылкамі, аналізавалі вынікі і зноў садзіліся за тэсты, каб у наступны раз на тых месцах, дзе ўжо памыляліся, «не спатыкацца».

– Старанна прыступілі да падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання два гады таму, калі перайшлі ў 10-ы клас і вызначыліся з профілямі. У сувязі з тым, што па праграме ўрок мовы адзін раз на тыдзень, вялікім падмуркам для нас сталі факультатыўныя заняткі. У сценах гімназіі мы займаліся па тры гадзіны ў тыдзень і дадаткова яшчэ кожны самастойна вучыў прадмет дома, – расказвае Ангеліна. – Калі першы год каля дошкі плённа працавала Таццяна Мікалаеўна, то на другі мы ўжо самі адпрацоўвалі свой навык, рашалі тэсты. Незразумелае маглі спытаць у настаўніцы або паміж сабой падыскутаваць на моўныя тэмы.

– Мы самі сабе не дазвалялі ленавацца. Пасля здачы апошняга школьнага экзамена ў дзень маглі і па 15 тэстаў рашыць. Разумелі: каб дасягнуць жаданага выніку, зараз трэба як след папрацаваць, – падтрымлівае аднакласніцу Ягор. – За два гады мы рашылі ўсе тэсты па беларускай мове з 2004 па 2019 гады ў некалькіх экзэмплярах, а гэта па 10 варыянтаў за кожны год. Самымі цяжкімі для мяне былі тэсты за 2018 год.

Напрактыкаваўшы руку, нядзіўна, што гімназісты на самом ЦТ справіліся з заданнямі за 20 – 25 хвілін. Астатняга адведзенага часу ім хапіла для таго, каб яшчэ некалькі разоў усё праверыць, пераканацца ў правільнасці рашэння заданняў.

– Былі спрэчныя моманты, за якія я моцна перажываў. Нават думаў: «Калі гэта заданне выканаў няправільна, то і не відаць мне соткі». І зараз памятаю, як доўга выбіраў паміж двума варыянтамі ўтварэння дзеепрыметніка. Але калі пасля заканчэння тэсціравання пазваніў настаўніцы, пераканаўся: адказаў правільна. Былі яшчэ пару момантаў сумневу, але ў выніку ўсё добра атрымалася, – дзеліцца ўспамінамі выпускнік.

Таццяна Мікалаеўна не менш перажывала за сваіх вучняў. Перад цэнтралізаваным тэсціраваннем шмат наказаў дала, адным з якіх было, каб максімальна паказалі, на што здольныя, і вярнуліся з падарункам для яе – высокімі баламі.  Дарэчы, дата правядзення ЦТ па беларускай мове супала з днём нараджэння настаўніцы.

– На працягу ўсяго часу падрыхтоўкі мне было цікава працаваць з усімі 16 гімназістамі, якіх я рыхтавала да тэстаў. Адзначу, што гэты выпуск – адзін з самых моцных, рабяты матываваныя, працаздольныя і дапытлівыя. А я вельмі люблю, калі мне задаюць пытанні. Бывала, што старшакласнікі маглі мяне і ў тупік паставіць. Але такія працоўныя моманты падбадзёрваюць, не даюць расслабіцца настаўніку. Цяга да прадмета вучняў – аддушына для мяне, – гаворыць адкрыта Таццяна Шуляк. – І ўсё ж такі адных ведаў, мне здаецца, мала. Элемент шанцавання на тэсціраванні прысутнічае. Добра, калі да цябе трапіў варыянт тэста з заданнямі, падобнымі да тых, якія ты праходзіў. А калі не? Таму, калі для аднаго заданне падасца лёгкім, то другі над ім можа паўгадзіны сядзець. Заўсёды кажу, што вельмі важна на тэсціраванні правільна прачытаць умовы, не губляць канцэнтрацыю і ўважлівасць.

Вынікі тэстаў па беларускай мове сталі вядомыя 7 ліпеня. Пасля здачы ЦТ Ягор нікому не казаў, што памылак у тэсце не знайшоў. Баяўся, напэўна, загадзя ўзрадавацца. Думаў, раптам нешта прапусціў.

– Увечары 6 ліпеня яшчэ не было вынікаў. А раніцай наступнага дня я прачнуўся ад званка Таццяны Мікалаеўны, якая хацела даведацца, колькі балаў я атрымаў,  – дзеліцца Ягор. – Калі ўбачыў па радочку толькі зялёныя птушачкі, быў вельмі рады і адразу ж перазваніў сваёй настаўніцы.

– Я ж глядзела вынікі разам з мамай, таму менавіта яна першая даведалася пра мой поспех і тут жа падзялілася са сваякамі, якія таксама моцна перажываюць за мяне, – успамінае Ангеліна. – Адразу сэрца так моцна ёкала, а потым… ад радасці пачала танцаваць.

Абодва гімназісты, акрамя тэста па беларускай мове, здавалі яшчэ ЦТ па матэматыцы і фізіцы. Ад іх вынікаў залежыць, на якую спецыяльнасць абітурыенты будуць падаваць дакументы. З універсітэтам, дарэчы, яны ўжо даўно вызначыліся – БДУІР. Калі настаўніца даведалася пра гэта, адразу папярэдзіла: «Вучыцца там цяжка». Але ж хіба гэта палохае Ангеліну і Ягора?! Ды і заслужаныя 100 балаў – зараз выдатная падмога для выпускнікоў. Таму ўсё задуманае абавязкова здзейсніцца.

Дар’я ЗАНЬКА.

(Visited 11 times, 11 visits today)

←Волковычанка Виолетта Косман поборется за титул «Краса Стройки 2020»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика