Культрабонік — не сабеслужэнне

Источник материала:  
16.06.2020 16:17 — Разное
Культрабонік — не сабеслужэнне

З Алай Шаматульскай, культарганізатарам Агарэвіцкага сельскага Дома культуры, ніколі не засумуеш. Ад яе, нібыта ад сонца, ідуць яркія прамені пазітыву, і творчасці. Гэта ўнікальны чалавек, таленавіты тэатрал, майстар з залатымі рукамі і сапраўдны энтузіяст на культурнай ніве. А на сённяшні дзень такіх мала.

Дзявочыя мары

У дзяцінстве Ала Шаматульская марыла  аб тым, што будзе бухгалтарам. Калі  былі павучаны ўрокі, з шуфляды пісьмовага стала яна даставала лічыльнікі з драўлянымі костачкамі, раскладвала перад сабою паперкі і, выводзячы акуратным почыркам прозвішчы суседзяў, лічбы, уяўляла, што налічвае  заработную плату. У юнацтве дзіцячая мара дзяўчынкі падмацавалася  яшчэ і патаемнай думкаю: «Прафесія папулярная,  і, атрымаўшы яе, без работы ніколі не застануся. Ні ў калгасе, ні ў лясніцтве без бухгалтара не абысціся».

– Як ты памыляешся, дачушка, – не аднойчы казала ёй  маці. – Бухгалтарская справа – гэта не проста работа з лічбамі, а яшчэ і з  людзьмі. Яна патрабуе адказнасці, стрыманасці, цярпення. Да таго ж гэта вельмі  манатонная работа, і яна, павер,  не для цябе.

Самага роднага чалавека Ала, вядома, не змагла не паслухаць і таму разам з Вандай Чабатарэнка, тагачасным дырэктарам  Вялікакруговіцкага сельскага Дома культуры, падалася паступаць у Пінскі каледж мастацтваў.

– Уменне пераўвасабляцца, спакойна і ўпэўнена трымацца на сцэне ў мяне сапраўды было,  – усміхаецца субяседніца. –  Я заўсёды эмацыянальна чытала на ўроках, творчых конкурсах вершы, любімыя маналогі, з вялікім задавальненнем бралася за любую ролю ў невялічкіх пастаноўках клубнага драмгуртка, на школьных ранішніках. Дарэчы, наш клас увесь быў артыстычным, а што тычыцца ролі Бабы-Ягі, дык яна наогул была самай любімай ва ўсіх маіх аднакласніц. Неяк для нас Анатоль Трафімчык нават спецыяльна пісаў пастаноўку, у якой было ажно сем гераінь: добрая і злосная Баба-Яга, худая і таўсматая… Тэатральным гуртком у школе  тады кіравала  настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Жданюк. Як жа ўмела прывівала Галіна Канстанцінаўна нам любоў да чытання, мастацтва наогул!

Першыя крокі

Стацыянарна ў Пінскім каледжы мастацтваў Ала не давучылася, перавялася на «завочку». На другім курсе пакахала, выйшла замуж… Якая ўжо тут вучоба?

– Першае працоўнае месца – Малакруговіцкі сельскі клуб – будзе помніцца ўсё жыццё, як не забудуцца нядзельныя рэпетыцыі фальклорнага калектыву, шумныя танцавальныя вечары, рамонт клуба сіламі вясковай моладзі. Ніколі не сатрэ памяць  і нарады ў  раённым аддзеле культуры, на якіх, мяне, зялёнага, нявопытнага і зусім без хітрыкаў культработніка, за прарэхі ў справах  тагачасны начальнік аддзела культуры Ірына Марцінкевіч незадаволена падымала кожны раз. Гэта сёння я шчодра ўдзячна гэтаму чалавеку за навуку і добра разумею, што такім чынам Ірына Барысаўна скіроўвала на правільны шлях, не давала магчымасці працаваць спусціўшы рукавы… А ў той час было на душы так балюча і крыўдна.

Яскравымі і незабыўнымі момантамі для Алы Шаматульскай былі напоўнены гады працы ў Вялікакруговіцкім сельскім Доме культуры. Менавіта ў гэтую культустанову трапіла Ала Сямёнаўна, падгадаваўшы сыночка.

Маці, гаспадыняй гэтага вялікага дома была Ванда Чабатарэнка.  Акрамя дырэктарскай пасады, была яна кіраўніцай народнага тэатра «Паланіца», у які пашчасціла трапіць і Але Сямёнаўне.

– Сардэчная цеплыня, адкрытасць, адчуванне сапраўднага сяброўства – гэта ўсё «Паланіца», – прызнаецца субяседніца.– Не многія калектывы могуць пахваліцца тым магутным і адначасова ўтульным духам клопату і падтрымкі, што панаваў там. Наша жыццё было цікавым, насычаным. З Вандай Іванаўнай мы выступалі дуэтам, рабілі міні-пастаноўкі, пераважна па творах беларускіх аўтараў. У народным тэатры «Паланіца» з’явіліся дзіва-спектаклі «Люцікі-кветачкі», «Конскі партрэт», «Жаночы вулей», якія аматарам  тэатральнага мастацтва помняцца нават і зараз. Без перабольшвання, Ванда Іванаўна прыпаднесла мне такія тэатральныя ўрокі!

Мюзікл? Мюзікл!

Культрабонік — не сабеслужэнне

І як жа гэтыя ўрокі спатрэбіліся Але Шаматульскай, калі задумала яна на сцэне самага звычайнага сельскага Дома культуры паставіць незвычайны… мюзікл. Так-так, зрабіць музычнае шоу, у якім удала спалучаліся б музыка, песні, танцы і гумарыстычныя дыялогі паміж героямі.

– Да гэтага ў Агарэвіцкім СДК мы спрабавалі свае сілы ў невялічкіх гумарыстычных праграмах аб вясковым жыцці, каханні, адносінах паміж мужчынам і жанчынай, – распавядае субяседніца. – Аўтарам жартаўлівых інсцэніровак выступала наша калега Ала Мірзаліева, а над іх увасабленнем працавалі настаўнікі школы і вадзіцелі, начальнік паштовага аддзялення і выхавальніца дзіцячага садка…

Фантастычны поспех займелі самадзейныя тэатралы, калі ўпершыню на сцэне Агарэвіцкага сельскага  Дома культуры з’явілася больш маштабная работа – навагодні мюзікл «Папялушка» на новы лад».  Пазней заваююць фенаменальную папулярнасць  музычныя шоу «Навагоднія прыгоды Нюры-буфетчыцы», «8 Сакавіка ў «Анюціных вочках».

– Нягледзячы на тое, што паставіць мюзікл – няпростая задача як для рэжысёра, так і для акцёраў, жадаючых прыняць удзел у мюзікле было столькі, што ў пастаноўку нам прыйшлося ўводзіць дадатковыя ролі, акрамя тых, якія былі размеркаваны паміж удзельнікамі калектываў народнай песні «Каляда» і «Ваколіца».

Мюзікл аб жыцці і незвычайных прыгодах Нюры-буфетчыцы, ролю якой сыграла Ала Шаматульская, сапраўды атрымаўся на славу. Музычны цуд  быў напоўнены яркімі дэкарацыямі, жывымі галасамі Алены і Мікалая Цецярдынкаў, Таццяны і Андрэя Булыгаў, Наталлі і Аляксандра Дулікаў, Ліліі Бобка, Алены Дайлід, Святланы Лісок, Ірыны Кашынай, Яніны Курылік, Марыі Санько. Вынік працы агарэвіцкіх тэатралаў паглядзелі землякі, жыхары райцэнтра, В. Круговіч і высока ацанілі.

– Пацвердзіўшы тым самым, што наш калектыў  унікальны і ўніверсальны, – усміхаецца субяседніца.– А культура – не сабеслужэнне.

Прыгажосць газетнай лазы

У Алы Шаматульскай ёсць яшчэ адно захапленне. З газетнай лазы робіць жанчына вытанчаныя кошыкі, вазы, прадметы інтэр’ера. І мала таго, што яны маюць непаўторны каларыт, індывідуальнасць, вырабы  майстрыхі толькі са знакам якасці.

– Некаторыя рэчы прыдумваю сама, дзякуй Богу, фантазіі хапае. Нешта падгледжу ў інтэрнэце, – прызнаецца жанчына. – Для мяне вельмі важна, каб работа была не толькі прыгожай, але і практычнай.

Апошнім часам, калі ў  сувязі з пандэміяй у Доме культуры адменены рэпетыцыі, канцэртныя праграмы і пасяджэнні аматарскіх аб’яднанняў, Ала Шаматульская шмат часу праводзіць за любімай работай.

– Спадзяюся, што хвароба адступіць і ў райцэнтры свята з нагоды Дня Незалежнасці краіны будзе ладзіцца. Я штогод прымаю ўдзел у выставе-продажы майстроў раёна, і кошыкі карыстаюцца асаблівым попытам…

Культрабонік — не сабеслужэнне

Хачу ў Грузію!

Завяршаючы размову са сваёй субяседніцай, так і карцела задаць пытанне: «Аб чым марыце зараз?». Доўга чакаць адказу не прыйшлося:

– Хачу ў Грузію! Адпачыць, паглядзець дзіўную і шчодрую краіну, паляжаць на беразе Чорнага мора і паласавацца сапраўднай грузінскай кухняй. Гэта раней сезон чарніц, журавін чакала як Бога і ўвесь працоўны адпачынак праводзіла ў лесе ці ў балоце. Зараз магу сабе дазволіць памяняць чарніцы на адпачынак, толькі б эпідэміялагічная сітуацыя змянілася.

Галіна МІКАЛАЕВА.

(Visited 1 times, 1 visits today)

←Женщины против Лукашенко. Что скажет генпрокурор?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика