Каля Рэчыцы ДАІшнікі стралялі па колах аўто, на якім уцякаў 15-гадовы расіянін
Легкавік узяў без дазволу ў сваякоў / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Каля Рэчыцы супрацоўнікі ДАІ стралялі па колах аўто, на якім уцякаў 15-гадовы грамадзянін Расіі. А ўсё пачалося ў раённым цэнтры, калі а 6-й гадзіне раніцы 12 чэрвеня ДАІшнікі заўважылі, што ў аўтамабілі Lancia пасажыр і кіроўца не прышпіленыя рамянямі бяспекі. На патрабаванне інспектараў легкавік не спыніўся і пачалася пагоня. Спачатку яна адбывалася ў горадзе, дзе машына з невядомымі шмат разоў парушала правілы дарожнага руху, ехала на хуткасці да 100 км/г, стварала "рэальную пагрозу жыццю і здароўю іншых удзельнікаў дарожнага руху", паведамляе ў Telegram прэс-служба МУС.
Пагоня працягвалася за горадам, дзе кіроўца неаднаразова перашкаджаў абгону і не рэагаваў на папярэджанні ДАІшнікаў. Пасля прагучалі папераджальныя стрэлы ў паветра і, нарэшце, па колах. Адно з іх было прабітае і машына спынілася.
Высветлілася, што аўтамабілем кіраваў расіянін, які прыехаў у госці да сваякоў у Рэчыцу. У іх ён і ўзяў без дазволу легкавік. Вадзіцельскіх правоў у замежніка няма і не магло быць. Пасажырам быў 17-гадовы хлопец з Гомеля, які таксама прыехаў у госці да сваякоў. Інфармацыю аб здзейсненым правапарушэнні накіруюць у камісію па справах непаўналетніх для разгляду.