“Разабрацца па сутнасці праблемы з улікам усіх дэталей і вынесці граматнае рашэнне згодна з Законам”, – такім прынцыпам кіраваўся падчас правядзення “прамой тэлефоннай лініі” ў Карэліцкім райвыканкаме памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч. І на кожнае з 12 пытанняў, якія паступілі з усёй вобласці, быў дадзены кампетэнтны і грунтоўны адказ.
– Усе агучаныя тэмы маюць жыццёвы характар і аднолькава важныя для кожнага грамадзяніна. Будаўніцтва жылля, правядзенне камунікацый, рамонты – гэта нашы будні. Таму ад аператыўнага і эфектыўнага вырашэння такіх пытанняў залежыць узровень нашага жыцця і ў цэлым настрой у грамадстве, – адзначыў памочнік Прэзідэнта.
Пра надзённае гаварылі і жыхары Карэліцкага раёна, якія звярнуліся на “прамую лінію”. Адразу 2 званкі паступілі наконт дарожнага пакрыцця ў вёсцы Лядкі. Па гэтым пытанні Іванам Лаўрыновічам было даручана зрабіць усё належнае сродкамі бягучага рамонту і мець на ўвазе дадзены ўчастак пры планаванні будучых капітальных работ.
Жыхар вёскі Дорагава выказаўся наконт кошту за рыбалку на мясцовым арандаваным прадпрымальнікам возеры. Іван Лаўрыновіч рэкамендаваў карэліцкім уладам параўнаць лічбу з суседнімі раёнамі, пагаварыць з арандатарам наконт магчымых варыянтаў вырашэння сітуацыі, але галоўнае – пайсці насустрач людзям, асабліва вяскоўцам, каб яны маглі спакойна і па разумным кошце наведваць гэты аб’ект.
Звярнуўся за парадай да памочніка Прэзідэнта і жыхар г.п. Карэлічы. Мужчына заключыў дагавор з прадпрымальнікам на ўстаноўку агароджы, той узяў грошы, але выканаў толькі частку працы, а вынесеныя судовыя рашэнні праігнараваў.
– Вядома, я прагляджу ўсе дакументы і больш дэталёва азнаёмлюся з Вашай праблемай. Але, на жаль, яе паспяховае вырашэнне цяпер залежыць у большым ад сумлення прадпрымальніка, з якім Вы заключылі дагавор. У далейшым у такіх сітуацыях Вам трэба дзейнічаць вельмі асцярожна. Так, мы як прадстаўнікі ўлады імкнемся нікога з грамадзян не пакінуць адзін на адзін з праблемай, але і людзі павінны быць пільнымі, узважваць усе “за” і “супраць” і толькі потым прымаць рашэнні, – параіў Іван Лаўрыновіч.
Таксама ў межах “прамой лініі” паступілі званкі ад жыхароў абласнога цэнтра, з аграгарадка Путрышкі і хутара Дубніца Гродзенскага раёна, Ваўкавыска і Ліды. Іх жыхароў хвалявалі пытанні капітальнага рамонту дамоў, водазабеспячэння, зямельных надзелаў, падвядзення электрычнасці, на што ім былі дадзены тлумачэнні, а мясцовым уладам – даручэнні.
Цікавае пытанне ў сувязі з бягучай эпідэміялагічнай сітуацыяй узняла жыхарка г. Ашмяны. Як уладальнік караоке-бара яна распавяла пра тое, што на дадзены момант час работы ўстановы згодна з указаннямі мясцовых служб скарочаны, а значыць яе бізнес нясе страты.
– Мы бачым, што з улікам пандэміі з’явіліся новыя тэмы, якія хвалююць жыхароў нашага рэгіёна. Асабліва гэта тычыцца сферы паслуг. І мы не можам застацца ў баку ад праблем бізнесу. Трэба выязджаць на месцы і ў індывідуальным парадку разбірацца з пытаннямі. Наша агульная задача – знайсці такое рашэнне, якое задаволіць прадпрымальнікаў і будзе адпавядаць санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням. Прычым мы задзейнічаем не толькі райвыканкамы, але і падключым абласных спецыялістаў, – падкрэсліў Іван Лаўрыновіч.
Таксама ў ходзе “прамой лініі” памочнік Прэзідэнта абмеркаваў з мясцовымі кіраўніцтвам і спецыялістамі райвыканкама пытанні парадку ў населеных пунктах Карэліччыны, у тым ліку на будаўнічых пляцоўках, знешне-эканамічныя паказчыкі раёна і тэму занятасці насельніцтва.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара