Найноўшую прэм'еру Купалаўскага тэатра «Кароль Лір» пакажуць у прамым эфіры VOKA

Источник материала:  
27.05.2020 — Разное
>

29 мая на відэасэрвісе VOKA адбудзецца трансляцыя найноўшага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Кароль Лір». Пастаноўку можна будзе ўбачыць бясплатна з любой кропкі Беларусі. Анлайн-паказ праводзіцца ў рамках спецыяльнага праекта да 100-га сезона тэатра, які праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі А1.



«Кароль Лір» стаў першай і галоўнай прэм’ерай юбілейнага сезона – да гэтай знакамітай п’есы купалаўцы звярнуліся ўпершыню. Каб героі Шэкспіра загаварылі па-беларуску, для пастаноўкі рэжысёр Мікалай Пінігін узяў тэкст Юрыя Гаўрука – выбітнага перакладчыка і ў мінулым рэдактара тэатра.



Сцэнаграфія і касцюмы да гэтага спектакля зроблены маладой мастачкай Кацярынай Шымановіч, чыя дэбютная праца на вялікай сцэне Купалаўскага – «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» – стала адным з галоўных тэатральных адкрыццяў мінулага сезона. Музыка да пастаноўкі напісана кампазітарам Андрэем Зубрычам.



У ролі Ліра – народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Выхаваўшы трох дачок, кароль Брытаніі вырашае падзяліць дзяржаву на часткі і аддаць карону. Стомлены ўладар хоча дажыць свае дні ў любові. Але нашчадкі думаюць інакш – атрымаўшы уладу, яны адмаўляюцца ад бацькі і старога караля. Лір становіцца выгнаннікам у голым полі, дзе ад колішняй велічы засталіся цьмяныя ўспаміны.



Ролі дачок Ліра выконваюць Вікторыя Чаўлытка (Ганерылья), Валянціна Гарцуева (Рэгана) і Марта Голубева (Кардэлія). Таксама ў спектаклі задзейнічаныя Дзмітрый Есяневіч, Раман Падаляка, Ігра Сігоў, Андрэй Градабоеў, Іван Кушнярук, Іван Трус, Андрэй Дробыш, Аляксандр Казела, Аляксандр Паўлаў, Аляксандр Зелянко, Андрэй Кавальчук, Павел Астравух, Міхаіл Світа, Павел Паўлюць.

Прамы эфір 29 мая будзе даступны ў мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі нават без аўтарызацыі. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Паказ пачнецца а 19-й гадзіне.

←В Беларуси расширяются возможности использования банковских карт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика