18 мая на Гродзеншчыне назавуць імёны пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”. Сёлета ўпершыню падвядзенне яго вынікаў пройдзе ў новым фармаце.
Іншымі словамі такі фармат можна назваць завочным. Лепшыя чытальнікі з усіх раёнаў вобласці гэтым разам не сустрэнуцца на сцэне абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі ў Гродне. Пасля падвядзення вынікаў конкурсу ў раёнах яны запішуць відэа сваіх выступленняў і перададуць іх арганізатарам абласнога этапу конкурсу.
– Ацэньваць работы ўдзельнікаў у чатырох узроставых катэгорыях будуць вопытныя члены журы. У яго склад увойдуць не толькі педагогі нашай установы, але і акцёры абласнога драмтэатра, прадстаўнікі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, – паведаміла дырэктар абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская.
Юныя аматары паэтычнага слова ўжо дасылаюць свае працы, але асаблівай актыўнасці арганізатары чакаюць у найбліжэйшыя тыдні. У папярэднія гады сярод прэтэндэнтаў на званне лепшых былі каля 80 юных чытальнікаў. У гэтым годзе арганізатары разлічваюць на не меншую актыўнасць.
Конкурс «Жывая класіка» праходзіць па ўсёй краіне. Кожная вобласць вызначыць лепшых чытальнікаў, якія сустрэнуцца на рэспубліканскім этапе падчас святкавання Дня пісьменства. Сёлета свята прыме горад Бялынічы на Магілёўшчыне. Галоўнае, што па традыцыі будзе ацэньваць журы, – выразнае і чыстае выкананне твораў, якія даўно сталі набыткам беларускай літаратуры.