У перыяд складанай эпідэміялагічнай сітуацыі супрацоўнікі Кіраўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях далучыліся да грамадскасці і выказалі ўдзячнасць работнікам райбальніцы за іх самаадданую працу, накіраваную на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй.
У сераду выратавальнікі наладзілі на тэрыторыі, прылягаючай да медыцынскай установы, флешмоб “Дзякуй медыкам!”. Пажарны аўтамабіль праехаў з сірэнай, а потым байцы выратавальнага атрада разгарнулі пажарныя рукавы і пусцілі струмені вады, у гэты ж час супрацоўнікі РАНС выстраіліся ў рад з літарамі ў руках, якія склалі слова “СПАСИБО”.
Старшы інспектар сектара ПіУГ РАНС Аляксандр Жураўскі расказаў, што выратавальнікі таксама падтрымалі ініцыятыву медыцынскай службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь сабраць грошовыя сродкі для ўстаноў аховы здароўя, якія пойдуць на барацьбу з COVID-19.
Аляксандр Жураўскі дадаў: “Мы хочам падтрымаць медработнікаў, якія добрасумленна выконваюць свае працоўныя абавязкі. Выратоўваць жыцці іншых, рызыкуючы сваімі, нягледзячы ні на што, быць у эпіцэнтры падзей і не палохацца цяжкасцей – гэта тое, з чым выратавальнікам-пажарным даводзіцца сутыкацца пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, а зараз – і супрацоўнікам сістэмы аховы здароўя, таму мы іх добра разумеем і жадаем трымацца стойка і мужна!”.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.