У Васіля Прадуна – асаблівая біяграфія. Ён – першы і апошні мэр Ганцавіч. Чаму апошні? Таму што ён быў звольнены ў сувязі з… ліквідацыяй гарвыканкама. Так і запісана ў яго працоўнай кніжцы. Адбылося гэта 29 сакавіка 1996 года. А потым да 29 студзеня 1997-га ён быў звычайным… беспрацоўным.
Уяўляеце, кар’ера – ад старшыні гарвыканкама да беспрацоўнага? У страшным сне не прысніцца. А Васіль Васільевіч усё гэта перажыў. І жонка Святлана яго заўсёды падтрымлівала.
– Гэтая падтрымка была для мяне вельмі важная, – распавядае Васіль Васільевіч. – Надзейны тыл – не проста гучныя словы. Святлана для мяне была як сонца ў аконцы.
А пазнаёміліся са Святланай звычайна – на танцах у гарадскім Доме культуры.
– Як убачыў – адразу закахаўся, – прызнаецца Васіль Васільевіч. – Я ні хвілінкі не сумняваўся, што Святлана будзе маёй жонкай. На ўсё жыццё. Так і здарылася. Лічу, што мне пашанцавала.
З маленства Васіль марыў аб прафесіі, звязанай з электрычнасцю.
– Ну, падабалася мне святло, – кажа Васіль Прадун. – Нават растлумачыць не магу, чаму. Проста факт. Пасля заканчэння сярэдняй школы (я – местачковец, ганцавіцкі, усё жыццё тут пражыў) марыў стаць энергетыкам, паспрабаваў паступаць у Беларускі політэхнічны інстытут. Не хапіла балаў. Бацька працаваў намеснікам галоўнага бухгалтара на Ганцавіцкім агароднінасушыльным заводзе. Сказаў, маўляў, не паступіў, ідзі да мяне на завод скрынкі збіваць. А што рабіць? Збіваў. Потым у армію прызвалі. Адслужыў два гады і вярнуўся ў Ганцавічы.
А з марай аб электрычнай прафесіі не развітаўся. Зноў падаў дакументы ў БПІ. На гэты раз паступіў. На энергетычны факультэт. Як вучыўся, гэта справа асаблівая. І ў будатрады ездзіў, і вагоны разгружаў… Шмат чаго было. Пасля заканчэння інстытута атрымаў накіраванне ў Баранавіцкі раён электрасетак. А там адразу спыталі: «Хочаш у Ганцавічы начальнікам аператыўна-дыспетчарскай службы?». Згадзіўся, не раздумваючы: родны раён, знаёмыя людзі… Пяць гадоў адпрацаваў на гэтай адказнай пасадзе. Усю энергасістэму раёна ведаў дасканала, кожны слуп, так бы мовіць, сваімі рукамі памацаў.
– Потым галоўны інжынер райсельгастэхнікі Аляксандр Пенязь прапанаваў перайсці ў гэту арганізацыю на пасаду галоўнага энергетыка, – успамінае Васіль Прадун. – Чаму менавіта мне прапанаваў? Не ведаю. Супадзенне абставін, магчыма. Я згадзіўся: новая работа – цікава. І не пашкадаваў. Дванаццаць гадоў працаваў, кожную вёску ведаў, кожны калгас.
– І якім жа чынам у гарвыканкам трапілі? – цікаўлюся. – Дзе райсельгастэхніка, а дзе гарадская ўлада?..
– Пачатак дзевяностых гадоў, «разгул дэмакратыі», – усміхаецца Васіль Васільевіч. – Мэраў тады выбіралі ўсенародным галасаваннем. Вось і маю кандыдатуру прапанавалі актывісты. Я спачатку нават не ўспрымаў гэта ўсур’ёз. Але ж выбралі! Шэсць гадоў адпрацаваў на пасадзе старшыні гарвыканкама. Галоўнае, што зрабіў, працуючы мэрам, гэта ўвекавечыў імя нашага знакамітага пісьменніка Васіля Праскурава. Менавіта па маёй ініцыятыве яго імя было прысвоена цэнтральнай раённай бібліятэцы, у гонар гэтага цудоўнага чалавека названа ў горадзе вуліца, на якой той жыў.
Мы сядзім з Васілём Прадуном у яго сціплай двухпакаёвай кватэры па вуліцы Кастрычніцкай, якую ён атрымаў яшчэ тады, калі працаваў начальнікам аператыўна-дыспетчарскай службы раённых электрасетак.
– І што, не маглі, будучы мэрам, палепшыць свае жыллёвыя ўмовы? – пытаюся. – Магчымасці ж, пэўна, былі?
– Вядома ж, былі, – шчыра кажа Васіль Прадун. – І ніхто б не папракнуў, таму што дзеці ў мяне былі разнаполыя – дачка і сын. І на трохпакаёўку мог прэтэндаваць. Але сумленне не дазволіла. Кожны раз, калі ў Ганцавічах здавалі новы дом, некаму, на мой погляд, жыллё было больш патрэбным, чым мне.
Жонка Святлана ў гэтым мужа заўсёды падтрымлівала, ніколі не папракнула.
– Хаця сёння я разумею, што не даў сям’і ўсяго, што мог даць, – лічыць Васіль Васільевіч. – Але калі б вярнуць жыццё назад, усё роўна па-іншаму б не зрабіў.
А ўвогуле Васіль Прадун – па жыцці аптыміст, нягледзячы на ўсе перыпетыі. Толькі ўявіце сабе: з вышыні старшынскага гарвыканкамаўскага кабінета апынуцца ў рангу беспрацоўнага і гэта перажыць…
– А я сапраўды аптыміст, – распавядае Васіль Васільевіч. – Памятаю, калі прыйшоў у 1996 годзе ў цэнтр занятасці станавіцца на ўлік як беспрацоўны, дзяўчаты-супрацоўніцы на мяне пазіралі як на хворага: дзе ж мы вам, маўляў, работу знойдзем у раёне па вашым статусе?.. Я казаў: «Не хвалюйцеся, работу я сам сабе знайду».
І знайшоў. 24 студзеня 1997 года ў яго працоўнай кніжцы з’явіўся новы запіс: старшы інспектар Ганцавіцкай раённай групы энерганагляду РЭУ «Брэстэнерга». І тут ён праявіў сваю адказнасць і сур’ёзнасць. Стараўся працаваць сумленна – і праз два гады стаў кіраўніком гэтай групы.
Адказнасць за тое, што робіць, была заўсёды ў крыві Васіля Васільевіча. Але не ўсё залежыць ад самога чалавека. Здараецца часам і так, што жыццё паварочваецца да цябе бокам. Васіль Прадун не захацеў гаварыць пра прычыны, якія паслужылі падставай для таго, каб пакінуць энерганагляд, і пра людзей, якія за гэтым стаялі. «Так здарылася», – сказаў. Я потым сам пацікавіўся ў іншых людзей, што на самай справе было. І высветліў: нічога, што б наклала пляму на сумленне Васіля Прадуна, тады не адбылося. А падрабязнасцей – не варта.
Каб дапрацаваць да пенсіі, Васілю Васільевічу давялося стаць… электраманцёрам па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання ў вайсковай часці ў Машуках. Тры гады – ад званка да званка – абслугоўваў тое абсталяванне. А там не жартачкі, там сур’ёзныя электронныя сістэмы. Даводзілася вучыцца і на старасці гадоў. Вучыўся, абслугоўваў, працаваў. Амаль 45 гадоў працоўнага стажу. Звычайная біяграфія звычайнага чалавека. І выбітнай асобы.
Сёння Васілю Прадуну спаўняецца 70 гадоў. З юбілеем Вас, паважаны Васіль Васільевіч! Добрага здароўя, дабра Вам і радасці!
Вячаслаў БУРДЫКА.