У вялікія выхадныя заставацца дома
Беларусам у вялікія выхадныя, у тым ліку на Радаўніцу, па магчымасці лепш застацца дома, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БелТА.
«Мы заўсёды ацэньваем рызыкі, каб выпрацаваць нейкія рэкамендацыі. Цяпер самая вялікая рызыка, якую мы бачым, – чатыры выхадныя дні (25-28 красавіка. – Заўвага БелТА). Ведаем традыцыі нашых грамадзян наведваць магілы сваякоў, наведваць састарэлых сваякоў, каб разам успомніць тых, каго з намі няма. У гэтым выпадку мы прасілі б усіх заставацца ў месцах пражывання і максімальна абмежаваць сустрэчы», – сказаў Уладзімір Каранік.
Паводле яго слоў, і ў праваслаўі, і ў каталіцтве ёсць іншыя дні, калі можна ўспомніць памерлых і прывесці ў парадак магілы.
Міністр паведаміў, што па некаторых рэгіёнах прасочваецца дакладная тэндэнцыя: праз 7-11 дзён пасля каталіцкай Вербнай нядзелі сярод прыхаджан рэгіструецца павелічэнне колькасці інфіцыраваных. «Кампанія, у якой былі людзі з розных гарадоў, з’ездзіла на шашлыкі, а потым мы па ўсіх гэтых гарадах высвятляем удзельнікаў (кантакты першага ўзроўню. – Заўвага БелТА)», – дадаў міністр.
Уладзімір Каранік парэкамендаваў будучыя вялікія выхадныя правесці ў сваім асяроддзі. «Пагуляйце на свежым паветры, але ўстрымайцеся ад наведвання сваіх далёкіх сваякоў у іншых рэгіёнах, асабліва пажылых людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі», – сказаў ён.
Паводле слоў міністра, прагулкі на прыродзе не нясуць рызыкі заразіцца каранавірусам. Аднак працяглыя і цесныя стасункі на пікніку, нават нягледзячы на тое, што гэта адбываецца на прыродзе, павышаюць рызыку заражэння. Калі ў кампаніі будзе хоць адзін інфіцыраваны, для прысутных такі пікнік прывядзе да неабходнасці знаходзіцца на самаізаляцыі або пад наглядам медперсаналу.