Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Дзяцінства Зінаіды Мыслявец, абпаленае вайной

Источник материала:  
20.04.2020 08:07 — Разное
Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Дзяцінства Зінаіды Мыслявец, абпаленае вайной
Фота ілюстрацыйнага характару

Зінаіда Мыслявец з аграгарадка Малькавічы і сёння без слёз не можа ўспамінаць жахі фашысцкай акупацыі, сваё абпаленае вайной дзяцінства. Карэспандэнту «СП» жанчына расказала ўсё, што захавала памяць, чым жыве і шчаслівая сёння.

Зінаіда Іосіфаўна – дзіця вайны. Нарадзілася ў 1936 годзе ў Расіі, у вёсцы Падасінкі Бранскай вобласці. У жніўні 1941-га туды прыйшлі нямецка-фашысцкія акупанты. Вёску ў першы ж дзень спалілі. Жыхароў, у асноўным старых, жанчын і маленькіх дзяцей, пад канвоем адправілі ў канцлагер.

Жанчына не можа стрымаць слёз, распавядаючы пра тыя жудасныя дні:

– Гналі нас, бы жывёлу, з сабакамі, – успамінае Зінаіда Іосіфаўна. – Я ж маленькая, пяць гадоў толькі было, але запомнілася на ўсё жыццё, як немец нацкоўваў сабаку на людзей. Не ўсе дайшлі… Вы толькі падумайце: ад Бранска да Оршы ішлі пехатою. Потым пасадзілі ў грузавы цягнік і везлі да Баранавіч. Ні яды, ні вады, амаль тыдзень ехалі… У Баранавічах зноў высадзілі і пехатою вялі да канцлагера, які знаходзіўся ў вёсцы Калдычэва. Малодшаму браціку майму было ўсяго тры гады. Маці яго на руках несла.

Да лета 1944-га, да вызвалення Беларусі, Зінаіда Іосіфаўна жыла (існавала!) у канцлагеры.

– Што елі, што пілі – не расказаць, нічога не было, – кажа жанчына. – Ваду бралі з лужын. А ў 1943 годзе памерла матуля. Ад тыфу. Мы засталіся адны: я, мая старэйшая – на два гады – сястра і два малодшыя брацікі.

У 1944-ым, калі вызвалілі Беларусь, Зінаіду адправілі ў дзіцячы дом у Ганцавічы.

– І там вельмі цяжка было. Нават, успамінаецца,  дырэктар дзіцячага дома хадзіў па навакольных вёсках, бы жабрак, і прасіў хоць бы якую бульбіну для дзетак, – зноў слёзы на вачах у маёй суразмоўніцы.

– А як у Малькавічы трапілі? – цікаўлюся.

– Пасля дзіцячага дома. Выйшла замуж за малькавіцкага хлопца. Харошы муж быў. Усё рабіў, што мог. Праўда, свякруха не хацела, каб ён на мне жаніўся. Навошта, маўляў, без пасагу ж яна, дзетдомаўка? Але я яе разумела і ніколі не крыўдзілася. А Валянцін быў па характары настойлівы, хоць і маўчун. Маці ён не паслухаўся. Пражылі мы з ім у поўнай згодзе. Дваіх дзетак выгадавалі. Дачка Люда зараз у Мінску жыве, працавала настаўніцай, на пенсіі ўжо. Сын Аляксандр служыў у Мурманску, потым застаўся там, працаваў у міліцыі, таксама ўжо на пенсіі. Прыязджаюць, дапамагаюць па гаспадарцы. Нарадавацца не магу.

Усё добра ў Зінаіды Іосіфаўны. Задаволена сваім жыццём, любіць Беларусь, Малькавічы лічыць сваёй другой радзімай.

– А дзяцей мне, пэўна, сам Бог даў, – кажа Зінаіда Іосіфаўна. – За тое, думаю, што сама перанесла ў маладосці.

Здароўя вам, Зінаіда Іосіфаўна! А шчасце ў вас ужо ёсць. У дзецях і ўнуках.

Вячаслаў БУРДЫКА.

(Visited 1 times, 1 visits today)

←С чистого листа. Кто может получить второй шанс по Амнистии-2020

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика