Заўтра, з самай раніцы, царкоўныя званы абвесцяць радасную навіну: прыйшоў светлы дзень Уваскрэсення Хрыстова. Штогод гэта чаканае ўсімі свята адгукаецца ў сэрцах людзей надзеяй і радасцю, дае веру ў збыццё добрых пачынанняў і пажаданняў, акрыляе і напаўняе душу прасвятленнем.
Наша зямлячка, ураджэнка вёскі Заброддзе Курганскага сельсавета, кандыдат гістарычных навук Ганна Іванаўна Дулеба ў пачатку 2000-х гадоў правяла змястоўную работу па вывучэнню асаблівасцей грамадскага быту, свят, традыцый і абрадаў Смалявіччыны.
Навуковая праца вучонай не толькі дае магчымасць сучаснікам пазнаёміцца з ранейшым жыццём землякоў, але і сёння актыўна выкарыстоўваць багаты этнаграфічны матэрыял, пераймаць лепшыя абрады і традыцыі, захоўваць народную спадчыну.
Напярэдадні светлага дня Уваскрэсення Хрыстова, дарэчы, цікава даведацца, як святкавалі Вялікдзень на Смалявіччыне.
“Вялікдзень – гэта свята свят” – так лічылі нашы продкі. Існуе гэтае свята ўжо тысячы гадоў, а значыць, яно важнае і для чалавецтва, і для кожнага асобнага чалавека.
Каляндарна свята адносіцца да вясенняга цыкла народных традыцый. І ўвасабляе яно не толькі дату ўваскрасення Ісуса Хрыста, але і абуджэнне прыроды ад зімовага сну, пачатак палявых работ па закладцы новага ўраджаю, надзею на лепшы дзень, на лепшы працоўны здабытак.
Узнікла свята ў далёкай старажытнасці. Але і праз гады многім абрадавым дзеянням людзі надаюць магічную сілу, спадзеючыся на поспех ў штодзённай дзейнасці, на дабрабыт і шчаслівую долю сям’і. Свята чакалі, каб адпачыць ад напружанай працы па гаспадарцы, акунуцца ў святочны настрой. А дзеці чакалі, што пасля Вялікага паста на стале з’явяцца прысмакі і ласункі, будуць падарункі – новае адзенне і абутак. Бо не кожны дзень раней сяляне маглі сабе дазволіць такое.
Жыхары нашай мясцовасці да Велікоднага свята заўсёды старанна рыхтаваліся яшчэ загадзя – наводзілі парадак ў хатах, мылі вокны і фіранкі, бялілі печы, чысцілі двары і тэрыторыю каля дому. Словам, стараліся стварыць вакол сябе ўрачыстую, святочную абстаноўку.
Напярэдадні свята людзі хадзілі ў царкву, асвячалі чырвоныя яйкі, соль, кулічы. Кожная сям’я імкнулася адзначыць Вялікдзень асабліва шчодра. Верыла, што ад гэтай шчодрасці будуць залежыць і багаты ўраджай, і прыплод жывёлы, і дастатак у сям’і.
Пачыналася свята ў нядзелю і працягвалася некалькі дзён. У гэтыя дні забаранялая выконваць многія работы – ткаць, шыць, пілаваць і г.д. Нават паліць у печы ў першы дзень свята лічылася непрыймальным. Ежу рыхтавалі загадзя, яйкі фарбавалі ў адвары з цыбульнага шалупіння. Яйкі былі галоўным сімвалам свята. Фарбаванымі яйкамі прынята было адорваць сваіх родных і блізкіх, яйкі былі атрыбутамі многіх гульняў і абрадаў.
Адметнай рысай свята раней было хаджэнне валачобнікаў – абрад, які цяпер выкарыстоўваецца значна радзей, быў падобны на забавы калядоўшчыкаў. Толькі песні і пажаданні вызначаліся сваім зместам. Вось адна з такіх песень, з якой хадзілі па хатах валачобнікі на Смалявіччыне:
Песенька спета насупраць лета.
А будзь жа весел, як вясна-красна.
А будзь жа ціхі, як лета.
А будзь жа багаты, як восень.
Валачобныя песні былі адметнай часткай велікоднага рытуалу. Яны вызначаліся асаблівай паэтычнасцю, глыбокім зместам і надавалі святу асаблівую ўрачыстасць, стваралі святочны настрой, адлюстроўвалі пажаданні і спадзяванні людзей, нярэдка былі напоўнены трапным народным гумарам.
Свята Вялікдзень бытуе ў нашай мясцовасці і ў цяперашні час. Захаваліся многія яго традыцыі: фарбаванне яек, выпяканне велікодных кулічоў, асвячэнне іх ў царкве, адорванне імі сваіх родных і блізкіх, сяброў. Дарэчы, калі раней, у гады атэізму наведванне царквы многімі не падтрымлівася, то сёння ў нас няма ніякіх перашкод у гэтым плане. Кожны можа ладзіць сваё духоўнае жыццё, як яму дазваляе вера і падказвае сэрца. Многія дзеці наведваюць нядзельныя школы пры храмах. Свяшчэннікі прымаюць удзел у многіх адказных грамадскіх мерапрыемствах. Вера ўспрымаецца, як важны сродак духоўнага і маральнага выхавання людзей. І таму Вялікдзень сёння ў нас — свята, можна сказаць, усенароднае, яно афіцыйна прызнана дзяржавай. Яно дапамагае ў з’яднанні і згуртаванні людзей.
На вялікі жаль, сёлета Вялікдзень выпаў на час, калі ва ўсім свеце, і ў Беларусі таксама, распаўсюджаны небяспечны вірус. І таму вельмі не пажадана наведваць мясціны, дзе збіраецца шмат людзей, каб не стаць ахвярай хваробы. Як падкэсліваецца ў звароце Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі з пагрозай распаўсюджання інфекцыі, Царква таксама перасцерагае не адносіцца да захворвання легкадумна, не ігнараваць прафілактычныя меры, прапануе вернікам, хто знаходзяцца ў зоне рызыкі, не спяшацца ў людныя мясціны, Лепш правесці святочныя малітвы дома, перад тэлевізарам, дзе будзе трансліравацца велікодная служба.
Вялікдзень – гэта свята духоўнага ачышчэння, свята дабрыні і веры ў лепшую будучыню. Хацелася б, каб яно надало нам усім аптымізму, веры, надзеі, сілы ў перадоленні цяжкасцей, з якімі сёння сутыкнуліся людзі, каб узняло нас над будзённасцю, прымусіла адмовіцца ад усяго змрочнага і, як вясна абуджае свет, прабудзіла новае імкненне да стваральнай працы і духоўнага ўдасканалення.
Э.ПАТАПЧЫК.