Так ужо склалася жыццё, што мне давялося пайсці ў «дэкрэтны водпуск» (па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім трохгадовага ўзросту). Такі варыянт афіцыйна прадугледжаны беларускім заканадаўствам: замест маці даглядаць немаўля можа бацька, бабуля ці дзядуля. За гэту работу дзяржава яшчэ і грошы плаціць: на першае дзіця – 400 рублёў у месяц, на другое і наступнае – 460. У нашай сям’і агульным галасаваннем адказную пасаду матулі-выхавальніцы даверылі мне, ды і ў рэшце рэшт ні ў каго іншага такой магчымасці і не было.
На той момант у Беларусі ў «дэкрэце» знаходзілася больш за тысячу бабуль і толькі шэсць дзядуль. Такім чынам я стаў у краіне сёмым, а на Ганцаўшчыне – і ўвогуле першым. Многія знаёмыя, даведаўшыся аб маім рашэнні, жартаўліва цікавіліся: ты, маўляў, на якім месяцы цяжарнасці?
Аднак, шчыра прызнаюся, мне тады было не да жартаў. Узваліць на сябе такую адказнасць у шасцідзесяцітрохгадовым узросце – гэта сапраўды не просты крок. І я доўга вагаўся, пакуль на яго рашыўся. Сёння ж заяўляю катэгарычна: ніколькі не шкадую аб гэтым сваім учынку, бо даглядаць, выхоўваць маленькага чалавечка – задача хоць і не простая, але пачэсная і вельмі прыемная. Гэта ж на тваіх вачах, пры тваім самым непасрэдным удзеле немаўля пачынае пазнаваць свет, станавіцца «на крыло», асэнсоўваць паняцці дабра і зла, зацвярджаць сябе ў навакольным грамадстве. Ты разумееш, што менавіта ад цябе ў многім залежыць, якім ён стане чалавекам.
Але ўсё па парадку. «Абавязкі мамы» я пачаў выконваць з 1 студзеня 2019 года. Сашку споўнілася 1 год 9 месяцаў і 12 дзён. Ён ужо ўпэўнена хадзіў па хаце, любіў гуляць з машынкамі, праўда, мала што гаварыў: «дай», «хачу», «мама»… А тут раптам дзед з вусамі! Вось з вусоў ён і пачаў – чапляўся за іх сваімі моцнымі пальчыкамі і тузаў туды-сюды, радасна смеючыся. Адным словам, новая забава з’явілася ў малога. Потым сур’ёзна паглядзеў на мяне і вымавіў: «Дзед!».
Выхаваўчы працэс пачаўся. З усіх бакоў ад сямейнікаў пасыпаліся парады. Хтосьці раіў адразу ўзяць малога ў вожыкавыя рукавіцы, дачка пажартавала: дзедаўшчына, маўляў, пачынаецца, жонка катэгарычна заявіла: біць дзіця нельга ні ў якім разе, крычаць на яго – таксама не. А ўнучак уважліва вывучаў новага выхавальніка – прыкідваў, напэўна, як гэтага старога чалавека самому ўзяць «у абарот». Я ў сваю чаргу насцярожана назіраў за сваім падапечным – чаго чакаць ад хлопчыка?
Не, не скажу, што займацца з унукамі – справа для мяне ўвогуле незнаёмая. Сашка ўжо шосты ў нашай сям’і. У старэйшай дачкі Алёны растуць трое – унук Алёшка і ўнучкі Аня і Марыяна, ды і ў малодшай Юлі Сашка стаў трэцім пасля Уладзіка і Ромкі. Але адна справа сустракацца з унукамі перыядычна, па святочных днях, а тут жа зусім іншае – кожны дзень. Дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. І накарміць, і напаіць, і пагуляць, і спаць пакласці, і, прабачце, на гаршчок пасадзіць. На выхадныя, праўда, дачка яго забірала да сябе ў Брэст – давала дзеду адпачынак. Аднак я хутка прывык да сваіх абавязкаў, і не надта ўжо і патрэбен быў мне той адпачынак.
Хутка прывык да мяне і Сашка. Ён ледзь не з першага дня ўцяміў, што новая нянька не такая ўжо і строгая, і пачаў літаральна вяроўкі з мяне віць. А я і сапраўды на практыцы прымяняў англійскі метад выхавання – дазваляў малому рабіць усё, што ён хоча. Карміў, гуляць вадзіў, спаць укладваў не па прымусу, а тады, калі той прасіў, мульцікі дазваляў глядзець, пакуль яму не надакучвала. Карацей кажучы, дзейнічаў па прынцыпе: чым менш забарон – тым менш спакус. І, дарэчы, хутка заўважыў, як зваротная рэакцыя наступіла, эфект бумеранга, так бы мовіць: ты на дзіця не крычыш – і яно на цябе не крычыць, ты яго не б’еш – і яно цябе не б’е, ты з ім па-добраму – і дзіця з табою па-добраму.
Былі, вядома, у маім метадзе выхавання і забароны. Не без гэтага. Але іх было мала, і яны тычыліся толькі бяспекі. Таму ўнук да іх прыслухоўваўся і заўсёды выконваў. Напрыклад, калі Сашка лез да электрычных прыбораў ці імкнуўся забрацца на падаконнік, я казаў, што так рабіць нельга, бо гэта небяспечна. І ён разумеў, праз нейкі час сам паказваў на акно ці на мікрахвалёўку і казаў: «Небяспечна».
Бабуля, паназіраўшы за «агліцкімі» метадамі дзеда, паспрабавала ўмяшацца: распуста, маўляў. Я ў адказ толькі плячыма паціснуў: не падабаецца – давай сама. Але яна ў нас усё жыццё на кіруючых пасадах працавала, таму прывыкла да каманднага стылю. І адразу ж пацярпела фіяска. Унук бабуліны каманды проста ігнараваў. Дарэчы заўважу, што ў тэорыі бабуля наша таксама прытрымлівалася англійскага метаду выхавання, бо яе былая каляжанка часта ездзіла да ўнукаў, якія жылі ў Лондане, і распавядала, як дзяцей выхоўваюць там. Аднак, як кажуць, тэорыя тэорыяй, а на практыцы ўсё па-іншаму. Так і тут здарылася. Калі Сашка не паслухаўся бабуліных указанняў раз, другі, трэці, яна махнула рукой на «агліцкія» метады і перайшла да фізічных – адшлёпала малога па мяккім месцы. Той у даўгу не застаўся і даў бабулі здачы.
Я ж працягваў дзейнічаць сваімі метадамі. І, між іншым, мой падапечны паслухмяна выконваў усе мае просьбы і ні разу не ўзняў на мяне руку.
Сашка аказаўся здольным і кемлівым хлопчыкам. Імгненна схопліваў усё новае, любіў маляваць і чытаць кніжкі, імкліва павялічваў слоўнікавы запас, пачаў гаварыць цэлымі фразамі. Нагуляўшыся з раніцы з машынкамі, ён прасіў: «Давай, дзед, будзем займацца». Гэта значыць, што трэба даставаць азбуку і вучыць літары. Першай мы з ім вывучылі літару А, потым маміну літару М, дзедаву Д, бабуліну Б… Праз 15 – 20 хвілін вучыць літары яму надакучвала, і мы пераходзілі да знаёмства з лічбамі. Першыя пяць – колькі пальчыкаў на адной руцэ – ён запомніў ужо на першым занятку. Да дзесяці вучыліся лічыць крыху больш, але і з гэтай задачай хутка справіліся. На ўроках малявання спачатку вучылі колеры. Гэта справа Сашку вельмі падабалася, і ўжо праз два-тры дні ён беспамылкова называў мне любы колер. Я нарадавацца не мог поспехам малога.
Вядома ж, я разумеў, што перагружаць дзіця вучобай нельга, гэта магло адбіць усялякае жаданне вучыцца, таму больш часу мы праводзілі ў гульнях. Асабліва ўнуку падабаліся падарожжы па горадзе (наш «дэкрэтны адпачынак» праходзіў у асноўным у Кобрыне). Традыцыйна амаль штодня, калі дазваляла надвор’е, мы хадзілі з ім да чыгункі і назіралі, як міма праходзілі цягнікі. Сашка хутка навучыўся адрозніваць пасажырскія ад грузавых, лічыць, колькі ў саставе вагонаў, вызначаць, куды цягнік едзе, – на Брэст ці на Гомель. Потым ішлі з ім да аўтамагістралі Брэст – Мінск, якая праходзіць праз Кобрын, і вучыліся запамінаць маркі машын: пажарная, міліцыя, пікап, кран, лесавоз… Яшчэ адным аб’ектам, дзе ўнуку падабалася гуляць, стаў Сквер воінскай славы, закладзены ў гонар кобрынскіх верталётчыкаў, якія загінулі ў Афганістане. Там на пастаменце стаіць сапраўдны ваенны верталёт – ён цягнуў хлопчыка да сябе, бы магніт. Пасля знаёмства з гэтым помнікам нашы штодзённыя падарожжы пачыналіся ўжо не з чыгункі, а менавіта з верталёта. Я расказваў Сашку пра вінтакрылую баявую машыну, пра людзей, якія на ёй ваявалі і гінулі ў далёкай горнай краіне. Малы ўважліва слухаў. Гэта таксама былі ўрокі. Урокі ваенна-патрыятычнага выхавання.
Увогуле вучоба і гульня ў нас заўсёды перапляталіся: на вучэбных занятках мы гулялі ў вучня і настаўніка, спаборнічалі, хто хутчэй запомніць тую ці іншую літару, слова, лічбу, а ў кожнай гульні я стараўся знаходзіць і навучальны аспект.
…Імкліва ідуць дні, тыдні, месяцы. Сашка размаўляе са мною па-даросламу, часам задае такія пытанні, на якія не адразу і адказ знаходжу: «Дзед, а як дождж ідзе? У яго ж ножак няма…»; «Адкуль сонца бярэцца?»; «Навошта табе вусы?». Тлумачу, хоць па рэакцыі ўнука адчуваю, што не заўсёды мае тлумачэнні яго задавальняюць. Ну што ж, падрасце – зразумее. На ўсё патрэбен час. А сам сабе думаю: а сапраўды, навошта мне тыя вусы? Ды і дождж як без ножак ідзе, не ведаю…
На зіму мы паехалі з унукам у Брэст. Там – новыя ўражанні. Сашку спадабалася гуляць у Скверы міру на Партызанскім праспекце, дзе акцыянернае таварыства «Савушкін прадукт» абсталявала дзіцячы гарадок. Тут і горкі, і альтанкі, і пясочніца… Сашка адразу палез на самую высокую горку – я нават спалохаўся: раптам зваліцца ўніз. Не, карапуз моцна трымаўся за борцікі і ўпэўнена пераадольваў перашкоды. А мне падумалася: якія малайцы «савушкінцы»! Такую цудоўную справу зрабілі для мясцовай дзятвы. Вось дзе сапраўдная дабрачыннасць! І ўсё бясплатна. Ніякага табе матэрыяльнага прыбытку, наадварот – выдаткі: на атракцыёны, на добраўпарадкаванне, ды смецце кожны дзень прыбраць. Навошта гэта буйному прамысловаму прадпрыемству? Але ж дзеткі, якія тут сёння гуляюць, запомняць яго назву – «Савушкін прадукт», і праз пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў прыйдуць сюды працаваць ці ў магазіне будуць выбіраць малако, тварог, масла менавіта «савушкіна». Такая вось сацыяльна-эканамічная стратэгія. Шкада, што ў Ганцавічах няма такога эканамічна моцнага прадпрыемства.
19 сакавіка 2020 года Сашку споўнілася тры гады. Такім чынам мой «дэкрэтны водпуск» скончыўся. І радасна, і сумна адначасова. Радасна – таму што не дарэмна правёў гэты час, нешта даў маленькаму чалавечку. А сумна развітвацца. Не назаўсёды, вядома ж, мы будзем і надалей сустракацца з унукам, праўда, ужо не так часта. Спадзяюся, ён будзе мяне чакаць.
…Учора патэлефанавала дачка. Распавяла, што Сашка, прачнуўшыся раніцай, адразу пацікавіўся: «А дзе мой дзед?». У мяне ад гэтых слоў сэрца зашчымела.
Вячаслаў БУРДЫКА.