Са святам Уваскрэсення Хрыстова, глушчане-католікі!
Сёння ва ўсіх каталіцкіх святынях будзе гучаць радаснае “Аллелюя”. Пасхальная радасць пранікне ў глыбіню кожнага сэрца, бо таямніца Уваскрэсення з’яўляецца самай вялікай праўдай хрысціянскай веры.
Пасха абвяшчае вельмі важнае пасланне, што ў Хрысце Укрыжаваным і Уваскрослым любячы Бог прыносіць людзям збаўленне і дае новую надзею. Хаця ў Вялікую пятніцу здавалася, што Езус быў пераможаны і не засталося ніякай надзеі, аднак праўда Уваскрэсення сведчыць аб перамозе жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, міласэрнасці над помстай. Такім чынам пасхальная таямніца смерці і Уваскрэсення Хрыста кардынальна змяняе сітуацыю чалавека і свету. Таму ўваскрослы Езус — гэта не мінулае, а сучаснасць, дзякуючы якой змяняецца свет і чалавек.
Сёння пасхальны настрой напоўніць дамы вернікаў, прынясе з сабою радасць і душэўны спакой. Езус сваёй крыжовай смерцю і слаўным Уваскрэсеннем збавіў усіх людзей, і таму радасць мае права быць супольнай. Радаснае “Аллелюя” гучыць у сэрцах і душах людзей, збаўчая Пасха ідзе па зямлі. Яна закране кожнага чалавека, адорыць яго новым жыццём ва ўваскрослым Хрысце!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!