Іван Аляксандравіч Сазонаў прайшоў падчас ваеннага лехалецця ад Смаленска да Вайнодэ (Латвія)

Источник материала:  
10.04.2020 — Разное

Іван Аляксандравіч Сазонаў прайшоў падчас ваеннага лехалецця ад Смаленска да Вайнодэ (Латвія)

Тэма Вялікай Айчыннай вайны актуальная сёння як ніколі, таму што ёсць нямала фактаў, якія скажаюць ролю перамогі савецкага народа ў ёй. Вайна, якая прынесла столькі бед, не павiнна забывацца.

Да вашай увагі, паважаныя чытачы, супрацоўнікі раённай газеты падрыхтавалі да 75-годдзя Вялікай Перамогі аповед пра тых людзей, якія змагаліся на тэрыторыі нашага раёна.

Добра ведаюць вызваліцеляў свайго аграгарадка Германавічы жыхары вёскі і, канешне, вучні мясцовай школы. Сваю даследчую працу, прысвечаную камандзіру 1406 зенітна-артылерыйскага палка 39-й зенітна-артылерыйскай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі Івану Аляксандравічу Сазонаву калісьці зрабіў былы вучань Германавіцкай школы Андрэй Язенак. Зараз юнак з’яўляецца  студэнтам першага курса Акадэміі ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Вось пра што ён змог даведацца:

— Свой лёс з Чырвонай Арміяй Іван Аляксандравіч звязаў у 1928 годзе, атрымаўшы камсамольскую пуцёўку ў ваенную школу. Ён вучыўся спачатку ў Ленінградзе, а потым у Маскве. У 1931 годзе загадам Наркомвоенмора яму было прысвоена званне «Камандзір Чырвонай Арміі». Да вайны служыў у Маскве, Ленінградзе, на Украіне і Далёкім Усходзе.

У жніўні 1943 года Іван Аляксандравіч Сазонаў атрымаў загад аб фарміраванні 1406 зенітна-артылерыйскага палка. Да гэтага часу ён ужо быў вопытным баявым афіцэрам. За плячыма 12 гадоў службы ў Чырвонай Арміі. Прымаў удзел у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Паўночна-Заходнім фронце.

Пад камандаваннем Івана Аляксандравіча яго полк прайшоў з баямі ад Смаленска да Вайнодэ (Латвія). У вызваленні беларускай зямлі ад гітлераўцаў 1406 ЗАП ўдзельнічаў з першага дня наступлення — 23 чэрвеня 1944 года. 25-га ён ужо фарсіраваў Заходнюю Дзвіну. Артылерысты вырваліся наперад, каб прыкрыць і падтрымаць агнём перадавыя часткі. Першага ліпеня 1944 года полк паспяхова прыкрываў праходжанне частак стралковага корпуса праз мост у мястэчку Германавічы ад уздзеяння авіяцыі праціўніка. Менавіта ў нашай вёсцы адбыўся адзін з самых знакавых баёў палка. Зенітчыкі збілі ў гэтай бітве з фашысцкімі “сцярвятнікамі” шэсць самалётаў ворага і адстаялі мост праз раку Дзісну.

Зенітчыкі Сазонава ў складзе Першага Прыбалтыйскага фронту ўдзельнічалі ў вызваленні Літвы і Латвіі. Толькі за адзін 1944 год полк знішчыў 32 варожых самалёта, 9 гармат, 26 броне- і аўтамашын, захапіў у палон больш за 160 нямецкіх салдат і афіцэраў. Пятнадцатага лістапада ў выніку нямецкага абстрэлу ў раёне станцыі Вайнодэ камандзір быў двойчы паранены. Сазонава спачатку даставілі ў медсанбат ў пасёлку Іллякай, потым у горад Шаўляй. У выніку тэрміновай эвакуацыі шпіталя (немцы прарвалі абарону каля Шауляя) Івана Аляксандравіча вывезлі на самалёце літаральна з-пад абстрэлу.

Пасля выздараўлення Іван Аляксандравіч прасіўся зноў у свой полк. Атрымаўшы «дабро» медыцынскай камісіі на працяг службы, ён прызначаецца начальнікам штаба зенітнай дывізіі, але далёка ад роднага палка — на Трэцім Украінскім фронце.

Пасля вайны палкоўнік Сазонаў, кавалер ордэна Леніна, двух ордэнаў баявога Чырвонага Сцяга, ордэнаў Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, служыў у арміі да 1957 года, займаў высокія камандныя пасады. Дэмабілізаваўшыся, працягваў працаваць з такімі ж стараннасцю і энергіяй, з якімі нёс ратную службу. Быў выкладчыкам, выхавальнікам моладзі ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, палітэхнікуме, у ГПТУ электрыкаў і будаўнікоў, працаваў у сістэме грамадзянскай абароны.

Палкоўнік у адстаўцы Іван Аляксандравіч быў падцягнуты і не па гадах стройны. Нават у грамадзянскім касцюме ў кожным яго руху адчувалася «ваенная костачка». Ён быў абаяльным і людзі з радасцю мелі з ім зносіны. Такім Іван Аляксандравіч запомніўся жыхарам вёскі Германавічы падчас сустрэч ветэранаў-зенітчыкаў.

З цеплынёй і ўдзячнасцю успамінаюць ветэраны аб сваіх аднапалчанах. Сапраўды, яны былі як адна сям’я. І кіраўніком гэтай сям’і быў мужны, мэтанакіраваны чалавек, баявы афіцэр — Іван Аляксандравіч Сазонаў. У палку яго паважалі за прафесіяналізм, уважлівасць, чуласць і разам з тым патрабавальнасць.

Я вучуся ў Акадэміі МУС і мару стаць афіцэрам. Прыклад для мяне Іван Аляксандравіч Сазонаў — сапраўдны сын сваёй Радзімы. Вядома, ён з іншай эпохі — савецкай, але ва ўсе часы для салдат і афіцэраў былі першараднымі паняцці Радзіма, Доўг, Гонар, Загад.

Як і ўсе мае равеснікі, я не ведаю і не хачу ведаць вайны. Не жадалі вайны і салдаты 1406 ЗАП, але, калі вораг прыйшоў на нашу зямлю яны зрабілі ўсё, што было ў іх сілах, каб разграміць яго.

Я буду свята захоўваць у памяці ўсё тое, пра што давялося мне даведацца падчас даследчай працы: пра абаронцаў маёй Радзімы, салдатах-зенітчыках і іх подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Да друку падрыхтавала Алена АНАНІЧ.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика