Лес садзіць — справу добрую рабіць
У гэтым перакананы вучні Паляц-кішскай сярэдняй школы. Члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу-2020”, прымеркаванай да Года малой радзімы і прысвечанай 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Валанцёрскі атрад у складзе дзевяці чалавек працаваў зладжана і добрасумленна. Юнакі Нікадзім Ненартовіч і Эдгар Лявон разам з лесніком Генадзіем Іосіфавічам Ненартовічам рабілі лункі ў загадзя падрыхтаваных разорах, за імі ішлі дзяўчынкі і высаджвалі сеянцы ў грунт. Асаблівую стараннасць праявілі Дарына Малышка, Эвяліна Тышкевіч, Ангеліна Янкелайць, Таццяна Ясялёніс. Навічкамі ў гэтай справе былі Кацярына Вялічка, Дзіяна Грыгаровіч і Дар’я Янкелайць.
Агульная справа прыйшлася даспадобы ўсім. Вучні школы ўнеслі асабісты ўклад у пашырэнне лясоў: сеянцы елкі і сасны высаджаны на плошчы 2,4 га.
Валанцёры атрымалі падзяку ад лесавода. А напрыканцы разам наведалі дзялянку, дзе пазалетась высадзілі маладыя саджанцы бярозак, сосен, елак. Дрэўцы растуць і радуюць вока.
Іван ГАБІС,
педагог сацыяльны Паляцкішскай сярэдняй школы.
Фота з архіва аўтара.