На просьбу растлумачыць затрыманне Сяргея Сацука ў ДФР адказалі: "Хабар"
Галоўны рэдактар выдання "Ежедневник" Сяргей Сацук
Аляксандр Сацук, брат затрыманага 25 сакавіка галоўрэда дзелавога выдання "Ежедневник" Сяргея Сацука, пабываў у Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі і забраў рэчы і дакументы Сяргея. Па словах Аляксандра Сацука, супрацоўнікі ДФР не хацелі тлумачыць прычыны затрымання журналіста.
— Жонка патэлефанавала. Ёй кажуць: "Брат прыедзе — яму ўсё раскажуць". Я прыязджаю — мне нічога не расказваюць. Кажуць: "Ён выйдзе і ўсё раскажа", — распавядае пра сваё кароткае знаходжанне ў КДК Аляксандр Сацук.
Пасля таго, як супрацоўнік ДФР перадаў Аляксандру Сацуку ключ ад машыны Сяргея і дакументы на яе, Аляксандр перапытаў пра прычыны затрымання.
— Сказаў ён толькі слова "хабар". І ўсё, — працягвае Аляксандр. — Я магу выказаць здагадку, што гэта звязана з беларускім тэлебачаннем, там было агучана, што Сяргей нібыта ўзяў пяць тысяч.
Увечары 22 жніўня 2019 года ў праграме "Панарама" на канале "Беларусь 1" быў апублікаваны сюжэт "Замоўленыя артыкулы "незалежных" беларускіх СМІ". На запісе, зробленым схаванай камерай у офісным памяшканні, відаць, як Сацук забірае са стала канверт. Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што ў канверце былі грошы, за якія журналіст паабяцаў напісаць артыкул пра медыцынскі бізнес.