Жыццё – як падарунак лёсу…

Источник материала:  
25.03.2020 — Разное

Жыццё –  як падарунак лёсу…

На мінулым тыдні 90 ­гадовы юбілей адзначыла жыхарка в.Боркі Марыя Васільеўна Шпакоўская. Жанчына – адна з нямногіх, каму пашчасціла вырвацца з лап фашысцкіх карнікаў, якія ўчынілі расправу над мірнымі вяскоўцамі 15 чэрвеня 1942 года, калі было расстраляна, спалена жывымі больш за 2 тысячы чалавек.

З віншаваннямі і падарункамі да Марыі Васільеўны завіталі старшыня райвыканкама Міхаіл Гулы і старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава.

Госці адрасавалі юбіляршы шчырыя віншаванні, пажадалі здароўя, цеплыні і клопату ад родных людзей. Гаспадыня, у сваю чаргу, падзякавала за ўвагу і прыемныя словы ў яе адрас.

А потым завязалася зацікаўленая размова. Марыі Васільеўне было аб чым расказаць.

Дзевяць дзесяцігоддзяў жыцця – гэта абапаленае вайной дзяцінства, аднаўленне знішчынай немцамі вёскі Боркі, гады нялёгкай сялянскай працы, а таксама радасць нараджэння дзяцей і з’яўленне ўнукаў. Па словах юбіляршы, менавіта бясконцая любоў да сваёй малой радзімы, да мясцін, дзе нарадзілася і вырасла, давалі ёй сілы самааддана працаваць і быць удзячнай лёсу, што яна засталася жывой. І праз ўсё жыццё пранесці памяць аб загінуўшых аднавяскоўцах …  

Са слязамі на вачах жанчына ўспомніла той жудасны дзень 15 чэрвеня 1942 года, калі на світанку немцы акружылі Боркі і прылягаючыя пасёлкі, выганялі з хат і расстрэльвалі бязвінных жанчын, дзяцей, старых і нямоглых. Пасля заканчэння сваёй крывавай расправы фашысцкія карнікі падпалілі Боркі і 6 паблізу размешчаных населеных пунктаў Грыбавецкага сельсавета. Тыя, каму пашчасціла выратавацца, лічылі 15 чэрвеня сваім другім днём нараджэння…

Закранулі госці і юбілярша тэму праводзімай рэканструкцыі мамерыяла “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў в.Боркі”. Марыя Васільеўна выказала спадзяванне, што гэтая добрая справа, уклад у якую ўносіць уся Магілёўшчына, будзе дастойна ацэнена будучымі пакаленнямі і стане памятным месцам для ўсіх беларусаў, якія свята шануюць і захоўваюць гісторыю свайго народа, ганарацца подзвігам абаронцаў Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.

←Проверяем слухи: с 1 апреля автомобили Geely подорожают на 15 процентов?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика