У Лоеве людзі паспелі выбегчы з будынка, у якім абрынуліся перакрыцці

Той самы будынак у Лоеве / mchs.gov.by
У Лоеве людзі паспелі выбегчы з будынка, у якім абрынуліся перакрыцці. Плошча абвалу склала каля 50 квадратных метраў. На вонкавых сценах з'явіліся расколіны, паведамляе прэс-служба ратавальнікаў.
Здарэнне адбылося позна ўвечары 24 сакавіка ў двухпавярховым будынку па вуліцы Леніна, які належыць таварыству з абмежаванай адказнасцю. Другі паверх рамантаваўся, а памяшканні на першым паверсе здаваліся ў арэнду прадпрымальнікам.
Падчас здарэння ў будынку былі трое работнікаў уласніка. Яны пачулі трэск на другім паверсе і калі туды падняліся — якраз адбывалася дэфармацыя бэлькі перакрыцця. Людзі паспелі выбегчы на вуліцу, ніхто не пацярпеў.
Будынак агарадзілі, нікога ў яго не прапускаюць. У сераду камісія будзе разглядаць пытанні дэмантажу будаўнічых канструкцый, якія абрынуліся. Што стала прычынай здарэння, пакуль невядома.